Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Леанід Рахленка быў акторам безумоўнага аўтарытэту


Вячаслаў Ракіцкі, Менск Сёньня споўнілася 100 гадоў з дня нараджэньня выдатнага беларускага актора і рэжысэра Леаніда Рахленкі. Болей за 50 гадоў ён працаваў на галоўнай драматычнай сцэне краіны – у Беларускім нацыянальным тэатры імя Янкі Купалы.

Леанід Рахленка сказаў праўду словамі Васіля Быкава

Новая для беларускай сцэны 1970-х гадоў эстэтыка спэктаклю “Апошні шанец” паводле Васіля Быкава ў Тэатры імя Янкі Купалы агаломшыла публіку і раздражніла афіцыйную крытыку. І найперш тым, што стыль публіцыстычнага спэктакля з брэхтавым прыёмам “адчужэньня” дазволіў акторам ня толькі раскрыць вобразы сваіх герояў, але й выказаць свае асабістыя адносіны да падзеяў і герояў п’есы. Пастаноўшчык Валеры Раеўскі кажа, што нечакана ў спэктаклі выявіў сваю пазыцыю і адзін са старэйшых артыстаў трупы Леанід Рахленка:

“Ён выконваў ролю нямецкага обэр-лейтэнанта Маера, так бы мовіць, зь левым ухілам. І калі Маер спрабаваў прааналізаваць, што такое Савецкі Саюз, дык казаў, што “ня бачыць вялікай розьніцы паміж вамі і намі, бо і ў вас партыя, і ў нас партыя, а значыць, у нас шмат агульнага”. І прамаўляў гэта Рахленка з разуменьнем гэтага. У актора зьявілася магчымасьць сказаць праўду. І ён яе сказаў словамі Быкава. А нядаўна мне сказалі, што Рахленка сапраўды складана ставіўся да савецкай улады”.

Цікава, што актор старой псыхалягічнай школы Рахленка даволі лагодна паставіўся да новага спосабу існаваньня на сцэне, якую прапаноўвала рэжысура ў апошнія гады ягонай працы на сцэне. Ён адаптаваўся да новай эстэтыкі, і пры гэтым заставаўся тым самым Рахленкам, да якога прывыклі гледачы. Ягоныя сцэнічныя героі заўсёды былі псыхалягічна матываванымі, выразнымі і ў плястыцы, і ў жэстах, і ў інтанацыях. Такім быў, прыкладам, ягоны Тысафэрн з “Забыць Герастрата” Горына. Подлы, хітры ўладар ня грэбуе Герастратам, разумее, што ня варта яго зьнішчаць, бо можна выкарыстаць дзеля ўмацаваньня сваёй улады.

Рахленка – выдатны актор і яркая асоба

Леанід Рахленка быў акторам з выдатным густам, пошласьць выключалася. Не адно пакаленьне гледачоў захаплялася ягоным Гарлахвацкім са спэктаклю і кінафільму “Хто сьмяецца апошнім”. Каскад камэдыйных гратэскавых прыстасаваньняў не зьнішчаў ні псыхалягічнай, ні сацыяльнай праўды. Рахленкаў Гарлахвацкі жыве і сёньня, як на кінастужцы, гэтак і ў жыцьці. Пры ўсё сваёй выразнасьці Рахленка не разбураў ансамблю. Гэта таксама якасьць актора школы псыхалягічнага тэатра. Гэтага ён дамагаўся і ад актораў у пастаўленых ім самім спэктаклях. Інтэлігентнасьць, інтэлект, глыбіня аналізу тэксту вылучылі яго на першыя ролі ў клясычным рэпэртуары – ў п’есах Шылера, Мальера, Астроўскага.

Сёньня тыя купалаўцы, каму пашчасьціла працаваць на сцэне побач зь Леанідам Рахленкам, найперш кажуць пра ягоны безумоўны аўтарытэт. Такога меркаваньня прытрымліваецца і сёньняшні мастацкі кіраўнік Тэатру імя Янкі Купалы Валеры Раеўскі:

“Рахленка ведаў сабе цану. Ён быў імпазантным. Гэта – наогул асоба. Ён быў і мастацкім кіраўніком Тэатру імя Янкі Купалы, і не адзін раз. Хтосьці прыходзіў, хтосьці зыходзіў, а ён заставаўся як бы ўнутры трупы. Як кажуць, свой мастацкі кіраўнік”.

Тэатральная эпоха Зьдзіслава Стомы, 17.08.2007
XS
SM
MD
LG