Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“На арганізацыі кшталту БРСМ грошы ў гэтай улады заўсёды будуць”


Віталь Цыганкоў, Менск Ці выканала БРСМ пастаўленыя перад ёй ідэялягічныя задачы? Якое разьвіцьцё чакае гэтую структуры з улікам надыходу эканамічных цяжкасьцяў? Пра сёньня і заўтра БРСМ аглядальнік “Свабоды” Віталь Цыганкоў гаворыць з намесьнікам рэдактара “Белгазеты” Віктарам Марціновічам.

Цыганкоў: “Ці акупляюцца тыя сродкі, што дзяржава ўкладае ў БРСМ? І ці можна якім-небудзь крытэрыем вымераць эфэктыўнасьць выкарыстаньня гэтых сродкаў?”

Марціновіч: “Гісторыю БРСМ я б падзяліў на два этапы – разам з этапамі існаваньня сёньняшняй беларускай дзяржаўнай улады. Першы этап – гэта этап існаваньня такой “мэдыйнай дыктатуры”, якую мы назіраем цяпер, напрыклад, у Расеі. Дзеля яе існаваньня зусім ня трэба тысячы саджаць у турмы, зьнішчаць фізычна і гэтак далей.

На гэтым першым этапе БПСМ-БРСМ існаваў у якасьці нешматлікай арганізацыі, ад якой патрабавалася, каб яе прадстаўнікі ў пэўны час прыходзілі ў пэўнае месца і перад аб’ектывамі БТ выконвалі ролю прыхільнікаў Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі. Яе рэальны памер на тым этапе быў няважны.

На другім этапе БРСМ пасьля зьмены кіраўніцтва пачаў ператварацца ў сапраўды масавую арганізацыю накшталт камсамолу. У яе шэрагі пачалі браць усіх”.

Цыганкоў: “Але ці можна ў гэтай сувязі нагадаць правіла, паводле якога – чым больш масавая арганізацыя, тым менш яна па-сапраўднаму ідэалягічная і тым менш яна эфэктыўная?”

Марціновіч: “Тут сапраўды паўстае пытаньне аб крытэрыях вызначэньня гэтай эфэктыўнасьці. Калі мы ў якасьці крытэрыю разглядаем, колькі чальцоў арганізацыі падзяляе тыя ідэі, якія БРСМ вылучае ў якасьці праграмных, то – чым больш масавым станавіўся БРСМ, тым менш там людзей былі неяк ідэйна афарбаванымі. Але галоўны сэнс існаваньня БРСМ палягае ў тым, што гэта павінна быць арганізацыя зь як мага большай колькасьцю чальцоў. Ня важныя нейкія іхнія акцыі – толькі максымальна большая колькасьць чальцоў”.

Цыганкоў: “Што чакае БРСМ у будучыні? Ня будзем браць выпадак зьмены ўлады – тут, здаецца, усё зразумела. Але ў кароткатэрміновай пэрспэктыве, улічваючы эканамічныя цяжкасьці беларускага бюджэту?”

Марціновіч: “На арганізацыі накшталт БРСМ грошы ў гэтай улады заўсёды будуць. Нават калі газ будзе каштаваць 200 даляраў і усе астатнія сродкі скончацца.

Але ж вельмі вялікую небясьпеку для БРСМ ўяўляе гэта новая арганізацыя – “Белая Русь”. Не з-за таго, што яна будзе нейкім ідэйным канкурэнтам БРСМ, а з-за таго, што яна будзе сродкавым, матэрыяльным канкурэнтам. З улікам тых куратараў, якія за ёй стаяць, “Белая Русь” можа фінансава пахаваць БРСМ. Ім могуць цалкам сур’ёзна прапанаваць перайсьці на самаразьлік, і ў гэтым выпадку ў арганізацыі застануцца лічаныя дні існаваньня”
XS
SM
MD
LG