Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – 5 верасьня


Зьміцер Падбярэскі, Менск Агляд беларускага сеціва

Ва ўласным дзёньніку блогер zelanton разьмясьціў сканы старонак кнігі «Шклоўшчына літаратурная», выдадзенай сёлета «Мастацкай літаратурай». Адзін з разьдзелаў кнігі прысьвечаны Аляксандру Лукашэнку. Там мы па-расейску можам прачытаць наступнае: «Напярэдадні Новага году Прэзыдэнт прыляцеў з падарункамі. Апрануты проста: у сьветлы спартовы касьцюм, на руках рукавічкі — маці заўсёды добра вязала. Землякі выйшлі насустрач. «А цяпер я хачу наведаць сваю радзіму», — сказаў госьць і пехам, па сьняжку, скіраваўся на хутары. Без аховы, адзін — па вёсцы, праз пераезд, зімовае поле... Прайшоў сьцяжынкамі дзяцінства».

У камэнтарах да гэтага можна прачытаць наступнае. as_pushkin_by: “Дайце мне гэтага афтара! І сьценку!”

petra_leleka: “Заклінаю! Ну скажыце ж нарэшце, што гэта было!? (у сына ў падручніках пакуль не знайшла, дзякаваць Богу! Цьфу, цьфу, цьфу)”.

fishka_by: “М-да, Ленін нэрвова паліць...”

Брэсцкі блогер Валерый Цапкоў прадставіў сёньня ва ўласным дзёньніку фотаздымкі каробак з запалкамі, на этыкетках якіх надрукаваны партрэты Лябедзькі, Калякіна, Шэймана, Мальцава.

Валерый адзначыў: “Пасьля зьмены гаспадароў на мясцовай запалкавай фабрыцы мэнэджэры крануліся розумам. Жарсьць прыбытку спачатку штурхнула іх друкаваць на этыкетках партрэты лідэраў апазыцыйных партый. Пасьля крытыкі "зьверху" яны пачалі друкаваць партрэты гэнэралаў-сілавікоў. Куды коціцца сьвет?”

Камэнтары наступныя: uryst – “Вы жартуеце? Ня можа быць. Гэта табе не "беражыце лес". Але, паколькі ў гэтым сьвеце ўсё здараецца, Валера, заклінаю, купіце мне ўпакоўку-дзьве на памяць. І з гэнэраламі”.

dmitry_belorus: “Вы ім падкажыце ідэю друкаваць партрэты простых грамадзян за грошы. Напэўна знойдзецца шмат ахвочых пахваліцца такім "імянным" карабком”.

vsevolod_volkov: “Серыі "Падпальшчыкі стабільнасьці" і "Палымяныя забеларусы".

r_a_t__k_i_n_g: “Шэйман хутчэй за ўсё ня будзе гарэць. А ад Лябедзькі будуць толькі іскры”.

Сайт Беларускі блогінг паведаміў: колькі часу таму беларускі будаўнічы партал Stroiportal.by абвінаваціў рэсурс Belbud.biz у крадзяжы. Stroiportal.by сьцьвярджае, што канкурэнты скапіявалі базу кліентаў праекту і зьмясьцілі на ўласным сайце. Супрацоўнікі парталу падалі заяву ў міліцыю. Цягам месяца супрацоўнікі аддзелу эканамічных злачынстваў Цэнтральнага раёну вывучалі справу і склалі пратакол паводле артыкулу 9.21 Адміністратыўнага кодэксу — "Парушэньне аўтарскіх правоў". У выніку суд Цэнтральнага раёну Менску пастанавіў спагнаць з уладальніка сайту www.belbud.biz, дырэктара ТАА "Гарантинвестстрой" Святланы Высоцкай у даход дзяржавы суму ў памеры 20 базавых велічынь”.

А вось на неафіцыйным сайце Мар''інай Горкі вы можаце спампаваць фанаграму першага гімну гораду аўтарства Ігара Лучанка на верш Барыса Брусьнікава, засьпяваць яго, запісаўшы на магнітафон, і потым параўнаць вынік з варыянтам гімну ў выкананьні Віктара Вуячыча.

Дасылайце свае ідэі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце смс-паведамленьні на нумар 391-22-24.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG