Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі рок-н-рол на "эміграцыі"


Зьміцер Падбярэскі, Менск Беларускія музыкі неўзабаве атрымаюць другую пасьля "Басовішча" сцэнічную пляцоўку за мяжой. Праз два тыдні ва ўкраінскім горадзе Луцку ўпершыню адбудзецца фэстываль беларускай рок-музыкі пад назвай “Права быць свабодным”. Украінскую сцэну атрымаюць тыя гурты, якім у Беларусі ўлады не даюць магчымасьці выступаць.

22 верасьня ў Луцку, у Цэнтральным парку імя Лэсі Ўкраінкі, пад сьценамі старадаўняга замку, пройдзе вялікі канцэрт з удзелам вядучых беларускамоўных рок-калектываў. Арганізаваць падобны канцэрт у цяперашняй Беларусі немагчыма: некаторыя з удзельнікаў фэсту прысутнічаюць у негалосных сьпісах забароненых, а самі песьні на беларускай мове сустракаюць непрыязныя адносіны ўладаў. Лёзунг фэсту “Права быць свабодным”, такім чынам, адлюстроўвае памкненьні музыкаў да свабоднага выказваньня ўласных думак, да свабоды творчасьці наогул.

Як гарадзкія ўлады Луцку паставіліся да ідэі правядзеньня такога канцэрту і ці лёгка адбываліся зь імі перамовы? Пра гэта я пацікавіўся ў аднаго з арганізатараў фэсту, прадусара Віталя Супрановіча:

“У іх заканадаўства ў гэтым пляне вельмі спрыяльнае, там усё аказалася даволі проста. Такога, як у нас, калі ты мусіш падаць заяўку за месяц, а потым за пяць дзён атрымаеш адказ, і невядома яшчэ, які ён будзе, там няма. А ў нас за гэтыя пяць дзён ты павінен і з музыкамі дамовіцца, і рэкляму зрабіць, і яшчэ кучу ўзгадненьняў зрабіць, якія каштуюць грошай. Там жа, па словах тых самых уладаў, яны ў прынцыпе ня маюць права адмовіць камусьці ў правядзеньні мерапрыемства”.

Па словах Віталя Супрановіча, фэстываль у Луцку аніяк ня варта разглядаць як нейкую канкурэнцыю таму ж “Басовішчу”. Задачы і мэты ў гэтых фэстаў розныя. Пры гэтым адна з мэтаў фэсту ў Луцку — паспрабаваць прасунуць беларускую рок-музыку на ўкраінскі музычны рынак. Нягледзячы на блізкасьць нашых краінаў, моладзь Беларусі і Ўкраіны ўсё ж недастаткова добра ведае суседніх выканаўцаў папулярнай музыкі. Відаць, невыпадкова сярод удзельнікаў фэсту “Права быць свабодным” значыцца і адна ўкраінская група “Тінь сонця”, у рэпэртуары якой маецца і песьня на беларускай мове.

Ці стане гэты фэст, як і "Басовішча", традыцыйным? Меркаваньне Віталя Супрановіча:

“Гэта залежыць ад таго, як яно адбудзецца ў гэтым годзе, наколькі да фэсту будзе цікавасьць беларускіх гледачоў, наколькі ўсё атрымаецца ў пляне тых дамоўленасьцяў з уладамі, ці ўсё пройдзе гладка. Але ў нас яшчэ ёсьць такая задума, што гэтае мерапрыемства, магчыма, будзе адбывацца штогод не ў тым самым месцы, а ў розных гарадах. Але ва Ўкраіне”.

Такім чынам, 22 верасьня ў Луцку ад 14 да 24 гадзіны сваімі песьнямі зь беларускімі і ўкраінскімі аматарамі рок-музыкі падзеляцца групы “Уліс”, “Крама”, “Нейро дюбель”, “Тав. Маўзэр”, “Indiga”, “Znich”, “B:N:”, “Сьцяна” і “Тінь Сонця”.

Спэцыяльна да фэстывалю ў інтэрнэце зроблены сайт, які можна адшукаць пад адрасам www.festsvabody.org, а таксама суполка на сайце блогаў "Жывы журнал" http://fest-svabody.livejournal.com/. Для аматараў музыкі зь Беларусі ладзяцца аўтобусныя паездкі, на выпадак дрэннага надвор’я непасрэдна блізу фэстывальнай сцэны можна будзе паставіць намёты.

Уявіць сабе намётавы гарадок і беларускі рок-н-рол у цэнтральным парку Менску пакуль немагчыма. Каб такое пабачыць і пачуць, варта ехаць ува Ўкраіну, у Луцк.

“Be2gether” азначае “Быць разам!”, 27.08.2007
XS
SM
MD
LG