Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы студэнт Акадэміі кіраваньня судзіцца з ВНУ


Алег Грузьдзіловіч, Менск Былы студэнт Акадэміі кіраваньня пра прэзыдэнце Беларусі Юрась Алейнік спрабуе праз суд аднавіцца ў акадэміі, адкуль яго адлічылі нібыта за пропускі заняткаў. Між тым, Юрась Алейнік кажа, што яго адлічылі з палітычных прычынаў.

У Кастрычніцкім судзе Менску пачаўся працэс паводле пазову грамадзкага актывіста Юрася Алейніка да Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце Беларусі.

Юрась адвучыўся ў акадэміі болей за тры гады, меў добрыя адзнакі, але сёлета ў траўні яго адлічылі. Адміністрацыя спасылаецца на пропускі заняткаў, між тым Юрась Алейнік кажа пра палітычныя прычыны.

Паводле яго, прэтэнзіі ўзьніклі з-за ягонага ўдзелу ў акцыях апазыцыі, сяброўства ў Таварыстве беларускай мовы, а таксама актыўнасьці ў студэнцкім руху.

“Гэта вясной даслоўна за два тыдні да адлічэньня я далучыўся да кампаніі збору подпісаў студэнтаў супраць адмены льготаў. Мне ўдалося сабраць ў акадэміі болей за пяцьсот подпісаў”.

Што да пропускаў заняткаў, частку іх Юрась Алейнік прызнае, а пра іншыя кажа, што гэта адбылося вымушана. Прыкладам, яму давялося даглядаць хворую маці.

Гэтую пазыцыю Юрась Алейнік выклаў і сёньня на працэсе, які вядзе судзьдзя Вера Кругава.

Пра вымову Юрася Алейніка не паінфармавалі

Настойваюць на сваіх аргумэнтах і прадстаўнікі Акадэміі кіраваньня.

Прыкладам, спадарыня Бабровіч сказала, што студэнт Алейнік “ня проста, а сыстэматычна прапускаў заняткі”. Яна спаслалася на такія зьвесткі — нібыта летась у лістападзе Юрась Алейнік прапусьціў 39 гадзін вучобы, сёлета ў красавіку — 22 гадзіны. Маладому чалавеку спачатку абвясьцілі вымову, але ён ня выправіўся — і таму адлічылі.

Праўда, прадстаўніца адміністрацыі акадэміі не патлумачыла, чаму атрымалася гэтак, што пра вымову Юрася Алейніка не паінфармавалі.

Без тлумачэньня засталіся й пытаньні пра тое, чаму адлічэньне студэнта не абмяркоўвалася на радзе навучальнай установы, як гэта звычайна бывае.

А.Гулак: “Да яго справы відавочна няроўны падыход”

Сёньня суд пачаў выслухоўваць сьведак. З боку Юрася Алейніка іх заяўлена больш за дзесяць:
Ю.Алейнік: “Верагодна, што могуць быць да іх рэпрэсіі. Але нічога, усё ж прыйшлі падтрымаць”.
“Бачыце, не пабаяліся прыйсьці. Бо тут сёньня прысутнічае і мой дэкан, і ягоныя намесьнікі, прарэктар. Яны ж бачаць, хто прыйшоў, бо ведаюць шмат каго ў твар. Верагодна, што могуць быць да іх рэпрэсіі. Але нічога, усё ж прыйшлі падтрымаць”.

Я зьвярнуўся па камэнтар да гэтай справы да двух чалавек, якія зьявіліся на працэс, — дэкана Інстытуту дзяржаўнага кіраваньня і эканомікі Ўладзімера Язэўчыка, дзе вучыўся Юрась Алейнік, і праваабаронцы Алега Гулака зь Беларускага Хэльсынскага камітэту.

Дэкан ад камэнтара адмовіўся, хаця і паабяцаў выказацца пасьля працэсу.

Алег Гулак сказаў:

“Да яго справы відавочна няроўны падыход, бо з такімі добрымі адзнакамі й такой невялікай колькасьцю пропускаў яшчэ нікога з акадэміі не адлічвалі”.

Судзьдзя Вера Кругава, дарэчы, не дазволіла ў судзе дасьледаваць пытаньне пра тое, пасьля якой колькасьці пропускаў звычайна адлічаюць студэнтаў з Акадэміі кіраваньня. “Гэтае пытаньне ня тычыцца справы”, — заявіла судзьдзя.

Юрась Алейнік перад судом, Менск, 5.09.2007
Юрась Алейнік перад судом

Перад судом у справе аднаўленьня Юрася Алейніка ў Акадэміі кіраваньня, Менск, 5.09.2007
У судовую залю не пусьцілі журналістаў недзяржаўнага тэлебачаньня

Дадамо, што гэта другая спроба Юрася Алейніка аднавіцца ў Акадэміі кіраваньня. У ліпені Кастрычніцкі суд Менску ўжо адмовіў яму ў задавальненьні пазову, але актывіст праз гарадзкі суд Менску дамогся паўторнага разгляду.


Юрась Алейнік спрабуе вярнуцца ў Акадэмію, 12.07.2007 Юрась Алейнік: “Веру, што перамога магчымая”, 14.06.2007
XS
SM
MD
LG