Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы выпуск “Літаратурнай Беларусі”


Севярын Квяткоўскі, Менск Культурна-асьветніцкі праект грамадзкага аб’яднаньня “Саюз беларускіх пісьменьнікаў” выходзіць штомесяц у межах газэты “Новы час”. Гэта газэта ў газэце, у якой публікуюцца актуальныя і ранейшыя тэксты беларускіх літаратараў. У сьвежым выпуску матэрыялы прысьвечаныя Барысу Мікулічу, Ларысе Геніюш, Янку Брылю, Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу, Васілю Быкаву, Пімену Панчанку ды іншым.

Што да сучасных аўтараў, кіраўнік праекту “Літаратурная Беларусь” Алесь Пашкевіч у сьвежым нумары раіць найперш зьвярнуць увагу на эсэістыку і публіцыстыку:

“Літаратурная Беларусь” — гэта люстэрка сучаснага стану нашай літаратуры. Таму мы шырэй імкнемся асьвятляць грамадзкія праявы дачыненьняў літаратуры і ўлады. Артыкул Міхася Скоблы бачыцца сэрцавінным. Ён падагульняе гісторыю ўзаемных стасункаў нацыянальнай літаратуры і сучаснай улады”.

На цэнтральных палосах “Літаратурнай Беларусі” — нататкі Ніла Гілевіча пра “часы літаратурнага і грамадзянскага сталеньня”. У нумары падаюцца пераклады ўкраінскіх паэтаў.

Далей Алесь Пашкевіч апавядае:

“Пераклады ад Тараса Шаўчэнкі да Міхайлы Шаўчэнкі. Да ўсяго перадаем прывітаньне нашаму сябру з Баўгарыі Найдзену Вылчаву, якому споўнілася 80 гадоў. Найдзен Вылчаў — аксакал баўгарскай літаратуры і знаны перакладчык баўгарскай паэзіі на беларускую мову, ганаровы сябар Саюзу беларускіх пісьменьнікаў”.

Алесь Пашкевіч хоча бачыць выданьне ня толькі органам Саюзу беларускіх пісьменьнікаў:

“У ідэале — каб “Літаратурная Беларусь” асьвятляла шырока агульнанацыянальны літаратурна-грамадзкі працэс Беларусі й замежжа. Паколькі выпускі “Літаратурнай Беларусі” выходзяць раз на месяц, хацелася б, каб выданьне прэзэнтавала ўсё найлепшае, створанае ў Беларусі нашымі літаратарамі.

Таму хацелася б, каб чытачамі “Літаратурнай Беларусі” станавіліся ня толькі літаратары, ня толькі прафэсійныя філёлягі, але і людзі, якім неабыякавая культура нашай краіны, нашай нацыі”.

• “Літаратурная Беларусь” патаўсьцела, 30.07.2007

• Саюз беларускіх пісьменьнікаў выдаў “Літаратурную Беларусь” , 13.07.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG