Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рост цэнаў востра адчуе кожная пятая беларуская сям’я


Ганна Соўсь, Менск У Беларусі – чарговае падвышэньне цэнаў, гэтым разам на паслугі электрасувязі. Сёлета найбольшы рост цэнаў быў на рынку нерухомасьці, і менавіта гэты паказьнік, паводле экспэртаў, можа выклікаць сацыяльную напружанасьць у грамадзтве. Увогуле ж спэцыялісты прагназуюць, што рост цэнаў найбольш адаб’ецца на сем’ях, у якіх больш за 60 працэнтаў спажывецкага бюджэту складаюць выдаткі на харчаваньне.

3 верасьня ў сярэднім на 7 працэнтаў падаражэлі тэлефонныя размовы, павялічылася абанэнцкая плата за карыстаньне тэлефонам і радыёкропкай. За тыдзень да гэтага на 20 працэнтаў падаражэў транспарт, цяпер праезд у Менску каштуе 600 рублёў замест ранейшых 500. Міністэрства эканомікі паведаміла, што ў верасьні плянуецца павялічыць цэны на малако, хлеб, муку – сацыяльна значныя тавары

Цягам году чатыры разы павялічваліся цэны на аўтамабільнае паліва, сёлета яно падаражэла на 15 працэнтаў. Рост коштаў назіраецца практычна ва ўсіх сфэрах. Паводле статыстыкі, турыстычныя і экскурсійныя паслугі сталі даражэй на траціну, мэдычныя паслугі – амаль на чвэрць.

Што да камунальнай гаспадаркі, то тут павелічэньне тарыфаў адбывалася сёлета ўжо некалькі разоў: на газ і электраэнэргію — на 20%, на цеплавую энэргію — на 12%.

“Беларусы цудоўна адаптуюцца да любых самых дрэнных умоваў жыцьця”

У сярэдзіне 90 гадоў у рамках праграмы Ўсясьветнага банку ў Беларусі праводзілася дасьледаваньне: “Калі беларусы пачнуць пратэставаць супраць дрэнных умоваў жыцьця?” Гаворыць адзін з удзельнікаў гэтага праекту кіраўнік аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка.

“Тады яны зараблялі 30 даляраў на месяц. Мы думалі, што, можа, пры 20 далярах, альбо 15 далярах. Высьветлілася, што ўвогуле не, што беларусы ўвогуле цудоўна адаптуюцца да любых самых дрэнных умоваў жыцьця”.

Леанід Заіка прыводзіць афіцыйны паказьнік росту цэнаў за паўгоду – 3-4 працэнта. Аналітык адзначае, што гэтая лічба пакуль не палохае людзей. Аднак...

“Ёсьць пазыцыі, па якіх, канечне, поўны правал. Найперш гэта жытло, яно стала шалёна дарагім. Тут магчымая і нейкая пратэстная рэакцыя. Калі глядзець на цэны на паслугі ды іншае, то гэта ня выклікае вялікіх пратэстных рэакцый, але накопліваецца нэгатыўная энэргетыка што да агульнай сытуацыі. Для людзей сталі недаступныя абсалютна простыя рэчы – гэта жыльлё, потым – адпачынак”.

“Гэта будзе не на ўсіх семя’х адбівацца”

Пры канцы мінулага году падчас нафтагазавага канфлікту з Расеяй эканаміст Міхал Залескі прагназаваў, што падвышэньне коштаў на энэрганосьбіты пачне адбівацца на дабрабыце людзей прыкладна праз 9 месяцаў.

“Зараз як яно будзе адбівацца на спажываньні сем’яў? Па-першае, гэта будзе не на ўсіх семя’х адбівацца, а толькі на тых, у якіх выдаткі на харчаваньне складаюць больш за 60 працэнтаў спажывецкага бюджэту. Такіх сем’яў паводле статыстыкі ў нас кожная пятая. І менавіта гэтыя бедныя сем’і адчуюць уціск гэтага росту цэнаў. Пакуль што астатнія з больш высокім узроўнем прыбытку будуць перагрупоўваць, пераструктуроўваць, зьмяншаць будуць некаторыя пазыцыі – нейкія ласункі ці што іншае”, – лічыць Міхал Залескі.

Замежных інвэстарам прададуць гадзіньнікавы завод “Луч”?

Павялічэньне цаны на расейскія энэрганосьбіты ўлады кампэнсуюць ня толькі ростам цэнаў. Каб разьлічыцца з “Газпромам” ды іншымі расейскімі кампаніямі, выстаўляюцца на продаж замежным інвэстарам беларускія стратныя прадпрыемствы.

У верасьні чакаецца ацэнка рынкавага кошту акцый менскага прадпрыемства “Мотавела”. У адпаведнасьці з рашэньнем ураду, дзяржаўны пакет акцый будзе прададзены аўстрыйскай кампаніі ATEC Holding. Значны прыбытак улады маюць атрымаць і ад продажу кіпрскай кампаніі SB Telecom дзяржаўнай долі першага апэратара мабільнай сувязі VELCOM.

Дзяржаўны пакет акцый "Менскага гадзіньнікавага заводу "Луч" таксама можа быць прададзены замежнаму інвэстару. Пра гэта паведаміў учора намесьнік міністра эканомікі Беларусі Алег Мельнікаў. На пачатак 2006 году запасы гадзіньнікаў на заводзе былі на 13 месяцаў вытворчасьці. Цяпер гэтая лічба складае 19 месяцаў.

• Б.Жаліба: У верасьні адчуем пераход на поўную аплату расейскага газу, 6.09.2007 • Кошты вырастуць амаль на ўсё, 28.08.2007
XS
SM
MD
LG