Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адкуль узяліся грошы?


Юры Дракахруст, Прага Як паведаміў Нацыянальны банк Беларусі, ягоныя золатавалютныя рэзэрвы на 4 верасьня склалі 3 мільярды 66 мільёнаў даляраў. Гэта ўсяго на 20 мільёнаў меней, чым было на 1 жніўня 2007 году.

Варта нагадаць, што менавіта ў жніўні Беларусь рабіла вялікія зьнешнія выплаты: напачатку месяца “Газпрому” былі пераведзеныя 456 мільёнаў даляраў у лік пагашэньня доўгу за газ, пастаўлены ў першым паўгодзьдзі, у трэцяй дэкадзе жніўня “Газпрому” было заплачана яшчэ 145 мільёнаў даляраў за ліпеньскія пастаўкі.

У разгар спрэчкі з Масквой наконт аплаты газавай запазычанасьці Аляксандар Лукашэнка заявіў, што доўг будзе аплачаны з рэзэрваў нацбанку, аднак, паводле яго, гэтыя выдаткі будуць кампэнсаваныя на працягу месяца. Паводле сёньняшняга паведамленьня банку, гэтак і адбылося. Нацыянальны банк паведаміў, што крыніцай аднаўленьня запасаў сталі пакупка валюты на ўнутраным рынку і павелічэньне сродкаў ураду на рахунку ў нацбанку.

Некаторыя экспэрты выказваюць пэўныя сумневы ў гэтым. Яны прыгадваюць, у прыватнасьці, продаж дзяржаўнай долі ў кампаніі мабільнай сувязі Velcom замежнаму інвэстару. Сума зьдзелкі не агалошваецца, але некалькі месяцаў таму Аляксандар Лукашэнка казаў пра магчымасьць продажу дзяржаўнай долі ў кампаніі за 400 мільёнаў даляраў. Ня выключана, што грошы, атрыманыя ад зьдзелкі, і пайшлі на аплату газу.

Да таго ж экспэрты зьвяртаюць увагу на хітрыкі падліку рэзэрваў. 3 мільярды рэзэрваў і іх скарачэньне за месяц усяго на 20 мільёнаў даляраў атрымліваецца паводле так званага “нацыянальнага вызначэньня”, мэтодыкі падліку, прынятай нацбанкам. Калі лічыць паводле мэтодыкі, прынятай Міжнародным валютным фондам, вынікі атрымліваюцца крыху іншыя: памер рэзэрваў 2 мільярды 99 мільёнаў на 1 жніўня і скарачэньне іх на 263 мільёны даляраў за месяц. Праўда, і гэтае скарачэньне – значна меншае , чым жнівеньскія выплаты “Газпрому”, але лічбы ўжо сувымерныя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG