Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канстытуцыйны суд прыме рашэньне аб пэнсіях дзецям рэпрэсаваных


Ганна Соўсь, Менск Канстытуцыйны суд Беларусі сёньня разгледзеў справу пра павелічэньні пэнсіяў дзецям рэпрэсаваных у 1920-1980-я гады, якія не знаходзіліся разам з бацькамі ў месцах пазбаўленьня волі. Справа разглядалася з ініцыятывы Палаты прадстаўнікоў Беларусі. Яна ўзьняла гэтае пытаньне пасьля звароту Беларускага грамадзкага аб’яднаньня ахвяраў палітычных рэпрэсіяў 1920—1980-х гадоў.

На паседжаньне Канстытуцыйнага суду сёньня прыйшлі і дзеці рэпрэсаваных. Праўда, у самім працэсе яны ўдзелу ня бралі. Надбаўка да пэнсіі, якой яны патрабуюць, адносна невялікая — 50 працэнтаў ад мінімальнай пэнсіі паводле ўзросту (цяпер гэта 23 170 рублёў).

Падвышаную пэнсію могуць атрымаць каля 3 тысяч чалавек

“Гэтае пытаньне хутчэй не грашовае, а маральнае”, — лічыць старшыня Беларускага грамадзкага аб’яднаньня ахвяраў палітычных рэпрэсіяў 1920—1980-х гадоў Леанід Ваўчок. У 1938 годзе карнікі НКВД расстралялі ягоную маці.

Менск, 7.09.2007. Канстытуцыйны суд Беларусі разглядае справу пра павелічэньне пэнсіяў дзецям рэпрэсаваных. Леанід Ваўчок

“Я застаўся з бацькам. Цярпеў цяжкасьці, можа, і ня меншыя, чым тыя, якія былі там. Мяне ў піянэры не прымалі, у камсамол не прымалі, потым у партыю таксама не прымалі. І пасьля рэабілітацыі, пасьля хрушчоўскай адлігі ў мяне зьявілася прастора для вылучэньня на розныя пасады”, — кажа Ваўчок.

Канстытуцыйны суд мае вырашыць, ці маюць права на падвышэньне пэнсіяў дзеці рэабілітаваных рэпрэсаваных бацькоў, якія не былі разам зь імі ў зьняволеньні.

Цяпер надбаўку да пэнсіі атрымліваюць рэабілітаваныя рэпрэсаваныя, а таксама іх дзеці, якія былі разам зь імі ў зьняволеньні й высылцы. Гэта больш за 6 тысяч чалавек.

Паводле папярэдніх падлікаў, яшчэ каля трох тысяч чалавек могуць прэтэндаваць на аналягічнае падвышэньне пэнсіі. Гэта будзе каштаваць дзяржаве прыкладна 70 мільёнаў рублёў, альбо больш за 32 тысячы даляраў.

“У той час сытуацыя ў дзіцячых дамах і ўстановах была амаль такая ж, як у месцах пазбаўленьня волі”

Пазыцыю Палаты прадстаўнікоў, якая ініцыявала разгляд справы, прадстаўляў кіраўнік камісіі ў працы і сацыяльнай абароне Сяргей Камянецкі.

Менск, 7.09.2007. Канстытуцыйны суд Беларусі разглядае справу пра павелічэньне пэнсіяў дзецям рэпрэсаваных. Сяргей Камянецкі

“Ня буду камэнтаваць, дорага гэта для дзяржавы ці не, але праўда павінна перамагчы. Калі ёсьць прававы акт, ён павінен выконвацца. Таму што ніякай розьніцы няма паміж тымі, хто з рэпрэсаванымі бацькамі разам жылі ў месцах пазбаўленьня волі, і тымі, каго гвалтоўна аддзялілі ад рэпрэсаваных бацькоў, і накіравалі ў дзіцячыя дамы. У той час сытуацыя ў дзіцячых дамах і ўстановах была амаль такая ж, як у месцах пазбаўленьня волі”.

Сяргей Камянецкі спасылаецца на пастанову Вярхоўнага Савету ад 18 кастрычніка 1994 году, згодна зь якой пацярпелымі ад палітычных рэпрэсіяў прызнаваліся гэтаксама і дзеці, якія засталіся без дагляду бацькоў, якіх неабгрунтавана рэпрэсавалі з палітычных матываў.

Аднак на практыцы гэтая норма не выконвалася, і пэнсіі падвышаліся толькі тым дзецям, якія былі разам з бацькамі ў месцах пазбаўленьня волі.

Менск, 7.09.2007. Канстытуцыйны суд Беларусі разглядае справу пра павелічэньне пэнсіяў дзецям рэпрэсаваных

На судзе агучылі пазыцыю Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі, які лічыць, што ўсе дзеці рэабілітаваных рэпрэсаваных маюць аднолькавае права на падвышэньне пэнсіі.

Рашэньне Канстытуцыйнага суду ў гэтай справе абвесьцяць 12 верасьня.

“Трэба ставіць пытаньне і пра нерэабілітаваных”

Пісьменьнік Васіль Якавенка, сустаршыня грамадзкага камітэту дзеля ўшанаваньня памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў спадзяецца на станоўчае рашэньне суду.

Васіль Якавенка зьвяртае ўвагу на тое, што размова ідзе толькі пра рэабілітаваных рэпрэсаваных. Тым часам шмат людзей дагэтуль не рэабілітаваныя, і яны самі альбо іх дзеці ня могуць ні на што прэтэндаваць.

“Гэта другое пытаньне, якое таксама трэба ставіць. Напрыклад, мы цяпер рыхтуем матэрыялы для паўторнай падачы на рэабілітацыю Ларысы Геніюш. Мы ўжо двойчы падавалі, і двойчы нам адмаўлялі. Трэці раз падамо яшчэ”, — кажа Якавенка.

• “Мартыралёг Беларусі” • Дырэктыўныя дакумэнты КДБ савецкага часу зьявіліся ў Інтэрнэце, 7.09.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG