Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускую АЭС могуць наблізіць да Эўразьвязу?


Ігар Карней, Менск Сёньня кіраўніцтва Нацыянальнай Акадэміі навук упершыню абвясьціла, што беларуская атамная электрастанцыя можа паўстаць не ў Магілёўскай вобласьці, як меркавалася дагэтуль, а на мяжы зь Літвой — нібыта ў адказ на намер гэтай краіны хаваць радыяактыўныя адкіды з Ігналінскай АЭС пры мяжы зь Беларусьсю. Незалежныя экспэрты кажуць, што ў такім выпадку беларускія ўлады займеюць беспрэцэдэнтны “інструмэнт шантажу”.

Намесьнік старшыні прэзыдыюму Нацыянальнай Акадэміі навук Уладзімер Цімашпольскі заявіў, што сярод пэрспэктыўных пляцовак пад будаўніцтва беларускай АЭС разглядаюцца ня дзьве, як сьцьвярджалася яшчэ нядаўна, а тры.

Апроч неаднаразова згаданых Краснапалянскай і Кукшынаўскай на Магілёўшчыне, трымаецца ў запасе месца ў Гарадзенскай вобласьці на мяжы зь Літвой.

А.Вайтовіч: “Я ўражаны “важкасьцю” аргумэнтаў”

Чыноўнік ня выключыў, што ў пытаньні выбару пляцоўкі канчатковым можа стаць ня толькі геалягічны складнік (грунт для будаўніцтва такога аб’екту ў Беларусі занадта мяккі, што істотна адаб’ецца на кошце будаўнічых працаў), але і палітычны.

Як выказаўся Цімашпольскі, калі Літва абвясьціла пра намер хаваць адкіды Ігналінскай АЭС непасрэдна ля мяжы зь Беларусьсю, беларускаму боку гэтаксама трэба разглядаць магчымасьць узьвядзеньня атамных аб’ектаў у гэтым рэгіёне.

Былы кіраўнік НАН, акадэмік Аляксандар Вайтовіч перадусім зьвяртае ўвагу на тое, што чыноўнік такога рангу ня мае маральнага права рабіць такія заявы.

Па-другое, гарадзенская пляцоўка ніколі дагэтуль ня згадвалася сярод патэнцыйных і ўзьнікла як магчымы аргумэнт у спрэчках з Эўропай:

“Праводзіліся папярэднія геалягічныя дасьледаваньні з мэтай выбару пляцоўкі для будаўніцтва АЭС. Ніколі пры гэтым ня згадвалася пляцоўка ў Гарадзенскай вобласьці на мяжы зь Літвой.

І тое, што сказаў Цімашпольскі — маўляў, краіна мае права будаваць дзе заўгодна на сваёй тэрыторыі, у дадзеным выпадку гучыць як нейкі контраргумэнт, каб будаваць менавіта там.

Я проста абураны такой аргумэнтацыяй. Выбар пляцоўкі пад будаўніцтва АЭС — гэта вельмі адказная рэч. І перш-наперш трэба выканаць усе патрабаваньні тэхнікі бясьпекі. Зусім немалаважны фактар — якраз выбар пляцоўкі.

Таму я разглядаю заяву Цімашпольскага ў сувязі зь яго “абгрунтаваньнем” як поўную безадказнасьць перад краінай. Я проста зьдзіўлены, што чалавек, займаючы такую пасаду, можа зыходзіць у сваіх прапановах вось з такіх “аргумэнтаў”.

Раней Беларусь пагражала суседняй Літве іншым аб’ектам. На беларуска-літоўскай мяжы было распачатае будаўніцтва гіганцкага сьвінагадоўчага комплексу — больш чым на сто тысяч галоваў. Літоўскія эколягі неаднаразова называлі гэты праект “біялягічнай бомбай запаволенага дзеяньня”. Цяпер там будаўнічыя працы часткова замарожаны – з прычыны недахопу грошай.

В.Якавенка: “Будаўніцтва АЭС павінна вырашацца рэфэрэндумам”

Кіраўнік Беларускага сацыяльна-экалягічнага саюзу “Чарнобыль” Васіль Якавенка лічыць, што вырашэньне такога важнага пытаньня, як будаўніцтва АЭС, без удзелу грамадзянаў Беларусі амаральнае:

“Я нямала энэргіі і сілаў сваіх аддаў, каб у пытаньні АЭС дайсьці да нейкай аб’ектыўнай думкі. Аднак нашы ўлады прызвычаіліся самастойна вырашаць такога кшталту праблемы, нават без уліку думак апазыцыйна настроеных да гэтай ідэі спэцыялістаў.

Наагул гэта вельмі й вельмі балючае для Беларусі пытаньне. І яно павінна вырашацца праз рэфэрэндум. Але ж вядома, як у нас праводзяцца і рэфэрэндумы, і выбары.

Аднак я б ня стаў катэгарычна казаць, што пытаньне з будаўніцтвам АЭС у нас ужо вырашанае. Магчыма, урад і заяўляе пра такое рашэньне, бо вышэйшая ўлада ўраду загадвае, проста абыходзячы меркаваньне народу”.

Дагэтуль невядомыя тэрміны ўзьвядзеньня Беларускай АЭС. Чыноўнікі называюць розныя даты — ад 2013 да 2018 гадоў.
XS
SM
MD
LG