Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Нямеччыне і Даніі выкрылі тэрарыстаў


Юрась Бушлякоў, Прага Да апошняга часу краіны паўночнай Эўропы не станавіліся мішэньню для ісламскіх тэрарыстаў. Арышты, праведзеныя на пачатку тыдня ў Нямеччыне і Даніі, засьведчылі, што тэрарысты пагражаюць і гэтым краінам.

Сёньня паведамлена, што нямецкая паліцыя прадухіліла тэракты на франкфурцкім лётнішчы і шэрагу амэрыканскіх вайсковых аб’ектаў у Нямеччыне. Міністар абароны Нямеччыны Франц Ёзэф Юнг заявіў, што пагроза была “блізкая”. Тры чалавекі (два немцы і турак), падазраваныя ў рыхтаваньні тэрактаў, арыштаваныя.

На пачатку тыдня падазраваныя ў тэрарыстычнай дзейнасьці былі затрыманыя таксама ў Даніі. Затрыманых вінавацяць у рыхтаваньні бомбавай атакі. Паводле дацкіх спэцслужбаў, усе арыштаваныя – ісламскія экстрэмісты, зьвязаныя з “Аль-Каідай”.

На думку Флёрыяна Гаера, аналітыка Цэнтру эўрапейскіх палітычных дасьледаваньняў, ісламісты маюць свае матывы для тэрактаў менавіта ў Нямеччыне і Даніі. Так, Нямеччына бярэ актыўны ўдзел у вайсковых апэрацыях у Аўганістане. На нямецкай тэрыторыі знаходзяцца амэрыканскія вайсковыя аб’екты.

Данія плянуе завяршыць на працягу верасьня вывад свайго вайсковага кантынгенту з Іраку. Флёрыян Гаер, тым ня менш, не выключае, што матывам для дзейнасьці тэрарыстаў у Даніі можа заставацца публікацыя ў 2005 годзе ў адной з дацкіх газэт карыкатураў на прарока Мухамада. Тая публікацыя свайго часу выклікала масавыя пратэсты ў шэрагу мусульманскіх краінаў.

“Нельга адмаўляць, што ў самой Даніі разгарэлася палеміка адносна тых карыкатураў, – гаворыць Флёрыян Гаер. – Гэтая тэма, думаю, па-ранейшаму на парадку дня ў грамадзкіх дыскусіях у Даніі. І той гнеў, які вы́клікала публікацыя карыкатураў, можа быць асноўным матывам для радыкалаў учыніць у Даніі тэракты, накіраваныя супраць дацкай дзяржавы”.
XS
SM
MD
LG