Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне: “Раней кожны пэнсіянэр адкладаў грошы на сьмерць”


Міхал Карневіч, Горадня Ці лічыце вы справядлівай пэнсійную сыстэму ў Беларусі? З такім пытаньнем наш карэспандэнт зьвяртаўся да мінакоў на вуліцах Горадні.

Спадар: “Чалавек сорак гадоў адпрацаваў і, канечне, яму крыўдна за тое, што плацяць такую мізэрную пэнсію. Зразумела, што сыстэма несправядлівая”.

Спадар: “Мала плацяць, пэнсіянэрам цяжка пражыць за гэтыя грошы. І, вядома, несправядліва, што адным плацяць больш — тым, якія сядзяць у кабінэтах і пішуць, а рабацяга, які ўкалвае, атрымоўвае грашы. Большасьць пэнсіянэраў стогне й плача ад гэтых пэнсіяў”.

Спадар: “Мая мама ўсё жыцьцё адпрацавала на заводзе, атрымлівала 400—450 рублёў, а пэнсіі дастала прыкладна 230 тысяч. Вось і паспрабуйце пражыць на гэтыя грошы”.

Спадарыня: “Варта было б нешта перагледзець у пэнсійнай сыстэме, але хто гэта зробіць, ад нас гэта не залежыць”.

Спадарыня: “Я, да прыкладу, сорак гадоў адпрацавала, а нехта й зусім не працаваў, а атрымлівае такую ж пэнсію, як і я. Хіба гэта справядліва? Паглядзіце, лекар з вышэйшай адукацыяй атрымлівае тую ж пэнсію, што й прыбіральшчыца”.

Ейная сяброўка: “Цалкам падтрымліваю. Я хоць пакуль яшчэ малады спэцыяліст, але мы ўсе абураныя несправядлівасьцю пэнсійнай сыстэмы. Дый заробак лекары атрымліваюць такі ж, як і санітарка. Нас зраўнялі”.

Спадар: “А што там добрага? Дадуць гэтай аблізанай пэнсіі, а за ўсё трэба заплаціць — за кватэру, за сьвет, трэба нечым харчавацца”.

Карэспандэнт: “Скажыце, калі ласка, якая ў вас пэнсія й які працоўны стаж?”

Спадар: “Я адпрацаваў трыццаць пяць гадоў і атрымліваў напачатку 180 тысяч. А цяпер, калі дадуць 300 тысяч, то гэта будзе максымум”.

Спадарыня: “Я не хачу гаварыць на гэтую тэму: як зарабілі, так і маем...”

Спадар: “Напэўна, усё ж несправядлівая сыстэма. Я пакуль не пэнсіянер, але бачу, як жыве бацька. Яўна пэнсіі не хапае, а працаваў ён да сямідзесяці гадоў. Абмежаваны ва ўсім — асабліва калі захоча куды-небудзь паехаць”.

Спадарыня: “Прапрацаваць усё жыцьцё, маючы працоўны стаж трыццаць чатыры гады й атрымліваць пэнсію 303 тысячы — гэта вельмі мала. Пры нашым жыцьці пэнсіянэрам патрэбныя грошы на лекі, тысяч сто на кватэру, і на жыцьцё застаецца каля 70 тысяч. Пражыць нерэальна. Раней кожны пэнсіянэр адкладаў грошы на сьмерць, а цяпер усё гэта ў нас зьнікла, мы за мяжой жабрацтва”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG