Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне: ці справядлівая пэнсійная сыстэма ў Беларусі?


Галіна Абакунчык, Менск Зь верасьня ў Беларусі ўпершыню селёта падвысілі пэнсіі — на 7%. Ці справядлівая беларуская пэнсійная сыстэма? Гэтае пытаньне наша карэспандэнтка задавала людзям на вуліцах Менску.

Спадарыня: “Ведаю, што пэнсіі для дзяржслужбоўцаў свае, у працоўных свае. Пакуль сама з гэтым не сутыкалася, таму ня ведаю, правільна гэта ці не. Але мне падаецца, што трэба дыфэрэнцыяваць паводле стажу, умоваў працы і гэтак далей”.

Спадарыня: “Сыстэму пэнсійнага забесьпячэньня неабходна рэфармаваць, каб наблізіць яе да кожнага чалавека. Каб улічваць ягоныя заслугі перад радзімай, перад народам. Каб улічваць працу людзей, якія займалі малапрэстыжныя пасады. Да прыкладу, малодшы мэдычны пэрсанал, альбо ў сыстэме адукацыі. Бо бяз гэтых людзей і іхняй працы жыць немагчыма”.

Спадарыня: “Не, канечне. Бо ў мяне пэнсіянэры бацькі — і ведаю, што ім на жыцьцё не хапае. І мае асабістыя пэрспэктывы таксама мала радасныя”.

Карэспандэнтка: “Ці справядлівая пэнсійная сыстэма ў Беларусі?”

Спадар: “Не, абсалютна. Як можна пражыць на такія грошы?”

Спадарыня: “Я думаю, што несправядлівая. У мяне ёсьць стрыечны брат, ён былы палкоўнік. Дык ён кажа, што яму ягонай пэнсіі хапае. А мая мама ўсё жыцьцё прапрацавала ў калгасе, і яны, гэтыя бабулькі, цяпер атрымоўваюць капейкі”.

Спадар: “Вось я апошнім часам думаю: чаму я не пайшоў у войска, чаму я не пайшоў у міліцыю на прафэсійнай аснове? Бо шкада тых гадоў, што працуеш, працуеш, а пэнсіі ўсё не заслужыў”.

Спадарыня: “Ведаеце, справядлівасьці ў сьвеце ўвогуле няма. У кожнага сваё ўяўленьне пра справядлівасьць. Таму казаць пра ўсю пэнсійную сыстэму я не магу. Я сваёй пэнсіяй задаволеная, бо працавала ў праваахоўных органах. А ўвогуле, мае сяброўкі, з настаўніц і лекарак, то яны жывуць кепска”.

Спадарыня: “Я ня ведаю. Кожны чалавек працаваў, зарабляў нейкія грошы, з таго і налічвалі. Быў бы ў мяне большы заробак, я б таксама больш атрымлівала. А так — колькі атрымоўваю, гэтулькі й атрымоўваю. Дзякуй богу”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG