Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дырэктыўныя дакумэнты КДБ савецкага часу зьявіліся ў Інтэрнэце


Ганна Соўсь, Менск Арыгінальныя дырэктыўныя дакумэнты КДБ, датычныя краінаў Балтыі за савецкім часам, зьмясьцілі на новым сайце kgbdocuments.eu --> http:// www.kgbdocuments.eu . Стваральнікі сайту — супрацоўнікі Цэнтру дасьледаваньняў генацыду і супраціву жыхароў Літвы — плянуюць выставіць аналягічныя дакумэнты спэцслужбаў Украіны, Польшчы і Нямеччыны. Беларускія архівы КДБ дагэтуль закрытыя.

Сайт kgbdocuments.eu зьявіўся ў інтэрнэце ў мінулую пятніцу, але ўжо займеў папулярнасьць. Напрыклад, учора яго наведалі больш за тысячу чалавек.

Прадстаўнік Цэнтру дасьледаваньняў генацыду і супраціву жыхароў Літвы Рычардас Чакуціс сярод задачаў гэтага праекту называе і наступную:

“Расейскія СМІ вельмі часта скажалі і цяпер скажаюць гісторыю трох краінаў Балтыі. Не хацелася, канечне, зь імі спрачацца, а проста паказаць выключна дакумэнты без аніякіх камэнтароў, каб кожны, хто цікавіцца, мог бы паглядзець гэтыя дакумэнты і сам зрабіць высновы”.

Як выкрывалі літоўскіх ды іншых буржуазных нацыяналістаў

Сярод зьмешчаных на сайце дырэктыўных дакумэнтаў КДБ — “Плян агентурных мер у справе ўзмацненьня барацьбы КДБ з ідэалягічнай дывэрсіяй сярод творчай інтэлігенцыі Літвы” 1982 году.

Ёсьць копіі дакумэнтаў аб сталым назіраньні за аўтарамі і выдаўцамі антысавецкіх дакумэнтаў, даведка аб зробленай працы “ў выкрыцьці праз друк і радыё літоўскіх ды іншых буржуазных нацыяналістаў” 1960 году.

Усе апублікаваныя дакумэнты сканаваныя з арыгіналаў, іх можна шукаць праз згаданыя прозьвішчы, месцы, даты, аддзелы КДБ у краінах Балтыі.

Рычардас Чакуціс лічыць, што гэты сайт можа дапамагчы студэнтам-гісторыкам і навукоўцам у дасьледчых працах. Самі ж супрацоўнікі Цэнтру дасьледаваньняў генацыду і супраціву жыхароў Літвы ўжо шмат гадоў вывучаюць былыя архівы КДБ.

“У Літве, Латвіі і Эстоніі няма ніякай праблемы з доступам да архіваў. Можна проста зарэгістравацца, браць і чытаць на месцы розныя дакумэнты. У нас ёсьць супрацоўнікі, якія стала сядзяць у архівах, чытаюць розныя дакумэнты, судовыя справы. Мы ўвесь час пашыраем свае базы зьвестак з архіваў”.

Пакуль існуе гэтая ўлада, мы ніколі не пабачым дырэктыўных дакумэнтаў гэтай структуры”

Плянуецца, што надалей на сайце зьявяцца аналягічныя дырэктывы савецкіх спэцслужбаў Украіны, Польшчы, Нямеччыны. Што да магчымага ўдзелу Беларусі...

“Наколькі я ведаю, кантактаў зь беларускім бокам амаль ніякіх няма”, — кажа Рычардас Чакуціс.

Прадстаўнік беларускага Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Валеры Надтачаеў ня бачыў новага сайту з дакумэнтамі КДБ савецкага часу ў краінах Балтыі.

“Тут трэба прадметна разьбірацца ў кожным канкрэтным выпадку, якія дакумэнты... Я не глядзеў гэтага сайту, не глядзеў гэтых дакумэнтаў, таму не гатовы камэнтаваць”, — кажа Надтачаеў.

Гісторык Тацяна Процька, якая напачатку 1990-х гадоў працавала ў архівах КДБ, лічыць, што пры цяперашняй уладзе абнародаваньне дырэктыўных дакумэнтаў спэцслужбаў малаверагоднае.

“Бо гэтая ўлада асноўным сваім падмуркам мае дзейнасьць спэцслужбаў. Сёньня, калі мы паглядзім структуру нашага сучаснага КДБ, то яны займаюцца ўсімі праблемамі разьвіцьця беларускай дзяржаўнасьці. Пакуль існуе гэтая ўлада, мы ніколі не пабачым дырэктыўных дакумэнтаў гэтай структуры”, — мяркуе Тацяна Процька.

У большасьці постсавецкіх краінаў створаныя музэі ахвяраў камунізму альбо адпаведныя дасьледчыя цэнтры. Сёлета ў чэрвені ў Кіеве адкрыўся Музэй савецкай акупацыі, яго наведваў прэзыдэнт Юшчанка зь сям’ёй. У музэі знаходзяцца шмат унікальных дакумэнтаў з архіваў спэцслужбаў. Аналягічны Музэй савецкай акупацыі ўжо некалькі гадоў існуе і ў Тбілісі.

Ад 1 верасьня на сайце “Мартыралёг Беларусі” друкуюцца біяграмы ахвяраў камуністычных рэпрэсіяў — разам каля 60 тысяч імёнаў людзей, якія былі расстраляныя, зьняволеныя ў канцлягерах, высланыя зь Беларусі ў гады савецкага тэрору.

Штодня ад 1 верасьня да 10 сьнежня — Усясьветнага дня правоў чалавека — у эфіры “Свабоды” будзе згадвацца адно імя, успамін пра адно жыцьцё, пра адзін лёс з сотняў тысячаў, абарваных камуністычным рэжымам.

Сьпісы ахвяраў — на сайце martyraloh.org — будуць даступныя праз сайт svaboda.org.
XS
SM
MD
LG