Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Ойстрах пра Л.Павароцьці: “Ён першым вывеў опэру на плошчы і стадыёны”


Радыё Свабода Сёньня памёр выбітны італьянскі сьпявак, 71-гадовы тэнар Лючана Павароцьці. Ён нарадзіўся 12 кастрычніка 1935 году ў Мадэне. Пасьля заканчэньня школы ў Мадэне пачаў займацца вакалам у Мантуі ў Э.Кампагальяні. Дэбютаваў у 1961 годзе ў партыі Радольфа ў “Багеме” Пучыні. Партыя Тоніё ў “Дачцы палка” Даніцэці прынесла Павароцьці міжнародную вядомасьць і тытул “Караля верхняга до”. Лючана Павароцьці памёр ад раку ў родным горадзе Мадэна.

Пра постаць Лючыяна Павароцьці гаворыць менскі культуроляг Алег Ойстрах:

“Лючана Павароцьці быў ня толькі адным з самых вядомых сьпевакоў, але адной з самых вядомых асобаў другой паловы ХХ ст. Сьпевакоў такога ўзроўню было мала. Але што менавіта яго адрозьнівае ад усіх астатніх? Ён першым даволі вузкі жанр опэрнай музыкі вывеў на плошчы і стадыёны. І яго ведалі не мільёны, а мільярды людзей. Дагэтуль многія памятаюць знакамітыя канцэрты Плясіда Дамінга і Хасэ Карэраса на чале зь Лючыяна Павароцьці, бо ён быў ініцыятарам выступаў на адкрыцьці апошніх чэмпіянатаў сьвету па футболе.

Таму ягоны знакаміты профіль, велічная пастава, ягоная славутая белая хустка – гэта сымбаль вялікага мастацтва і вялікага чалавека. На жаль, толькі калі чалавек сыходзіць, болей дазнаесься пра асобу. Той самы чалавек – Лючана Павароцьці, які пачынаў як выдатны сьпявак, стаўся асобай ХХ стагодзьдзя, працягнуў справу Каруза, Лянца... Таму, відаць, ён ужо належыць да ХХІ стагодзьдзя, і пакінуў велізарны сьлед ня толькі ў культуры, ня толькі ў музыцы, але, відаць, у гісторыі ХХ і ХХІ стагодзьдзяў.

Ён быў вельмі абаяльны чалавек. Меў востры розум. Таму яго любілі жанчыны, любілі журналісты... Ён не цураўся іх. Быў ня тое што чалавекам сучасных нораваў, а брэндавай асобай. Гэта таксама вельмі важна. Таму сьвет згубіў абсалютна дзіўнага чалавека. Гэта агромністая страта”.

Ю.Гарадзецкі: “Павароцьці застаўся для мяне нявывучанай плянэтай”, 6.09.2007
XS
SM
MD
LG