Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асудзілі ўдзельнікаў акцыі падтрымкі Івана Шылы


Севярын Квяткоўскі, Салігорск Дзевяць моладзевых актывістаў асуджаныя ў Салігорску за ўдзел у пікеце, які ладзіўся напярэдадні, 4 верасьня.

Маладых людзей затрымалі побач з будынкам суду, дзе ішоў працэс над Іванам Шылам. Шаснаццацігадовага падлетка ўлада вінаваціла ў выступах ад імя незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”.

Найбольшыя суровыя пакараньні атрымалі Алесь Каліта і Маўлюда Атакулава — сем сутак арышту кожнаму. Рэшта атрымала штрафы, якія не перавышаюць пяці базавых велічыняў (каля 155 тысяч рублёў) альбо папярэджаньне.

Адной зь першых выпусьцілі з-пад варты Касю Галіцкую зь Менску. Дзяўчына заявіла на судзе, што прызнае ўдзел у пікеце:

“Прызнаю, бо мы прыехалі дзеля таго, каб падтрымаць нашага сябра Івана Шылу, які, на маю думку, зьяўляецца адным з найпэрспэктыўнейшых дзеячаў “Маладога фронту”. Таму падтрымаць яго быў наш маральны абавязак, і адмаўляцца ад гэтага я не лічу неабходным. Калі б мяне судзілі за “брудную лаянку”, як гэта любяць прыпісваць, я б адмаўлялася, бо такога быць ня можа. А па гэтым артыкуле я віны не адмаўляла”.

Зьміцер Ясевіч атрымаў папярэджаньне. Хлопец паабяцаў у судзе, што “болей так ня будзе”. Па вызваленьні з-пад варты Зьміцер Ясевіч патлумачыў:

“Я не адмаўляюся ад свайго грамадзянскага абавязку. Я буду працягваць сваю дзейнасьць у першых шэрагах “Маладога фронту”. Мая пазыцыя ў судзе — значыць займацца іншымі справамі, дапамагаць “Маладому фронту” ў падтрымцы сваіх палітзьняволеных, а не сядзець у Салігорску на сутках. Трэба асноўнай работай займацца”.

Сярод затрыманых і асуджаных паводле Адміністрацыйнага кодэксу былі Франак Вячорка, Зьміцер Хведарук, Тацяна Буланава, Дзяніс Карноў і Віктар Дзенісевіч.
XS
SM
MD
LG