Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці ўдасца Беларусі навязаць добрыя дачыненьні з Эўразьвязам?


Валер Карбалевіч, Менск (эфір 5 верасьня) Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”.

Удзельнікі: палітоляг Андрэй Фёдараў і выкладчык зарэгістраванага ў Літве Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Дзяніс Мельянцоў.

Намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Валеры Варанецкі ўзяў удзел у канфэрэнцыі Эўразьвязу па добрасуседзтве з памежнымі краінамі.

Ці сьведчыць гэты факт пра зрухі ў дачыненьнях Менску і Брусэлю? Як ацаніць прапановы беларускага намесьніка міністра? Наколькі сур’ёзнае імкненьне кіраўніцтва Беларусі палепшыць дачыненьні з Эўразьвязам?

Чаму высокі беларускі чыноўнік удзельнічае ў канфэрэнцыі Эўразьвязу?

Валер Карбалевіч: “Удзел Беларусі ў канфэрэнцыі ў Брусэлі выклікаў значны рэзананс у беларускіх і міжнародных мэдыях.

Адзначаецца як нешта незвычайнае сам факт удзелу афіцыйных беларускіх прадстаўнікоў у гэтым мерапрыемстве Эўразьвязу, выступ намесьніка міністра замежных справаў Беларусі Варанецкага. Расейскія мэдыі нават расцэньваюць гэта як антырасейскі крок.

Ці сапраўды ў гэтым факце ёсьць нешта незвычайнае? Ці гэта нейкае дзяжурнае мерапрыемства, запрашэньне прадстаўніка Беларусі адбылося з чыста фармальных прычынаў?”

Андрэй Фёдараў: “Гэта першая канфэрэнцыя ЭЗ такога ўзроўню ў палітыцы добрасуседзтва, у якой удзельнічаюць як прадстаўнікі краінаў Эўразьвязу, так і краінаў-суседзяў.

Беларусь фармальна ўваходзіць у кола краінаў, зь якімі ЭЗ мае намер усталяваць добрасуседзкія дачыненьні. Але з боку Беларусі гэтая эўрапейская ініцыятыва не атрымала падтрымкі. Паміж Беларусьсю і ЭЗ няма адпаведнай дамовы.

Таму ва ўдзеле намесьніка міністра Варанецкага ў гэтай канфэрэнцыі няма нічога незвычайнага. Дарэчы, сам спадар Варанецкі сказаў у сваім выступе, што перамовы паміж Менскам і Брусэлем ідуць. Але пра што дамовіліся бакі, невядома”.

Дзяніс Мельянцоў: “Сапраўды, нічога незвычайнага ва ўдзеле намесьніка міністру Варанецкага ў гэтай канфэрэнцыі няма. Паводле фармальных падставаў Беларусь немагчыма было не запрасіць.

Кіраўніцтва Беларусі хацела б наладзіць добрасуседзкія дачыненьні з ЭЗ. Але для гэтага трэба пайсьці на палітычныя саступкі, якія выставіў Брусэль у лістападзе мінулага году”.

Што Беларусь прапаноўвае Эўропе?

Карбалевіч: “Намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Валеры Варанецкі ў сваім выступе разважаў пра ўвесь комплекс дачыненьняў паміж Беларусьсю і ЭЗ, адзначыў значную ролю Беларусі ў агульнаэўрапейскіх працэсах, запрасіў эўрапейскі капітал інвэставаць у беларускую эканоміку, прапаноўваў адмяніць тарыфныя абмежаваньні ў гандлі, высокія кошты на візы і іншае. Але нейкіх канкрэтных прапановаў не прагучала.

Яшчэ з студзеня Лукашэнка казаў, што мы прапаноўваем Эўропе сумесныя праекты ў галіне энэргетыкі.

Вось чыноўнік Міністэрства энэргетыкі прапанаваў мадэрнізаваць лінію электраперадачаў “Рось-Беласток” каб стварыць электраэнэргетычнае кола з Эўразьвязам. Наколькі гэта важна для эўрапейскіх краінаў? Увогуле ці існуюць у Беларусі рэальныя праекты, якія Менск мог бы прапанаваць ЭЗ?”

Фёдараў: “Гэты праект наконт лініі электраперадачаў падаецца занадта дробным. Наўрад ці з-за яго ня створанае эўрапейскае электраэнэргетычнае кола.

Спадар Варанецкі хутчэй акрэсьліў кірункі разьвіцьця дачыненьняў з Эўразьвязам, чым канкрэтныя прапановы. Адзіная канкрэтная ідэя — гэта вырашэньне візавага пытаньня. Акрамя таго, спадар Варанецкі крыху перабольшыў важнасьць Беларусі ў палітыцы Эўразьвязу. Тут жаданае выдаецца за існае”.

Мельянцоў: “Спадар Варанецкі выступаў на пленарным паседжаньні, таму ніякіх канкрэтных прапановаў у яго і быць не магло. Прапанова наконт энэргетычных праектаў — гэта больш канкрэтна.

Калі ЭЗ не падтрымае гэтай прапановы адносна эўрапейскага электраэнэргетычнага кола, то гэта дасьць падставу Менску казаць, што вось, ЭЗ ня хоча разьвіваць з намі супрацоўніцтва. Увогуле ЭЗ зьяўляецца для Менску запасным варыянтам, калі дачыненьні з Расеяй канчаткова сапсуюцца”.

Ці сапраўды афіцыйны Менск імкнецца наладзіць дачыненьні з ЭЗ?

Карбалевіч: “Варта мусіць, паглядзець на дачыненьні Беларусі і ЭЗ у больш шырокім кантэксьце замежнай палітыкі афіцыйнага Менску. Вось напрыклад, на гэтай канфэрэнцыі ў Бруселі краіны ЭЗ і суседнія краіны прадстаўленыя міністрамі замежных справаў.

А ад Беларусі прыехаў намесьнік міністра, а сам міністар Мартынаў паехаў у Іран на міністэрскую сустрэчу Руху недалучэньня — і там выступіў супраць пазыцыі Захаду ў пытаньні іранскай ядзернай праграмы. Палітычным фонам выступу намесьніка міністра ў Брусэлі зьяўляюцца суды над актывістамі “Маладога фронту” і ўзмацненьне перасьледу апазыцыянэраў.

Той жа праект экспарту электраэнэргіі ў Польшчу адбываецца на фоне суду над польскімі шпіёнамі, і камэнтар Лукашэнкі да інцыдэнту, калі вядомым польскім палітыкам не дазволілі ўезду ў Беларусь, быў такі: “Далі па мордзе — і правільна зрабілі”. Дыкі ці сапраўды афіцыйны Менск імкнецца наладзіць дачыненьні з ЭЗ?”

Фёдараў: “На гэтае пытаньне адназначна не адкажаш. Безумоўна афіцыйны Менск імкнецца наладзіць дачыненьні з ЭЗ. Гэтыя намеры сталі большымі пасьля навагодніх канфліктаў з Расеяй. Але кіраўніцтва Беларусі жадае наладзіць дачыненьні з ЭЗ на сваіх умовах. Гэта значыць, яно не зьбіраецца выконваць тых палітычных умоваў, якія вылучыў ЭЗ.

Пра гэтыя ўмовы нічога не сказаў у сваім выступе і спадар Варанецкі. Праўда, на гэтай канфэрэнцыі праблема правоў чалавека практычна не абмяркоўвалася. Таму Беларусь ня вельмі моцна выпадала з кантэксту гэтага форуму.

Рэпрэсіі супраць апазыцыі сьведчаць пра тое, што ніякіх зрухаў у кірунку дэмакратызацыі беларускія ўлады рабіць не зьбіраюцца. У гэтай сытуацыі невядома, ці будзе ЭЗ рабіць крокі насустрач Беларусі”.

Мельянцоў: “Карта ЭЗ была разыграная яшчэ ўвесну. Тады Менск імкнуўся да дыялёгу. У Беларусь прыяжджаў старшыня Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы ван дэр Ліндэн, праводзіліся сумесныя сэмінары. Беларускія ўлады імкнуліся атрымаць у Эўропе інвэстыцыі, крэдыты.

Аднак гэтыя пляны ня спраўдзіліся. Больш за тое, ЭЗ пазбавіў Беларусь гандлёвых прэфэрэнцыяў. Пасьля гэтага адбыўся адкат у дачыненьнях. Замарожанае пытаньне з адкрыцьцём у Менску прадстаўніцтва Эўрапейскай камісіі. Дачыненьні вярнуліся да леташняга ўзроўню.

І тое, што міністар замежных справаў Мартынаў паехаў не ў Брусэль, а Іран, зьяўляецца яскравым паказчыкам прыярытэтаў замежнай палітыкі Беларусі.

Цяпер галоўныя вэктары замежнай палітыкі Беларусі — гэта Расея і Рух недалучэньня. А ЭЗ — запасны варыянт. Беларусі цяпер выгадна разьвіваць дачыненьні з ЭЗ не ў палітычнай сфэры, а ў эканамічнай — найперш энэргетычнай”.

Фёдараў: “Сапраўды, калі ня ладзяцца палітычныя дачыненьні, можна было б актыўна разьвіваць эканамічныя стасункі. Але праблема ў тым, што беларускія ўлады не ствараюць спрыяльных умоваў і для прыцягненьня інвэстыцыяў”.

Карбалевіч: “Такім чынам, удзел афіцыйных прадстаўнікоў Беларусі у канфэрэнцыі Эўразьвязу ў Брусэлі па добрасуседзтве з памежнымі краінамі не азначае нейкага зруху ў дачыненьнях Беларусі і Эўразьвязу. Перашкодай на шляху нармалізацыі дачыненьняў зьяўляецца недэмакратычны палітычны рэжым, які існуе ў Беларусі”.
XS
SM
MD
LG