Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Мазынскі прызнаецца, што глядзіць сэлектарныя нарады, як мазахіст


Сяргей Астраўцоў, Горадня У Горадні адбылася першая сустрэча ў незалежным грамадзкім дыскусійным клюбе “Гарадзенскі калегіюм”. Запрошаны быў рэжысэр і стваральнік тэатру “Вольная сцэна” Валер Мазынскі. Арганізатары мелі на мэце правесьці дыскусію на тэму “Беларускі тэатар — тэатар абсурду?” Госьць выказаў уласныя погляды на сучасны беларускі тэатар і прадставіў свой фільм “Расьціслаў Лапіцкі. Пошуг маланкі” — пра кіраўніка мядзельска-смаргонскага антыкамуністычнага падпольля ў 1948-50 гадах, які быў расстраляны.

Карэспандэнт: “Спадар Мазынскі, я чакаў, што будзе заяўленая дыскусія. Але атрымалася, што выступалі Вы, было вельмі цікава, аднак я разумею, што публіка была не да канца падрыхтаваная, і ўвогуле тэма трошку вузкая — тэатар. Хаця мелася на ўвазе і жыцьцё наша сёньняшняе. Як Вы думаеце: яно — таксама каштоўны матэрыял для пісьменьніка, для мастака, для драматурга, для тэатру?”

Мазынскі: “Я думаю, жыцьцё - сёньня, заўтра, учора - яно самакаштоўнае, яно каштоўнае заўсёды. Толькі ці гатовы мастак да гэтага дня, ці перапоўнены ён пачуцьцямі да таго, што адбываецца? А гаварыць пра тое - пісаць у стол ці не пісаць? Можаш не пісаць? Не пішы!”

Карэспандэнт: “Як вы думаеце: патрэбы шырокіх масаў людзей у тэатры — ці могуць задавольвацца гэтымі тэатралізаванымі сэлектарнымі нарадамі?”

Мазынскі: “Ведаеце, вось гэтыя спэктаклі цікавейшыя, чым у тэатры, я думаю, што цікавейшыя для абываталя. Бо там ёсьць энэргетыка, там ёсьць праўда, там ёсьць канфлікт. Ну а ісьці ў тэатар, дзе такога няма, прычым сказанага праз творчую прызму мастака, а ня ў лоб, бо я не люблю публіцыстыку, я не люблю гэтыя нарады на сцэне тэатру. Але пра гэта ёсьць п’еса “Калігула” Камю, разумееце?”

Карэспандэнт: “Але беларускіх п’есаў пакуль што няма такіх”.

Мазынскі: “Будуць, я ўпэўнены”.

Карэспандэнт: “А самі Вы гэтыя нарады вакол жніва па тэлевізары гледзіце ці не?”

Мазынскі: “Я не хачу іх глядзець, але гляджу — так, позіркам скоса, з-пад кухні. Але не пераключаю на іншую праграму, а як мазахіст: ну яшчэ, ты паўторысься, зробіш тое, пра што я ведаю, што ты іншага ня зробіш, бо ты толькі так зробіш! Я ўвесь час чакаю, што ён зьменіцца, яны паразумнеюць, і мне стане лягчэй, і я трошкі акажуся дурнейшым за іх. Я хачу быць дурнейшым за іх, як бы менш разумець, бо яны на такіх пасадах, я хачу, каб яны былі разумнейшымі за мяне”.

Карэспандэнт: “Адным з арганізатараў сустрэчы з Валерам Мазынскім быў Павал Мажэйка. Як арганізатары лічаць: да канца яны выканалі сваю задачу ці не?”

Мажэйка: “Асноўнай мэтай, якая ставілася, гэта, безумоўна, дыскусія, але ў той жа час мы лічым, што Горадня ўсё ж такі правінцыя, і прыезд пэрсонаў знакавых, вядомых у Беларусі і ў сьвеце — ёсьць тым элемэнтам, які павінен абудзіць гарадзенскую інтэлігенцыю, грамадзтва”.
XS
SM
MD
LG