Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Інтэрнэт-аўкцыёны: ананімна й выгодна


Радыё Свабода, Менск Буйнейшы ў сьвеце інтэрнэт-аўкцыён “eBay” увёў новую паслугу: цяпер можна будзе атрымліваць СМС з апошнім заяўленым коштам, а ў адказ дасылаць сваю лічбу на заяўлены лот. Паслугу называюць «рэвалюцыяй у гісторыі інтэрнэт-аукцыёнаў». У Беларусі папулярнасьць продажаў у сеціве таксама расьце.

У іх - і ў нас

Лідэр інтэрнэт-аукцыёнаў “eBay” пачаў сваю гісторыю як рэсурс для калекцыянэраў – дзеля абмену трафэямі. Цяпер тут прадаюцца самыя розныя рэчы. Неяк аўстралійскі студэнт выставіў на продаж eBay нават уласнае жыцьцё. Пачатковым коштам лота былі заяўленыя 5 аўстралійскіх даляраў. Канчатковым – 7,5 тысячаў.

У Беларусі кніжны партал oz.by адкрыў свой інтэрнэт-аукцыён адным зь першых у 2004 годзе. Цяпер, распавядае ўладальнік парталу Андрэй Грыневіч, колькасьць лотаў пастаянна расьце, у два разы штогод.

“Практычна 10 000 аукцыёнаў. Лічба ўражвае. Кожную хвіліну цэлая гара аўкцыёнаў закрываецца, і на зьмену ім гэткая ж колькасьць адкрываецца, заяўляецца, пачынаецца. І ўрэшце штохвіліну вядзецца гандаль на 10 000 аукцыёнаў. Гэта – асноўнае дасягненьне. Аукцыёны – першапачаткова праект oz.by, а цяпер мы запусьцілі сумесны праект з TUT.BY, каб папулярызаваць інтэрнэт-аукцыёны. Гэты праект называецца torg.tut.by”.

На згаданым аукцыёне можна знайсьці абсалютна ўсё. Манэты, банкноты, маркі, медалі, антыкварыят і сучаснае, адзеньне, абутак і аўтазапчасткі.

Галоўнае – каб інтэрнэт пад рукой

Але што прымушае чалавека купляць менавіта там? Няўжо шопінг “клікам мышы” можа замяніць псыхалягічны эфэкт ад паходаў па крамах? Для сучаснага чалавека – цалкам верагодна, мяркуе маркэтоляг Кацярына Кузьняцова.

“Сядзіш на працы – інтэрнэт заўсёды пад рукой, выдалася хвілінка –чаму не паглядзець, што там ды дзе. Вось, прыкладам, на мінулым тыдні набыла цудоўную куртку добрай маркі – Trussardi. За 10 даляраў – цудоўны кошт, цудоўная якасьць, вельмі апэратыўная. Мы адразу дамовіліся пра сустрэчу з дзяўчынай, што прадавала, сустрэліся, і я вярнулася на працу з добрым набыткам”.

Андрэй Грыневіч лічыць, што інтэрнэт-аукцыёны сталіся ў пэўнай ступені пераемнікамі папулярных газэт кшталту прыватных абвестак. Толькі ў газэтных куплі-продажу быў шэраг хібаў: ты мусіш пакінуць кантактны нумар тэлефона, табе ўвесь час звоняць, хутчэй за ўсё звоняць і тады, калі ты ўжо прадаў ды забыўся на тое. Карацей, залішнія клопаты, кажа Грыневіч:

“На аўкцыёне ў Інтэрнэце іншая сыстэма. Кантактная інфармацыя даецца толькі тады, калі ўжо вызначаны пераможца, - тады пакупніку даецца інфармацыя пра прадаўца і наадварот. І што атрымліваецца? Усё ананімна. Ёсьць тавар – праз месяц ты атрымліваеш максымальны кошт гэтай рэчы, і нават ня ведаеш – хто там пра што гандляваўся”.

Гандаль у сеціве - вельмі пэрспэктыўна

Старшыня рады дырэктароў партала TUT.BY Юры Зісер, прагназуе посьпех інтэрнэт-аукцыёнаў:

“Першыя аукцыёны ў інтэрнэце зьявіліся, здаецца, у 2000 годзе. Але там за месяц набралася 2 лоты і таму яны закрыліся, бо былі бессэнсоўныя. Цяпер, канешне, аукцыёны ў сеціве жывыя, працуюць. І публіка там розная – ня толькі студэнты, але й выкладчыкі”.

Паводле Андрэя Грыневіча, найбольшую папулярнасьць маюць калекцыянэрскія, нумізматычныя аукцыёны, а на другім месцы – кнігі, фільмы, музыка. А маркетоляг Кацярына Кузьняцова спадзяецца, што дзякуючы сеціву стане ўладальніцай маленькага кацяня:

“Убачыла ягоны фотаздымак і зразумела, - трэба!!! Адправіла заяўку. Але прыдзецца пачакаць: па-першае да канца гандлю засталося яшчэ некалькі дзён, а па-другое – кацяня яшчэ зусім малое, так што ў кожным разе мусіць крыху падрасьці”.

Ці абмяркоўваюць беларускія блогеры карпаратыўную інфармацыю?, 12.07.2007
XS
SM
MD
LG