Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Клімавіцкія прадпрымальнікі скардзяцца на паборы


Віталь Сямашка, Клімавічы У актавай залі 14-га Клімавіцкага дзяржаўнага прафэсійнага каледжу сабралі каля дзесятка індывідуальных прадпрымальнікаў, што здымаюць тут гандлёвыя плошчы. Дырэктар – дэпутат райсавету Папкоў прапанаваў усім здаць пэўныя сумы грошай. Нібыта на рамонт. Частка гандляроў палічыла гэта пачаткам пабораў.

Мае суразмоўцы папрасілі пакуль не называць іхныя прозьвішчы. Такім чынам, гутару з удзельнікамі сходу Ўладзімерам, Юрасём ды Генадзем. Ім ад 25 да 35 год.

“Сабралі, сказалі, што ў Бабруйску па мільёну ліцэю адвалілі, – кажа Генадзь. – Папкоў прывёў у прыклад сказанае яму Кулакоўскім, начальнікам абласнога аддзелу прафтэхадукацыі, што па столькі там склаліся прадпрымальнікі. Нам прапанавалі на 50 тысяч купіць фарбу...”

“Людзі купілі фарбу, але яны ад яе адмовіліся, сказалі даваць грашыма, бо фарба, маўляў, можа быць крадзеная, – дадае Уладзімер. – Мы грошы даваць адмовіліся, а частка людзей аддала па 50 тысяч...”

“А я проста не здаю, бо ў мяне дамова аб працягу арэнды не падпісаная”, – удакладняе Юрась.

Ужо зь Менску зьвязваюся з дырэктарам – спадаром Папковым. Вось ягоныя тлумачэньні сытуацыі:

“Упраўленьне сказала не падпісваць дамовы з усімі, пакуль яны ня выплацілі гэтыя 50 тысяч”.

Пытаюся, ці абмяжуецца справа толькі гэтымі сумамі?

“Такая размова была, але пакуль грошы ні з каго не бралі. Тацьцяна Мікалаеўна зьвязвалася з нашым упраўленьнем у Магілёве, яна больш канкрэтна патлумачыць...”

Гэта пра галоўнага бугальтара каледжу спадарыню Ўльянаву. Аднак пасьля размовы зь ёй высьветлілася, што пра грошы, якія прапанавалі заплаціць гандлярам замест фарбы, бугальтарка нічога ня ведае.

“Ды не, ня можа быць, я ўпершыню чую – гэта ж паборы!” – уражаная яна.

Суразмоўца пагаджаецца, што такія выплаты ня могуць адносіцца ані да камунальных, ані да выдаткаў за арэнду памяшканьня. Дапамога ж можа быць толькі дабрачыннай і належным чынам апрыходаванай. Адначасова яна выказваецца наступным чынам:

“Вы зразумейце, прадпрымальнікі ў стане аказаць дапамогу – гэта ж не якой-небудзь асобе...”

Аднак прадпрымальнікі ацэньваюць сытуацыю па-іншаму:

“Справа ідзе да масавых пабораў, – лічыць Генадзь. – Таму шанцаў выжыць у прадпрымальнікаў застаецца ўсё менш ды менш...”

На гэты момант дамовы на арэнду з прадпрымальнікамі так і не заключаныя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG