Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паводле прагнозу, “паўзучая” прыватызацыя працягнецца


Віталь Цыганкоў, Менск Намесьнік міністра эканомікі Беларусі Алег Мельнікаў паведаміў, што дзяржаўны пакет акцыяў Менскага гадзіньнікавага заводу “Прамень” можа быць прададзены замежнаму інвэстару. Якія рэзэрвы для беларускай эканомікі хаваюцца ў магчымасьцях прыватызацыі? Ці ёсьць у Беларусі прадпрыемствы, якія нельга прыватызаваць зусім? Віталь Цыганкоў гутарыць з эканамічным аглядальнікам Тацянай Манёнак

Цыганкоў: “Ці шмат рэзэрваў для беларускай эканомікі нясе працэс прыватызацыі? Выглядае, што шмат, бо Беларусь зьяўляецца вельмі “непрыватызаванай” краінай”.

Манёнак: “Прыватызацыя можа дапамагчы прыцягнуць сюды эфэктыўных уласьнікаў, мэнэджэраў, даць магчымасьць прадпрыемствам стаць канкурэнтаздольнымі, выйсьці на рынкі ня толькі Расеі. Для гэтага патрэбныя менавіта інвэстыцыі, а яны могуць прыйсьці толькі калі ў краіне сапраўды будзе ісьці празрыстая эфэктыўная прыватызацыя. Але пакуль што мы гэтага ня бачым. Канцэпцыі, сыстэмнай палітыкі ў Беларусі няма, як няма разуменьня таго, што прыватызацыя – гэта эфэктыўны інструмэнт прыцягненьня інвэстыцыяў і магчымасьць дапамагчы бюджэту і насельніцтву.

Усе суседзі Беларусі гэтую сытуацыю даўно прайшлі. Мы ж захавалі савецкую сыстэму, прадпрыемствы толькі дзякуючы танным энэрганосьбітам з Расеі. Вось калі прыціснула – штосьці і пачынаем прадаваць. Але пакуль што гэта вымушаны працэс”.

Цыганкоў: “Ёсьць такое паняцьце –“стратэгічныя галіны” эканомікі. Нават на Захадзе, напрыклад, прэзыдэнт Францыі часам умешваецца ў працэс прыватызацыі ў гэтых галінах. З гэтага пункту гледжаньня – якія вытворчасьці, які канкрэтныя прадпрыемствы ў Беларусі нельга прыватызаваць? Ці ёсьць такія?”

Манёнак: “Трэба разабрацца, што такое беларуская эканоміка, якія прыярытэты дзяржаўныя ў яе могуць быць. Ці можа патэнцыйна Беларусь захаваць тыя магутныя прадпрыемствы, што ў нас ёсьць. Пакуль сапраўды, МАЗ, БелАЗ, нафтаперапрацоўку мы захавалі, але ці магчыма гэта надалей? Мы транзытная краіна. Калі, напрыклад, казаць пра нафтаперапрацоўку, то вельмі цяжка будзе яе захаваць у дзяржаўнай уласнасьці, бо Беларусь на 90 працэнтаў у пастаўках нафты залежыць ад Расеі”

Цыганкоў: “Як у найбліжэйшыя год-два будзе разьвівацца сытуацыя з прыватызацыяй?”

Манёнак: “Вельмі марудна. Пакуль ёсьць рэзэрвы і магчымасьці для прыцягненьня зьнешніх крэдытаў. Сытуацыя будзе крышку прышпорваць, але я ня думаю, што сытуацыя кардынальна зьменіцца цягам 2 гадоў.

Вось прадаецца той жа гадзіньнікавы завод. Прадаецца – бо банкрут, бо дзяржава ніякім чынам ня можа даць рады. Але прэзыдэнт паставіў пытаньне: каб захаваць профіль прадпрыемства. Мне цяжка ўявіць, што знойдзецца інвэстар, які сёньня на гэтых умовах купіць завод.

Так што пакрысе-пакрысе, і калі ня вельмі ўздымецца кошт расейскага газу, то гэткая “паўзучая” прыватызацыя працягнецца”.

• Ці заўважныя зьмены ў палітыцы прыватызацыі?, 23.08.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG