Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менск зьедуцца галоўныя камуністы плянэты


Уладзімер Глод, Менск 90-я ўгодкі Кастрычніцкай рэвалюцыі будуць шырока сьвяткаваць у двух гарадах былога Савецкага Саюзу — Маскве і Менску. Спачатку, 3-5 лістапада, у сталіцы Беларусі пройдзе рабочая сустрэча кіраўнікоў і прадстаўнікоў камуністычных партыяў сьвету. Затым яе ўдзельнікі пераедуць на сьвяткаваньні 6-7 лістапада ў сталіцу Расеі. Сёньня гэтую інфармацыю нашаму радыё пацьвердзілі ў офісах КПРФ і КПБ.

Сакратар Цэнтральнага камітэту Кампартыі Беларусі, якая займае праўладныя пазыцыі, Георгі Атаманаў тлумачыць правядзеньне камуністычнага форуму ў двух гарадах рашэньнем усясьветнага Саюзу камуністычных і рабочых партыяў:

“Калі паўстала пытаньне, дзе праводзіць мерапрыемствы сёлета, дык з улікам 90-х угодкаў Вялікай кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі вырашылі ў двух гарадах. У Менску, бо тут праходзіў першы зьезд, тут нараджалася партыя. А ў Маскве — бо гэта сталіца Расеі — краіны, дзе праходзіла рэвалюцыя. І зьвярнуліся да нас. Мы падтрымалі гэта рашэньне”.

А вось сябра Цэнтральнага камітэту Камуністычнай партыі Расейскай Фэдэрацыі Юры Петракоў называе іншыя прычыны падзелу сьвяточных мерапрыемстваў на дзьве часткі — менскую і маскоўскую:

“У Менску больш магчымасьцяў. Арганізацыйных — раз. А па-другое, у нас у гэты час будзе праходзіць выбарчая кампанія ў Дзярждуму. І ўсё, што зьвязана з аплатай такіх мерапрыемстваў, павінна праходзіць праз выбарчы фонд. То бок усе гэтыя мерапрыемствы нам могуць “зарубіць” з той простай прычыны, што прымусяць аплачваць праз фонд”.

Георгі Атаманаў цьвердзіць, што выдаткі на прыём гасьцей, акрамя аплаты іх праезду, бярэ на сябе выключна КПБ:

“Нашай партыі ўнёскі, грошы — толькі нашай партыі. Звычайна прыяжджаюць чалавек 70-75. Наша задача — іх разьмясьціць і прыняць. Вось дзе асноўныя выдаткі. Таму, думаю, асаблівых праблемаў у нас тут таксама ня будзе”.

На сустрэчу ў сталіцу Беларусі між тым прыедуць не шараговыя партыйцы. Многія партыі, прыкладам, Даніі, Люксэмбургу, Турцыі, Ярданіі ўжо паведамілі, што гэта будуць першыя асобы.
XS
SM
MD
LG