Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебску ў падземным пераходзе завяліся карасі


Радыё Свабода, Віцебск У Віцебску на скрыжаваньні вуліцы імя Петруся Броўкі і праспэкта Будаўнікоў ёсьць падземны пераход, куды, як кажуць, "ніколі не ступала нага чалавека". Адразу пасьля будаўніцтва яго затапіла сьцёкавымі водамі, і паступова пад зямлёй утварылася цэлая водная сыстэма, якую засялілі жабы, смаўжы, а сёлета нават і карасі.

На рыбалку – у падземны пераход

Уваходы ў пераход парасьлі кустоўем і аерам, пах стаялай вады адчуваецца яшчэ здаля. Глыбіня ўнізе – каля 2-х мэтраў, а там, дзе мяльчэй, добра відаць чародкі малькоў, якія шмыгаюць паміж кінутымі плястыкавымі бутэлькамі, абгорткамі ды іншым сьмецьцем. Лавіць рыбу, якая гадуецца ў гэткім брудзе, ніхто не рызыкуе. І ніхто не бярэцца патлумачыць, як яна здолела тут разьвесьціся ўвогуле.

У Віцебску ў падземным пераходзе завяліся карасі
Лавіць рыбу ў гэтым "прыродным аазісе" ніхто не рызыкуе

Парушалі і будзем парушаць

Скрыжаваньне над недзеяздольным падземным пераходам сталася "рыбным месцам" для віцебскіх супрацоўнікаў ДАІ. Цягам дня тут можна аштрафаваць не адну сотню людзей, бо мінакі перасякаюць праспэкт Будаўнікоў наўпрост па праезнай частцы. Ісьці да бліжэйшага наземнага пераходу ў адзін бок каля 50 мэтраў, у другі – каля 200. Таму людзі рызыкуюць уласным жыцьцём і скарачаюць сабе дарогу якраз там, дзе ўнізе пракладзеныя падземныя шляхі.

У Віцебску ў падземным пераходзе завяліся карасі
Пераход з рызыкай для жыцьця

Для многіх экстрэмальны пераход цераз праспэкт стаў настолькі звыклым, што яны не бянтэжацца ні фотаапарата, ні тым больш дыктафона.

Спадарыня: "Шмат бывае аварый. Але людзі ўсё адно ідуць. Ня пойдуць жа яны на далёкі пераход, гэта нязручна. І міліцыя тут часта дзяжурыць. Калі іхная машына стаіць, мы тут ня ходзім".

Хлопец: "Калі чэсна, то ўсе і заўсёды тут парушаюць! Вунь, бачыце, як ідуць. Мяне й штрафавалі тут. Ну і што! Нічога страшнага. Усё адно парушаюць людзі!"

Дзядуля: "Я ўвогуле па правілах пераходжу. Але зараз во іду з домакіраўніцтва, і куды мне тут ісьці? Пераход будавалі, потым кінулі. Там была вада, і зараз, напэўна, вада. Ён і не працаваў ніколі".

Спадарыня: "Яго як выкапалі, з той пары і не працаваў. Яго зачынілі адразу, на гэтым будаўніцтва і скончылася. Ніхто да розуму не давёў! Недзе ж нешта будуюць, а чаму тут не зрабіць, як трэба? Тут жа амаль цэнтар гораду, завод вялікі. І людзям тут зручна дарогу пераходзіць!"

У Віцебску ў падземным пераходзе завяліся карасі
Падземны пераход застаўся ўнізе

Хто будзе рабіць рэканструкцыю?

Меркавалася, што пераходам будуць карыстацца найперш працаўнікі тэлевізійнага заводу "Віцязь". Прадпрыемства некалі яго замовіла, і 2 з 6 накірункаў пераходу вядуць якраз да прахадной. Але ў 1996 годзе ўжо затоплены пераход быў перададзены гораду, бо "Віцязь" адмовіўся ад маштабнага будаўніцтва. Каб давесьці аб''ект да ладу, у гарадзкім бюджэце грошай не знайшлося дагэтуль.

Паводле начальніка аддзела будаўніцтва і камунальнай гаспадаркі Віцебскага гарвыканкаму Пятра Крупскага, пытаньне пра падземны пераход узьнімаецца рэгулярна. Асабліва на пасяджэньнях камісіі па бясьпецы дарожнага руху. Таму пераход вырашылі рамантаваць, але не цяпер і ўвогуле невядома калі. Бо, як кажа спадар Крупскі, за 20 год зьмяніліся тэхналёгіі будаўніцтва, і трэба складаць новую праектную дакумэнтацыю. Але інстытут "Віцебскграмадзянпраект" зараз заняты іншымі справамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG