Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наколькі вострая праблема гвалту ў сям’і для Беларусі?


Іна Студзінская, Менск Летась каля трох тысяч беларускіх жанчын пацярпелі ад гвалту ў сям''і. «Amnesty International» нядаўна апублікавадла справаздачу з красамоўным назовам: «Беларусь: хатні гвалт – больш, чым унутрысямейны скандал».

Распавядае кіраўнік прэс-цэнтру Міністэрства ўнутраных справаў Кацярына Самусенкава-Шэлегава:

«Калі браць статыстыку 2006 года, то ахвярамі бытавых злачынстваў ў 75% выпадкаў зьяўляюцца жанчыны. Маецца на ўвазе любы гвалт – псыхалягічны, фізычны. Катаваньням падвяргаюцца 24%, пагрозы забойства – амаль у 50%. Забойствы складаюць 5%».

Паводле статыстыкі МУС, за 6 месяцаў 2007 года ахвярамі сямейнага гвалту прызнаныя 1380 чалавек. То бок, столькі заведзена крымінальных справаў. А колькі тысяч жанчын церпяць, не зьвяртаючыся ў міліцыю – падлічыць немагчыма.

Гвалт ня мае межаў

Адна з лідэраў жаночага руху Ніна Стужынская выказала такое меркаваньне:

«Кожная трэцяя жанчына, якая мае сям''ю ці бой-фрэнда, сутыкаецца з праблемай хатняга гвалту. Таму што наш мужчына, абсалютна падпарадкаваны чужой волі ў грамадзтве, на працы, ён прыходзіць дадому і ўвесь свой нэгатыў, напружаньне дзе вылівае? На ўласную жонку».

Хатні гвалт ня мае ні культурных, ні сацыяльных альбо эканамічных межаў. Па статыстыцы, 80% жанчын, якія зьвяртаюцца ў крызысныя цэнтры, маюць вышэйшую адукацыю. Псыхоляг Менскага гарадзкога цэнтру сацыяльнай дапамогі сям''і і дзецям Жанна Міцкевіч перакананая:

«Гвалт у сям''і ў нас існуе незалежна ад адукацыі чалавека, незалежна ад узросту, пасады, грошай. Гэта ня мае значэньня. У многіх сем''ях ёсьць гвалт, у тых жа самых дэпутатаў».

Церпяць і дзеці

Што тычыцца заканадаўства, то ў Крымінальным кодэксе няма такога панятку, як «гвалт у сям''і». Хаця праект Закону аб папярэджаньні і спыненьні хатняга гвалту быў распрацаваны яшчэ ў 2002 годзе, але дагэтуль яго дапрацоўваюць.

Але ў многіх сем''ях церпяць ня толькі жанчыны. Асабліва балюча перажываюць хатні гвалт дзеці, кажа юрыст Галіна Лявонава, адмыслоўца ў галіне ювэнальнай юстыцыі:

«Такой сур''ёзнай распрацоўкі праекту гэтага закону не было і, як вы разумееце, яго няма і зараз. І самае галоўнае – у Беларусі нават не абмяркоўваецца пытаньне аб заснаваньні пасады ўпаўнаважанага ў правах дзіцяці. Калі б гэтая праблема была ў фокусе ўвагі, то і шляхі вырашэньня шукаліся б».

«Гэта ня столькі псыхалягічная, колькі сацыяльная праблема»

У Беларусі ёсьць тры крызысныя цэнтры сям''і, прычым усе пад эгідай няўрадавых арганізацыяў. Некалі ў Менску быў часовы прытулак для жанчын – ахвяраў сямейнага гвалту, але фінансаваньне было з боку замежных спонсараў. Праект скончыўся – прытулак з-за фінансавых цяжкасьцяў закрылі. Псыхоляг Жанна Міцкевіч кажа:

«Гэта ня столькі псыхалягічная, колькі сацыяльная праблема: маўляў, я не магу пражыць без мужчыны і яго матэрыяльнай падтрымкі». Куды яна пойдзе? Кватэра на ім. Па-другое, які-ніякі – напіўся, пабіўся, потым супакоіўся, грошы прынёс.

Яшчэ адна прычына – жанчына ня ўмее пастаяць за сябе, няўпэўненая, ня можа абараніць сябе, таму што яна не навучаная мэханізму абароны сябе, сказаць гвалтаўніку «не» і пастаяць за сябе».

Чаму асобы, якія тэрарызуюць сям''ю, застаюцца беспакаранымі? Чаму існуюць гендэрныя стэрэатыпы, з-за якіх жанчына пазбаўленая сваіх правоў? Чаму дзяржава заплюшчвае вочы на гэту праблему? Чаму, урэшце, беларускія жанчыны церпяць гвалт? Пытаньні, як кажуць, рытарычныя.

І на заканчэньне – парада ад лідэра жаночага руху Ніны Стужынскай:

«Я не разумею тых баб, якіх калоцяць мужыкі. Ня трэба доўга затрымлівацца каля гвалтаўніка, хай сабе гэта будзе маральны гвалтаўнік ці фізычны».

Ці будзе за зьдзек з жанчыны крымінальная адказнасьць?, 6.09.2007
XS
SM
MD
LG