Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падарожжа ў Менск – “вакацыі зь Леніным”


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава У апошнім нумары адзін з найбольш папулярных польскіх тыднёвікаў “Палітыка” (Polityka) друкуе даведнік “Вакацыі зь Леніным” – для тых, хто зьбіраецца наведаць сталіцу Беларусі. Аўтары даведніка лічаць, напрыклад, што Менск можа вельмі падабацца... аматарам кампутарных гульняў.

“Падарожжа ў Беларусь - гэта не звычайны выезд за мяжу, а падарожжа экзатычнае. Штосьці для прыхільнікаў альтэрнатыўнай гісторыі ці нават віртуальнай рэальнасьці”, – пішуць аўтары даведніка Малгажата Ноцунь і Анджэй Бжазецкі і раяць пачаць знаёмства зь Беларусьсю ад Менску.

На іхную думку, “калі прызнацца шчыра, дык Менск горад непрыгожы, але гэта абсалютна не азначае, што гэта горад нецікавы”.

“У будучыні менская архітэктура і клімат могуць быць на вагу золата. Напрыклад у Кракаве турысты добра плацяць каб іх завезлі ў “Трабанце” са старога гораду да Новай Гуты – паказальнага мікрараёну сацыялістычных часоў – бо хочуць лізнуць соцрэалізму”, – піша “Палітыка”.

Падарожа паляка ў Беларусь пачынаецца з атрыманьня візы – што, паводле аўтараў, справа не зусім простая, і цягніка Менск–Варшава зь песьнямі Алы Пугачовай, якія ўключае “строгая правадніца”.
”Тое, што ня зьнішчыла вайна – зьнішчылі савецкія ўлады.”
“На вакзале ў Менску неспадзяванка – такога сучаснага вакзала ў Варшаве няма і, напэўна, доўга ня будзе. Але гэта не канец сюрпрызаў – паляк пазбаўляецца прыемных пачуцьцяў, якія, напрыклад, мелі турысты з Заходняй Эўропы, калі прыяжджалі ў ПНР – са сваімі грашыма зусім не адчуваеш, што тут можаш купіць больш. Няма нічога таньнейшага. Менск – горад дарагі, часам нават вельмі дарагі”.

Аўтары адзначаюць, што жыхар, прыкладам, Кракава ці Ўроцлава, прызвычаены да рынкавай плошчы і старых дамоў, будзе блукаць па Менску ў пошуках старога гораду, чагосьці, што дазволіла б яму зарыентавацца, дзе ён знаходзіцца.

“Але ад старога Менску амаль нічога не засталося. Тое, што ня зьнішчыла вайна – зьнішчылі савецкія ўлады. Было зруйнавана ўсё, што нагадвала аб традыцыях... Менск павінен быў стаць савецкім горадам з бронзавымі скульптурамі партызанаў і герояў Чырвонай арміі. І такім Менск застаўся”, – пішуць Малгажата Ноцунь і Анджэй Бжэзецкі.

Аўтары грунтоўна пазнаёміліся зь беларускай сталіцай, наведаўшы дзясяткі месцаў – ад ГУМу і Палацу рэспублікі да Траецкага прадмесьця і касьцёла сьвятых Сымона і Алены. Аўтары даведніка наведалі Курапаты і былі ўражаныя гэтым месцам.

“Цяжка не адчуць у Курапатах прысутнасьць нейкай дзіўнай сілы ды адважыцца ўвайсьці ў гэты лес далей. Давайце памаўчым хвіліну на ўскрайку лесу,” – гэтымі словамі завяршаецца даведнік “Вакацыі зь Леніным”, які друкуе польскі часопіс “Палітыка”.

• Białoruś: Wakacje z Leninem
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG