Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Маладафронтаўцы правялі ўрачыстую вечарыну


Любоў Лунёва, Менск Увечары сябры незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” адзначалі дзесяцігодзьдзе арганізацыі на Ўправе партыі БНФ. Яны прымалі віншаваньні, частавалі ўсіх тортам і ўзгадвалі гісторыю “Маладога фронту”. На імпрэзе была наша карэспандэнтка.

Напачатку імпрэзы яшчэ на падыходах да штаб-кватэры партыі БНФ стаялі спэцназаўцы ў цывільным. Яны нікога не затрымлівалі, але сачылі за тымі, хто ўваходзіў у офіс і выходзіў адтуль.

Павал Севярынец адзін з заснавальнікаў “Маладога фронту”, які некалькі гадоў быў лідэрам арганізацыі, вёў урачыстую вечарыну. Ён назваў прозьвішчы тых маладафронтаўцаў, якія знаходзяцца ў няволі – Зьмітра Дашкевіча і Артура Фінькевіча, згадаў тых, каго пакаралі па крымінальнай справе, а таксама Людмілу Атакулаву, якая адбывае адміністрацыйны арышт.

Перад прысутнымі выступалі палітыкі і грамадзкія дзеячы. Былыя кіраўнікі філіяў “Маладога фронту”, якія былі актывістамі арганізацыі, але потым з-за ўзросту выйшлі зь яе складу, прыгадвалі, як разьвіваліся падзеі ў розныя гады існаваньня моладзевай структуры.

Лідэр пазбаўленай рэгістрацыі сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада” Мікалай Статкевіч зьвярнуўся да прысутных:
М.Статкевіч: “Я прыйшоў да тых людзей, перад якімі палітыкі старэйшага пакаленьня павінны зьняць капялюш”.
“Я прыйшоў да тых людзей, перад якімі палітыкі старэйшага пакаленьня павінны зьняць капялюш. За ўсё трэба плаціць. Першае пакаленьне “Маладога фронту”, якое гадамі хадзіла на гэтыя дубінкі, месяцамі сядзела на Акрэсьціна, мы зь меншасьці ператварылі гэтую краіну, зрабілі ў ёй незалежніцкую большасьць. Цяпер зноў трэба плаціць за свабоду. Калі вы хочаце забраць свабоду ў гэтага рэжыму, вы таксама павінны быць гатовыя ісьці на ўсё. І вы гэта дэманструеце”.

Павал Севярынец зачытаў віншаваньне “Маладому фронту” ад амбасадаркі ЗША Карэн Ст’юарт. Спадарыня Ст’юарт выказала словы падтрымкі маладафронтаўцам. “Малады фронт” давёў, што зьяўляецца вельмі важным элемэнтам у намаганьні беларусаў рэфармаваць сваю краіну і наблізіць яе да сапраўды аб’яднанай і свабоднай Эўропы. Энтузіязм і адданасьць сябраў “Маладога фронту” даюць Беларусі прамень надзеі на лепшую будучыню і ўяўляюць сабой прыклад грамадзянскай мужнасьці і самаахвярнасьці для маладых людзей з усіх краінаў сьвету”, напісала амбасадарка ў віншаваньні.
К.Ст’юарт: “Энтузіязм і адданасьць сябраў “Маладога фронту” даюць Беларусі прамень надзеі на лепшую будучыню і ўяўляюць сабой прыклад грамадзянскай мужнасьці і самаахвярнасьці для маладых людзей з усіх краінаў сьвету”.
Маладафронтаўцы прыгадалі, што некалькі гадоў запар кожны чацьвер а 7-й вечара на Ўправе партыі БНФ адбываліся паседжаньні арганізацыі. Яны жартавалі, што 10-годзьдзе арганізацыі прыпала на чацьвер, і адзначаюць яго ў той жа залі, дзе раней адбываліся паседжаньні.

10-я ўгодкі “Маладога фронту”, Менск, Управа партыі БНФ, 6 верасьня 2007 г.

10-я ўгодкі “Маладога фронту”, Менск, Управа партыі БНФ, 6 верасьня 2007 г.
XS
SM
MD
LG