Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыянты шукаюць міны на Крапівенскім полі


Радыё Свабода, Віцебская вобласьць Мясцовых актывістаў, якія зьбіраліся майстраваць сцэну для заўтрашняга фэсту “Аршанская бітва-2007”, па дарозе спынілі міліцыянты. Яны заявілі, што на полі каля вёскі Гацькаўшчына, дзе 16 гадоў запар ладзілася імпрэза, сёньня знайшлі міны і снарады.

Міліцэйскія машыны блякавалі праезды і праходы да берагу рэчкі Крапіўны, дзе зазвычай адбываюцца канцэрты. Аднак спэцтэхнікі для разьмінаваньня або вайсковых спэцыялістаў мясцовыя актывісты ня ўбачылі.

“Мы прыехалі, каб паставіць сцэну, каб падрыхтаваць пляцоўку да фэстывалю, – расказаў нашаму радыё кіраўнік аршанскай Рады моладзевых арганізацыяў Ігар Казьмярчак. – На павароце на Гацькаўшчыну нас спыніла міліцэйская машына ДПС. І нам сказалі: “Сюды нельга, паварочвайце назад у Воршу. Тут знайшлі снарад, будуць разьміноўваць. Калі разьмінуюць, тады прыходзьце. Ну, мы тут рознымі вакольнымі шляхамі прабіраемся... Але я ня ведаю, каб тут, у Гацькаўшчыне, былі нейкія баі, каб пасьля іх маглі застацца снарады... Праўдападобна, усё гэта робіцца, каб не дапусьціць правядзеньня заўтрашняга фэсту. І гэта дзіўна: столькі гадоў запар праводзілі, і ўсё бывала добра”.

Актывісты зьбіраюцца высьветліць, ці насамрэч на Крапівенскім полі будуць праводзіцца земляныя работы і ці сапраўды міліцыянты ахоўваюць поле зь меркаваньняў бясьпекі, а не на загад, каб сарваць заўтрашнюю імпрэзу.

Рыхтаваны на заўтра фэст на Крапівенскім полі прымеркаваны да 493 гадавіны з дня Аршанскай бітвы, у ходзе якой войскі Вялікага Княства Літоўскага на чале з гетманам Канстанцінам Астроскім перамаглі амаль утрая большае маскоўскае войска, спыніўшы на пэўны час расейскі наступ на Беларусь.
• На месцы Аршанскай бітвы будзе ўсталяваная памятная шыльда, 16.08.2007 • Бардаўскі фэст “Аршанская бітва-2006” (фотарэпартаж), 10.09.2006 • Бітва пад Воршай і сьвяткаваньне Дня вайсковай славы, 08.09.2005
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG