Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Запалкавыя героі”: Шэйман&Мальцаў, Лябедзька&Калякін


Ігар Карней, Менск У “Начной аблозе” цытавалася паведамленьне берасьцейскага блогера Валеры Цапкова, які выклаў ва ўласным дзёньніку --> http://%20valery-brest-by.livejournal.com здымкі этыкетак пушак запалак, на якіх надрукаваны партрэты апазыцыйных палітыкаў: Анатоля Лябедзькі, Сяргея Калякіна, Анатоля Ляўковіча, а таксама дзяржаўных чыноўнікаў, сярод якіх кіраўнік Савету бясьпекі Віктар Шэйман і міністар абароны Леанід Мальцаў. Берасьцеец сьцьвярджае, што набыў запалкі ў адной з крамаў абласнога цэнтру. Аднак многія госьці сайту блогаў “Жывы журнал” сумняюцца ў сапраўднасьці здымкаў і кажуць пра звычайны фотамантаж.

Блогер Валеры Цапкоў адзначае: “Пасьля зьмены гаспадароў на мясцовай запалкавай фабрыцы “мэнэджары крануліся розумам”. “Жарсьць прыбытку” спачатку штурхнула іх друкаваць на этыкетках партрэты лідэраў апазыцыйных партыяў. А пасьля крытыкі “зьверху” пачалі прадукаваць партрэты “сілавікоў”. Шматразовыя спробы зьвязацца з Цапковым скончыліся нічым. Тады мы пайшлі іншым шляхам.

А. Лябедзька: “Суполкі АГП на “Пінскдрэве” няма”

Найбліжэйшая ад Берасьця запалкавая фабрыка месьціцца ў Пінску. Я паспрабаваў высьветліць, ці мае прадпрыемства, якое ўваходзіць у структуру “Пінскдрэў”, дачыненьне да рэклямаваньня афіцыйных і апазыцыйных палітыкаў. Пачуўшы маё пытаньне, прадстаўнік прадпрыемства разгубіўся: “І што, пры гэтым спасылаліся на запалкі “Пінскдрэў”?.. Ой, не, такога ў нас быць проста ня можа. У нас выключна сымболіка “Пінскдрэву”.

Карэспандэнт: “А калі паспрабаваць замовіць сваю сымболіку на прадукцыі?”

“Ведаеце, мы друкуем этыкеткі для сваіх запалак самі. Але гэта ці кветачкі, ці яшчэ нешта. Але каб такое?..”

На іншых запалкавых фабрыках, у Барысаве і Гомелі, таксама катэгарычна адмовіліся ад аўтарства этыкетак.

Старшыню Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзьку навіна пра тое, што ягоны партрэт нібыта зьмешчаны на запалкавых пушках засьпела ў Вільні. Вось рэакцыя палітыка:

“Нашай суполкі, наколькі я ведаю, на “Пінскдрэве” няма. Але калі там знайшліся людзі, якія даюць рэкляму для аб’яднаных дэмакратычных сілаў празь лідэраў ці сам брэнд АДС, то гэта цікава. Калі ёсьць рэкляма, пазытыўная ці нэгатыўная, значыць, ёсьць попыт на палітыкаў і структуру. Адно магу засьведчыць: мы да запалкавай рэклямы ня маем ніякіх адносінаў. А калі зьяўляюцца такія народныя ўмельцы і нешта рэклямуюць... Ну, дык дзякуй Богу!”

А. Фядута: “Беларускія палітыкі – “заляжалы тавар”

Былы кіраўнік упраўленьня грамадзка-палітычнай інфармацыі Адміністрацыі прэзыдэнта Аляксандар Фядута правёў ужо некалькі выбарчых кампаніяў ва Ўкраіне. Ён ня зьдзіўлены, што раз-пораз і ў Беларусі фіксуюцца выпадкі, калі палітыкі імкнуцца рэклямаваць сябе нетрадыцыйным спосабам, што звыкла для ўсіх цывілізаваных краінаў. Але што да “запалкавай гісторыі”, то ён ня верыць, што аўтарства належыць адной з запалкавых фабрык ці сябрам палітычных партыяў:

“Падчас выбарчых кампаніяў чаго толькі ня зробіш. А ў нас усё жыцьцё выбарчыя кампаніі, чаму не? Але тое, што гэтага не рабіла ніякая фабрыка, дык гэта зразумела, так? Таму што, прабачце, але нашы палітыкі, тым больш апазыцыйныя, – гэта вельмі заляжалы тавар. Разумееце? І колькі ім не “гандлюй”, ніколі ніводзін нармалёвы чалавек ня будзе набываць запалкі толькі таму, што на іх намаляваны нейкі палітык”.

Карэспандэнт: “З вашага гледзішча, гэта тычыцца і апазыцыйных, і афіцыйных палітыкаў?”

“Афіцыйных таксама. Бо ведаеце, калі ў палітыцы няма ратацыі, дык як іх яшчэ можны называць? Вядома, толькі “заляжалы тавар”.

Карэспандэнт: “Ва Ўкраіне палітыкі хутчэй мяняюцца?”

“Ну, там яны ўсё ж больш “жывыя” і, прынамсі, куды больш жвавыя...”

Ю. Азаронак: “У нас з гумарам усё ў парадку”

Дагэтуль партрэты дзяржаўных чыноўнікаў зьяўляліся ў калодзе картаў. Гэта было тры гады таму. У той калодзе на 54 карты замест звыклых дам, валетаў, каралёў – былыя і цяперашнія высокапастаўленыя чыноўнікі, дэпутаты, судзьдзі, журналісты дзяржаўных мэдыяў. “Званковы ніжнік” у той калодзе – намесьнік кіраўніка Белтэлерадыёкампаніі Юры Азаронак. Ён кажа, што “не пакрыўдаваў на ананімных аўтараў”:

“Ёсьць у мяне дзьве такія калоды. Я ў той час працаваў у пракуратуры, не гулялі, праўда, ня білі нікога джокерам, але зь цікаўнасьцю да гэтага паставіліся. Досыць гумарны праект, некаторыя рэчы былі сапраўды сьмешныя. Дапусьцім, мой добры знаёмы Сева Янчэўскі, былы бэпээсэмавец, сьмешны. У мяне наколкі на руках там цікавыя былі. Так што, нармальна зроблена, з гумарам. У нас з гумарам, паверце, таксама ўсё ў парадку”.

Тэарэтычна замовіць свой партрэт і генэрал Мальцаў, і апазыцыйны камуніст Калякін могуць у Віцебску. І нават не на запалках, а на гадзіньніках любога памеру. Колісь гучны рэзананс мела гісторыя з замаўленьнем на Віцебскім прыборабудаўнічым заводзе вялікай партыі гадзіньнікаў з выявай ужо нябожчыка Туркмэнбашы, экс-прэзыдэнта Туркмэністану Сапармурада Ніязава. Аднак, як расказалі на заводзе, уласны партрэт можа замовіць практычна кожны.

“Мы рабілі для Беларускай чыгункі, і там заказы былі ў некалькі разоў большыя, чым для Туркмэнбашы, – расказвае супрацоўніца Віцебскага прыборабудаўнічага заводу. – Робім нават індывідуальныя заказы. Напрыклад, прыйшоў да нас малады чалавек, які захацеў, каб на будзільніку мы зрабілі выяву яго сям’і. Прыйшоў сталы чалавек, які замовіў дзьве пары гадзіньнікаў: адну – жонцы, другую – сабе. На кожным гадзіньніку партрэты гэтай сямейнай пары. Прыкладам, тэлефанавала жанчына, для ўнучкі замовіла насьценны гадзіньнік з фатаграфіяй. Робім і для ўпраўленьняў унутраных спраў заказы, якраз цяпер вялікі заказ насьценных гадзіньнікаў, для вашай менскай “Лады” робім партыю гадзіньнікаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG