Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Наш Аляксандар Рыгоравіч — бы казачны Дзед Мароз ці Стары Хатабыч, толькі барады бракуе”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

У гэтыя верасьнёўскія дні ў Беларусі шмат гавораць і пішуць аб праблемах школы: толькі што пачаўся новы навучальны год. Свой погляд на сёньняшні стан беларускай сыстэмы адукацыі і ў многіх слухачоў “Свабоды”.

З аднаго зь лістоў на гэтую тэму і пачну сёньняшнюю размову. Наш сябар Кастусь Сырэль з Вушачаў напісаў пасьля таго, як паглядзеў па дзяржаўным тэлебачаньні, як прэзыдэнт Лукашэнка напярэдадні 1 верасьня наведваў толькі што пабудаваныя ці адрамантаваныя, дыхтоўна абсталяваныя школы. Слухач з нагоды ўбачанага піша:

“Наш Аляксандар Рыгоравіч — бы казачны Дзед Мароз ці Стары Хатабыч, толькі барады бракуе. Дзе ён зьявіцца, там на шчупаковы загад усё расьцьвітае. А дзе, прабачце за выраз, бардак — там яго днём з агнём не сустрэнеш.

Вось хай бы ён наведаў вушацкую школу. Рамонт тут цягнецца ўжо чатыры гады, не спыняючыся і ў час заняткаў. Трэба толькі зьдзіўляцца цярплівасьці і самаадданасьці вушацкіх настаўнікаў, што чатыры гады працуюць у такіх умовах; а таксама здольнасьці вучняў, што яшчэ ўмудраюцца неяк паступаць у ВНУ.

Бацька аднаго зь сёньняшніх адзінаццаціклясьнікаў мне сказаў: “Якія веды можа атрымаць мой сын, калі ў час уроку ў суседняй клясе працуе адбойны малаток, а ў школе чатыры гады стаўбуном стаіць пыл?”

Так, прыехаў 1 верасьня на першы званок зь Віцебску нейкі начальнік з аблана, вельмі ўжо прабачаўся за гэты пэрманэнтны рамонт: грошай, маўляў, бракуе. Прабачце, ня веру! На нікому не патрэбныя прэзыдэнцкія домікі грошы цякуць ракой.

Карацей кажучы, паабяцаў гэты начальнік да Новага году прывесьці школу ў належны выгляд. Але ягонымі абяцанкамі веды не заменіш. Як дзецям вучыцца, як потым паступаць?”


Такая ж ці падобная сытуацыя ў многіх беларускіх школах, якіх не паказваюць у рэпартажах дзяржаўных тэлеканалаў. А яшчэ адна, ня меншая бяда для тысяч вясковых беларускіх дзяцей — масавае закрыцьцё так званых малакамплектных школаў.

Ліквідуючы іх, чыноўнікі абгрунтоўваюць такое рашэньне інтарэсамі эканоміі, і абяцаюць, што дзяцей будзе падвозіць у іншую школу аўтобус. Але таго аўтобуса ў многіх вёсках гадамі ня бачаць, а дзецям даводзіцца пешшу хадзіць у суседнія вёскі часам за пяць і нават дзесяць кілямэтраў.

Зьява такая за апошнія гады стала ў Беларусі масавай. А на шматлікія скаргі бацькоў у чыноўнікаў заўсёды знаходзіцца стандартны адказ: то бэнзіну няма, то аўтобус зламаўся, то шофэр захварэў…

Наш слухач Аляксандар Корж з Гомелю свой электронны ліст на “Свабоду” напісаў пасьля таго, як пачуў аповед Марка Саньнікава з Добрушу — вынаходніка, які шмат гадоў безвынікова спрабуе зацікавіць уладу сваім праектам энергаўстаноўкі. Слухач піша:

“Ня выходзіць у мяне з галавы гэты выпадак. На словах у нас у дзяржаве ўсё для чалавека, а ў сапраўднасьці — якраз наадварот. Хочацца пажадаць спадару Саньнікаву вялікага цярпеньня.

Асабіста я стаўлюся да сучаснай беларускай навукі зь яе адміністрацыйным мэханізмам кіраваньня, як да жэньшэневага крэму, у якім утрыманьне жэньшэню — адна дзесяцітысячная частка, а ўсё астатняе — інэртны і бескарысны вазэлін.

Добрую справу робіць Іна Кулей, якая па сутнасьці ратуе генафонд краіны ў цывілізаваным навучаньні моладзі за мяжой. Гэтак і трэба рабіць, пакуль нашы дзеці не ператварыліся ў той самы інэртны вазэлін для змазкі сучаснай “луканомікі”. Але ратаваць трэба ня толькі тых, хто яшчэ вучыцца, але і тых, хто гатовы ўжо нешта прапанаваць, а ў сваёй краіне яго ідэі не запатрабаваныя.

Я пражыў вялікае жыцьцё, а дажываць даводзіцца ў час, які нагадвае эпоху, што даўно прамінула. Агульнай масе насельніцтва ў нас абяцаюць сьветлую будучыню, і толькі невялікі працэнт жыве ў сьветлай рэчаіснасьці.

А чаму сьветлай павінна быць будучыня, а не сёньняшні дзень? Калі ўлада ня можа нічога прапанаваць сёньня, яна проста вешае локшыны на вушы свайму легкавернаму народу”.


Ды надта вялікіх (а тым больш канкрэтных) абяцаньняў з боку сёньняшняй улады і няма, спадар Корж. Гэта ў мінулым стагодзьдзі савецкія лідэры легкадумна малявалі перад працоўнымі масамі сьветлыя вяршыні й называлі канкрэтныя даты, калі гэтыя вяршыні будуць адоленыя.

Мікіта Хрушчоў, напрыклад, абяцаў пабудаваць камунізм да 1980 году. А Міхаіл Гарбачоў казаў, што ў 2000 годзе кожная савецкая сям’я будзе жыць у асобнай кватэры.

Сёньняшняя беларуская ўлада нічога такога глябальнага сваім грамадзянам не абяцала. Хіба што ў дробязях — напрыклад, тое, што камунальныя плацяжы сёлета вырастуць ня болей чым на пяць даляраў.

У мінулым месяцы двойчы (8 і 15 жніўня) мы зьвярталіся да ліста Галіны Мядзюк з Барысава. Нагадаю, размова ішла пра побытавую спрэчку слухачкі з адстаўным міліцыянтам — хто каму павінен саступіць дарогу на вузкай сьцежцы.

Канфлікт скончыўся тым, што суд аштрафаваў спадарыню Мядзюк на невялікую суму — адну базавую велічыню (нібыта за лаянку). А яна з таго часу ўжо два гады вядзе змаганьне з дапамогай розных інстанцыяў, бо лічыць сябе несправядліва пакрыўджанай.

Пра гэтую гісторыю выказаўся ў сваім лісьце на “Свабоду” наш слухач Анатоль Жэрдзеў з Гомелю:

“Нейкі хам сьпіхнуў жанчыну з дарогі ў гразь, а яе ж яшчэ і аштрафавалі. Сэнс жа камэнтару такі: ужо ня трэба той жанчыне судзіцца з хамам, і наагул, мы (Валянцін Жданко) ня ведаем, што ў сапраўднасьці там адбывалася. Такі камэнтар нельга разглядаць інакш, як карт-блянш усяму беларускаму хамству.

Па-першае, замест тых “Падарожжаў Свабоды” лепш было б зьезьдзіць у той бок і даведацца, што там было насамрэч.

А па-другое, як паказвае досьвед, у нас з часу бальшавізму стаўленьне да жанчыны зусім не эўрапейскае. Стала звычаем, што ў грамадзкім транспарце мужчыны сядзяць, нават не саромеючыся, хоць побач стаіць жанчына. Таталітарызм і высакароднае стаўленьне да жанчыны несумяшчальныя, бо даведзеная да рабскага стану жанчына будзе і дзяцей выхоўваць такімі ж.

Хто слухае Радыё Свабода, ведаюць пра звальненьне маці Паўла Севярынца — настаўніцы, да якой не было ніякіх прэтэнзіяў, пакуль яе сын ня стаў апазыцыянэрам.

Уладам добра вядома, якую ролю адыгрываюць сапраўдныя жанчыны ў выхаваньні сапраўдных мужчынаў. І калі б хтось спытаў: “Што галоўнае ў захаваньні бясьпекі дзяржавы?”, то мой адказ быў бы такі: “Абарона гонару і годнасьці тых, хто выхоўвае дзяцей, а гэта найперш жанчыны”.

Паліўна-энергетычныя, харчовыя ды іншыя праблемы — другасныя, бо ўсё залежыць ад культуры грамадзтва. Ці гэта ёсьць культура халуйства, ці — культура свабодных, добра адукаваных і выхаваных людзей”.


З павагай правоў жанчын і дэманстрацыяй шляхетных паводзінаў ня ўсё так проста і ў дэмакратычных краінах, спадар Жэрдзеў.

Эмансыпацыя ў некаторых зь іх дайшла да такіх межаў, што ваша спроба саступіць жанчыне месца ў грамадзкім транспарце можа выклікаць зусім ня тую рэакцыю, на якую вы разьлічваеце. Напрыклад, якая-небудзь актывістка фэмінісцкага руху можа абурыцца вашым учынкам, які яна палічыць дэманстрацыяй непавагі да яе роўных з мужчынамі правоў і абавязкаў.

Што да ліста Галіны Мядзюк з Барысава. Размова не пра тое, хто ў той канфліктнай сытуацыі быў пакрыўджаным, а хто — крыўдзіцелем, хто хамам, а хто — ахвярай хамства.

І ўвагу на гэты ліст я зьвярнуў зусім ня дзеля таго, каб расставіць усе кропкі над “і” ў дробязным і ня вартым значнай грамадзкай увагі эпізодзе. Размова пра даволі распаўсюджаную сацыяльную зьяву, калі падобны дробны канфлікт мяняе чалавеку ўвесь стыль і сэнс жыцьця, на доўгія гады ператварае ўсё яго існаваньне ў адну суцэльную судовую спрэчку.

На заканчэньне кароткі ліст з Магілёва, ад школьніка Міхаіла Гнутага. Слухач зьвяртаецца з наступнай просьбай:

“Я вельмі ганаруся нашым славутым пісьменьнікам Уладзімерам Караткевічам. Было б добра больш даведацца пра жыцьцё гэтага таленавітага аўтара, бо для мяне ён, безумоўна, найлепшы зь беларускіх пісьменьнікаў. Дзякуючы яму ў нас яшчэ жыве беларушчына”.

На працягу некалькіх мінулых месяцаў у эфіры “Свабоды” гучаў цыкль праграмаў “Вострая Брама” пад назвай “Лета з Караткевічам”. Гэтыя перадачы, упершыню запісаныя два гады таму, прысьвечаныя якраз той тэме, якая цікавіць вас, Міхаіл. З тэкстамі іх вы можаце пазнаёміцца на сайце “Свабоды”.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і суботу. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG