Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Намесьніка старшыні гарадзенскай арганізацыі БНФ асудзілі на трое сутак


Міхал Карневіч, Горадня Максіма Губарэвіча судзьдзя Ленінскага раёну Горадні Натальля Козел прызнала вінаватым у тым, што ён нібыта нецэнзурна лаяўся ў грамадзкім месцы, размаўляючы па тэлефоне.

Максіма Губарэвіча затрымалі, згодна з пратаколам, у 12.40 у парку імя Жылібэра. Як паказалі ў судзе міліцэйскія патрульныя Мікалай Шыманіца і Іван Кулак, Губарэвіч стаяў у парку Жылібэра, нецэнзурна выражаўся, размаўляючы па тэлефоне, і не рэагаваў на заўвагі міліцыянтаў.

Максім Губарэвіч зьняпраўдзіў гэтыя сьведчаньні і даводзіў суду, што яго перасьледуюць з палітычных матываў. У судзе Губарэвіч прадставіў позву з КДБ, сказаў, што зь ім паўтары гадзіны гутарыў прадстаўнік спэцслужбаў. А пасьля гэтага, калі ён выйшаў на двор, да яго праз 15 хвілінаў падышлі міліцыянты і пачалі казаць, што ён нецэнзурна лаецца.

Губарэвіч запярэчыў сьведкам тым, што ў яго не працуе тэлефон і прапанаваў паглядзець на раздрукоўку званкоў у гэты час, але суд не ўзяў гэтых довадаў пад увагу.

Губарэвіч таксама сказаў судзьдзі, што ён па адукацыі настаўнік гісторыі і што ва ўнівэрсытэце яго не вучылі нецэнзурна лаяцца.

Сам Губарэвіч зьвязвае сваё затрыманьне з заўтрашнімі ўгодкамі Аршанскай бітвы:

“Гэта было прымітыўнае затрыманьне перад 8 верасьнем – сьвяткаваньнем Аршанскай бітвы. Трое сутак якраз зьяўляюцца доказам таго, што выпусьцяць пасьля сьвяткаваньняў”.

Адвакат Уладзімер Кісялевіч таксама лічыць, што Губарэвіча перасьледуюць з палітычных матываў. Падчас разгляду справы Кісялевіч нават некалькі разоў пытаўся ў сьведкаў, ці прымалі тыя прысягу і ці ня хлусяць у судзе.

“Я лічу, што гэтая пастанова суду незаконная, палітычна матываваная, вядзецца перасьлед яго за актыўную палітычную дзейнасьць і ўчынкі”, – сказаў Уладзімер Кісялевіч.

Пасьля паседжаньня суду Максім Губарэвіч сказаў мне, што заўтра ў Горадні, дарэчы, ніхто з апазыцыі сьвяточных мерапрыемстваў ня ладзіць.

• Міліцыянты шукаюць міны на Крапівенскім полі , 07.09.2007
XS
SM
MD
LG