Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

За два тыдні ў Беларусі пакаралі больш як 20 актывістаў апазыцыі


Вячаслаў Кулік, Менск Пяцёх актывістаў апазыцыі выклікаюць заўтра ў суд Маскоўскага раёну Берасьця. Усіх вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным сходзе 19 жніўня. Судзьдзя Вольга Сьмірнова палічыла сходам прэзэнтацыю кнігі Паўла Севярынца “Лісты зь лесу”. 10 верасьня ў Баранавічах будуць судзіць сябра “Маладога фронту” Яраслава Грышчэню. А напярэдадні суды над актывістамі апазыцыі адбыліся ў Берасьці, Нясьвіжы, Салігорску, Магілёве.

Сёньня ў сям’і баранавіцкага маладафронтаўца Яраслава Грышчэні ўсе ўсхваляваныя. Празь сьлёзы маці Сьвятлана Барысаўна паведамляе, што пагражаюць звольніць з працы мужа Міхаіла. Міліцыянты забралі хатні кампутар, а ў судзе папярэдзілі пра яго канфіскацыю.

Сьвятлана Грышчэня апавядае:

“На нэрвовай глебе мяне ўжо ня слухаюцца ногі. І ціск шалёны. У малодшага сына непрыемнасьці. У той вучэльні, дзе навучаўся Яраслаў, чапляюцца: “Ты такі, як Яраслаў, будзеш?” Вось дзе палітыка! Сыстэма ёсьць сыстэма. Яна ўжо, як зямля, — пластамі ўтрамбавалася!”

Затрыманьні адбываюцца перад буйнымі палітычнымі акцыямі

Не мінула яшчэ тыдня, як выйшаў на волю Аляксей Шыдлоўскі — грамадзкі актывіст, адзін зь першых палітычных вязьняў у Беларусі.

Яго меркаваньне пра затрыманьні, штрафы ды арышты сябраў апазыцыі:

“Загад такі, што перад буйнымі акцыямі адбываюцца затрыманьні найбольш актыўных людзей. І такім чынам спрабуюць неяк сарваць ці падрыхтоўку да акцыі, ці правядзеньне самой акцыі”.

А вось што кажа Аляксей пра вынікі апошніх судоў у Нясьвіжы і Салігорску:

“Гэта таксама працяг рэпрэсіяў. У рамках крымінальнага артыкулу, удзел у незарэгістраванай арганізацыі — гэта не апошнія суды. Бадай што шмат будзе такіх працэсаў”.

“Імкнуцца зьнішчыць апошнія выспы свабоды”

Маніторынг перасьледу сябраў апазыцыі і іх сем’яў вядзе праваабаронца Людміла Гразнова:

“Ужо зьнішчаюцца апошнія выспы свабоды: прыватныя сустрэчы, прэзэнтацыі кніжак, спэктакляў “Свабоднага тэатру”. Пяцьсот-шэсьцьсот чалавек праходзяць праз “суткі”. Столькі ж людзей з апазыцыі атрымліваюць штрафы. Кожны год да адной тысячы лёсаў перамолваюцца праз гэтую сыстэму”.

Так мяркуе праваабаронца Людміла Гразнова. Нагадаем некаторыя імёны асуджаных за апошнія тыдні актывістаў. Гэта Павал Севярынец, Іван Шыла, Наста Азарка, Алесь Каліта, Маўлюда Атакулава, Франак Вячорка, Зьміцер Хведарук, Тацяна Буланава, Дзяніс Карноў і Віктар Дзенісевіч.

• Кіраўнік "Моладзі БНФ" Алесь Каліта атрымаў 7 сутак арышту, 5.09.2007 • Асудзілі ўдзельнікаў акцыі падтрымкі Івана Шылы, 5.09.2007 • Берасьце: суд пакараў яшчэ двух удзельнікаў сустрэчы з П.Севярынцам, 5.09.2007
XS
SM
MD
LG