Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьце: удзельнікі сустрэчы з П.Севярынцам не пайшлі ў суд


Вячаслаў Кулік, Менск Сёньня пяцёра берасьцейскіх сябраў апазыцыі не зьявіліся на паседжаньне суду Маскоўскага раёну. Іх выклікалі для разгляду адміністрацыйных справаў за ўдзел у несанкцыянаваным сходзе 19 жніўня. Сходам суд палічыў прэзэнтацыю кнігі Паўла Севярынца “Лісты зь лесу”. Раней суд арыштаваў, аштрафаваў і даў папярэджаньні дзевяці абвінавачаным. Чаму сарвалася паседжаньне сёньня?

Да сёньняшняга дня судзьдзя Вольга Сьмірнова ігнаравала просьбу Радыё Свабода даць камэнтар. Сёньня інфармацыю пра своеасаблівы байкот суду яна пацьвердзіла:

“Людзі сёньня павінны быць выкліканыя. Пяць пратаколаў ляжыць. Завочна мы ня судзім. Вось на прымусовы прывод у суд дакумэнты афармляю”.

Журналістка Наста Мялешка ў суд сёньня не пайшла. Яна тлумачыць:

“Мяне цяпер няма ў горадзе. Зьяжджаю. Няма часу, каб прыйсьці. Гэта першае. Па-другое, мне не перадалі позвы. Калі яе прыносілі, то мяне ўжо не было дома”.

Далей меркаваньне Насты пра суды над удзельнікамі сустрэчы з Паўлам Севярынцам:

“Усе прыйшлі яго паслухаць. Я як журналістка хацела напісаць артыкул. Але нас жудасна затрымалі. А цяпер адбываюцца нейкія абсурдныя суды”.

Грамадзкі актывіст Сяржук Лазенка паведаміў, што пакуль не атрымаў позвы з суду — а гэтага патрабуе заканадаўства. Кажа, што выпадковы міліцыянт выпісаў яму паперку невядомага ўзору:

“Ён сказаў, што пакуль часова выконвае абавязкі ўчастковага. У яго была друкаваная форма, куды трэба было запісаць прозьвішча і час. Ён пры мне дапісаў дату. Чаму гэта прыходзіць міліцыянт і аддае мне нейкую расьпіску? Я чакаю, калі прыйдзе кур’ер, уручыць мне позву асабіста, я расьпішуся ў яе атрыманьні. Такога не было”.

Сытуацыю камэнтуе берасьцейскі праваабаронца Раман Кісьляк:

“Парушаецца патрабаваньне аб незалежнасьці правасудзьдзя. Суды мусяць загадзя паведамляць, каб людзі маглі падрыхтавацца. А яны ўвечары папярэджваюць, што раніцай судовае паседжаньне. На гэта некаторыя актывісты плянуюць скаргі падаць”.

• Берасьце: суд пакараў яшчэ двух удзельнікаў сустрэчы з П.Севярынцам, 5.09.2007 • Берасьце: падрабязнасьці затрыманьня ўдзельнікаў сустрэчы з П.Севярынцам, 20.08.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG