Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расстраляная архітэктура


Вячаслаў Ракіцкі, Менск Эфір 6 верасьня 2007 году

“…Рыпнулі абабітыя жалезам дзьверы. У бляклым прамяні, што трапляў у камэру з калідора, сьвяціўся белай плямаю твар з задраным у гару падбародзьдзем. Ён адвярнуўшыся быў да сьцяны, нібы хаваўся ад гэтага сьвятла. Ад сьвятла турэмнага калідору.

Пасярод камэры чорным антрацытавым бляскам зіхцела лужына крыві, у якой адбіваліся цені людзей у фуражках. Чорнае на чорным. Калідор імкліва напоўніўся гукамі лаянкі й мітусьлівым тупатам.

У іншым пакоі, гэтаксама падобным да камэры, чалавек схіліўся над сталом, выводзячы акуратна лічбы й літары: “25.05.1937. Гайдукевіч, Станіслаў Сільвестравіч, архітэктар...”


Вячаслаў Ракіцкі: “У траўні 1937 году ва ўнутранай турме НКВД скончыў жыцьцё самагубствам, ускрыўшы сабе вены, архітэктар Станіслаў Гайдукевіч, -- чалавек, які будаваў Менск. Гэтае імя сёньня ведаюць толькі адмыслоўцы. Чаму імя Гайдукевіча амаль сьцёртае зь гісторыі краіны, яе сталіцы? Новы ж час…”

Сяргей Харэўскі: “Лёс Гайдукевіча нагадвае нам яшчэ раз пра лёс беларускіх творцаў, пра лёс беларушчыны ў краіне бальшавікоў, краіне НКВД, краіне КДБ. Калі сёньня пачаць гаварыць пра Гайдукевіча, значыць прызнаць, што трэба гаварыць і пра тысячы іншых творцаў, забітых і закатаваных у гэтай краіне. Вось красамоўнае параўнаньне. Побач з Гайдукевічам вельмі плённа працаваў у Менску славуты дойлід Генрык Гай. Ягоны лёс склаўся па-іншаму, бо ён пасьпеў зьехаць зь Менску ў 1919 годзе”.

Ракіцкі: “Такім чынам, мы маем два лёсы двух архітэктараў, якія і падобныя і непадобныя адзін да другога. А якое месца займаў Гайдукевіч у беларускай архітэктуры?”

Харэўскі: “Прынамсі ў гісторыі стварэньня вобразу Менску ён адыграў выключную ролю. Кожны з нас добра ведае дом на плошчы Незалежнасьці побач з Чырвоным касьцёлам. Той дом, на якім вісяць тры мэмарыяльныя шыльды, а вось шыльды памяці архітэктара Гайдукевіча пакуль на гэтым будынку няма. Гайдукевіч у свой час збудаваў і славуты Польскі банк. Паводле сумеснага праекту з Генрыкам Гаем быў пабудаваны таксама славуты будынак Таварыства ўзаемнай дапамогі, дзе цяпер месьціцца міністэрства ўнутраных справаў. Пабудаваў Гайдукевіч і дом Кастравіцкай. А ў другой палове 20-х гадоў Станіславу Гайдукевічу даверылі вельмі важны праект будаўніцтва Цэнтральнага дома селяніна. Строгі будынак на рагу вуліцаў Маркса і Чырвонаармейскай быў здадзены ў 1928 годзе. Гэта --сапраўды шэдэўр тагачаснай беларускай архітэктуры. Такім чынам, даваенны Менск быў сфармаваны амаль цалкам з удзелам Станіслава Гайдукевіча”.

Ракіцкі: “А як склаўся лёс Генрыка Гая?”

Харэўскі: “Творы Генрыка Гая таксама ведаюць менчукі. Гэта -- ужо згаданы будынак цяперашняга міністэрства ўнутраных справаў. Гэта – славуты будынак, які неўзабаве, напэўна, разваліцца ад мэмарыяльных дошак, на рагу вуліцаў Маркса і Леніна, дзе цяпер месьціцца музэй Петруся Броўкі. Колісь там было бюро “Гай, Сьвенціцкі & Co”. Гай таксама будаваў у ваколіцах Менску касьцёлы, палацы. Пасьля гэтак званай польскай акупацыі ў 1919 годзе ён ня стаў чакаць прыходу бальшавіцкага войска і зьехаў у Заходнюю Беларусь, у Пінск, дзе стаў ваяводзкім архітэктарам. І да сёньня ў Пінску, Берасьці, Баранавічах стаяць дзесяткі будынкаў, якія пабудаваў у міжваенны час Генрык Гай. І, дзякуй Богу, лёс распарадзіўся так, што Генрык Гай – славуты архітэктар, якога добра ведалі і ў Кіеве, дзе ён спраектаваў славуты Бесарабскі рынак, і ў Варшаве, і ў Пецярбурзе – памёр у сваім пакоі, на сваім ложку”.

Ракіцкі: “Два дойліды, два паплечнікі, і такі розны лёс! Наколькі іхныя лёсы характэрныя для генэрацыі беларускіх архітэктараў першай паловы 20-га стагодзьдзя?”

Харэўскі: “Яны абсалютна тыповыя. Тыя, хто застаўся ў Савецкім Саюзе, былі фізычна зьнішчаныя. Былі сярод іх і такія славутыя, нават яшчэ за царом, як Станіслаў Шабунеўскі -- галоўны архітэктар Гомелю, які пабудаваў ледзь не палову гораду над Сожам. Ён паставіў там паводле сваіх праектаў такія шэдэўры, як Віленскі і Арлоўскі банкі, гімназіі, шпіталі, першы ў Беларусі Дом Камуны. Калі яго расстрэльвалі ў 1937 годзе, гэта ўжо быў вядомы мэтар, пераможца ўсерасейскіх і саюзных конкурсных праектаў, стары чалавек, якому ўжо было пад семдзесят гадоў. Але ні талент, ні шаноўны ўзрост не ўратавалі яго. Былі расстраляныя таксама архітэктары Мікалай Коршыкаў, Клімэнт Ляшкевіч, Бэла Шэфлер, Харшакевіч і шмат іншых. Такім чынам, мы маем амаль стоадсоткавую статыстыку зьнішчэньня ўсіх беларускіх архітэктараў, якія атрымалі не савецкую адукацыю ў міжваеннай Беларусі”.

Ракіцкі: “Але ж гэтыя людзі ў сваіх праектах будынкаў увасаблялі камуністычную ідэалёгію. Чаму ахвярамі ідэалёгіі станавіліся тыя, хто яе рэалізоўваў у практычных праектах?”

Харэўскі: “Я тут крыху зьмяніў бы акцэнт. Справа ў тым, што росквіт іхняй творчасьці ў савецкі пэрыяд прыпадае на пэрыяд гэтак званай беларусізацыі. І вось плеяда творцаў, якія атрымалі клясычную адукацыю да рэвалюцыі, успрыняла гэту задачу цалкам сур’ёзна. Той жа Гайдукевіч рабіў Дом селяніна абсалютна шчыра. Ён меркаваў, што стварае беларускі нацыянальны стыль. А вось тыя, хто бачыў рэальны твар бальшавізму ў 1917 – 1918 гадох, быў сьведкам таму, прыкладам, у Пецярбурзе, уцяклі на захад. Прыклад -- выбітны дойлід Мар’ян Лялевіч, народжаны ў Ваўкавыску, спачатку прыехаў у Менск, разабраўся ў сытуацыі і зьехаў у Заходнюю Беларусь. Таксама Клаўдзі Дуж-Душэўскі ў 1917 годзе пабачыў у Пецярбурзе, што ёсьць насамрэч бальшавізм, і зьехаў з СССР. І Леў Вітан-Дубяйкоўскі ня меў ніякіх ілюзіяў, а таму зьехаў. Я падазраю, што тыя, хто засталіся, былі проста наіўнымі людзьмі, далёкімі ад палітыкі, якія не ўяўлялі сабе, што такое бальшавізм. Сапраўды, хіба мог сабе гэта ўявіць 60-гадовы Станіслаў Шабунеўскі, які з 1897 году быў галоўным архітэктарам Гомелю, што яго западозраць у нейкай антыдзяржаўнай, шпіёнскай, шкодніцкай дзейнасьці?! Мяркую, што будуючы тыя савецкія дамы, яны проста не ўяўлялі сабе, што яны робяць. Затое, тыя, хто прыехалі з Расеі ім на зьмену з 1935 да 1939 году, -- таварышы Лангбард, Воінаў, Вараксін, Анікін і іншыя – зьнішчаючы тое, што было зроблена іхнымі папярэднікамі, яны якраз і ўвасаблялі гэту сталінскую ідэалёгію. Бо пасьля вайны амаль нічога з даробку нашых нацыянальных беларускіх архітэктараў, незалежна ад іхніх палітычных поглядаў, не засталося. І ўсе гэтыя гады нават імкнуліся вытруціць памяць пра гэтых людзей, нягледзячы на тое, што нават іхнымі будынкамі карыстаюцца аж да сёньня. Прыкладам, міністэрства ўнутраных справаў”.

Ракіцкі: “Вы ўжо зьвязвалі праблемы архітэктуры з працэсамі беларусізацыі. У чым выяўляўся беларускі стыль у творчасьці архітэктараў, пра якіх мы гаворым?”

Харэўскі: “Гэта было памкненьне апэляваць да нейкай нашай тутэйшай спадчыны, да стылю барока. І нават тэхналягічныя разьвязаньні, мансардныя вялікія дахі, якія ідэальна пасуюць нашаму клімату – каб сьцякала дажджавая вада і спадаў сьнег, былі першымі крокамі ў гэтым накірунку. А вось у будынках Гая ў Пінску мы бачым фэерыю гэтай тутэйшасьці”.

Ракіцкі: “Ці магло быць магчымым, што і Гай, і Гайдукевіч, і плеяда іншых архітэктараў з падобнымі поглядамі, маглі працаваць у Менску разам у тыя ж сталінскія часы?”

Харэўскі: “Адказ просты – не. Таму што ўсе беларускія дойліды, хто атрымаў адукацыю да 1917 году, былі брутальна зьнішчаныя ў 1937 годзе”.

Ракіцкі: “А калі б усе засталіся ў Менску і не былі б расстраляныя, якім мог бы быць Менск? Ці прыйшлі б да нейкай агульнай кропкі архітэктурныя памкненьні ўсіх гэтых людзей?”

Харэўскі: “Безумоўна, іхныя памкненьні самкнуліся б. І я дакладна скажу, што мы сёньня б не спрачаліся, падабаецца нам Менск, ці не. Мяркую, што мы ўсе ганарыліся б сваім горадам”.

Ракіцкі: “Якім бы ён мог быць?”

Харэўскі: “Я думаю, што прынамсі ён быў бы больш чалавечным. Ён бы адпавядаў традыцыям гэтага краю. Ён бы перанёс традыцыі нашых вялікіх стыляў (барока, рэнэсансу) і пераўвасобіў іх на новы лад. Ён бы больш адпавядаў нашаму клімату, нашаму рэльефу. Ня рэзаліся б узгоркі, не хавалася б Няміга пад зямлю. І людзі б з большай любоўю ставіліся да гораду. Усе гэтыя архітэктары, пра якіх мы сёньня гаварылі, мелі калясальную адукацыю на той час і немалую практыку ня толькі ў межах Расеі, але і ў Польшчы, і ў Нямеччыне, і ў Францыі. Безумоўна, Менск мог адпавядаць усім патрабаваньням найноўшай эўрапейскай сталіцы”.

“У Менск, напярэдадні абвячшэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі, зьехалася шмат народу. Сярод іх было й нямала беларускіх архітэктараў. Адны, якія на свае вочы пабачылі сапраўдны твар бальшавізму, вярнуліся ў Беларусь зь Пецярбургу, як Мар’ян Лялевіч ці Клаўдзі Дуж-Душэўскі, іншыя, якія й ня мелі ілюзіяў наконт Расеі, прыехалі з Варшавы, як Леў Вітан-Дубяйкоўскі, дазнацца, куды верне кола гісторыі. Прыехаў з Гомелю і Станіслаў Шабунеўскі.

Тут, у сталіцы новай Беларусі, іх сустракалі сябры, аднадумцы -- дойліды Гай і Гайдукевіч. Якой будзе тая Беларуская Рэспубліка, яшчэ цяжка ўяўлялася. Але й ня можна было ўявіць сабе новую краіну бяз новай архітэктуры.

16 сакавіка 1918 году Дубяйкоўскі ўжо падпісвае ўласны праект пабудовы беларускай школы для Будславу.

Ужо ў гэтыя сакавіцкія дні дойліды думалі пра пабудову новай, сваёй дзяржавы, сваёй сталіцы, сваіх, не чужых гарадоў”.
XS
SM
MD
LG