Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анонс падзеяў 5 верасьня


Падрыхтавала Юлія Шарова

Сёньня ў Маскоўскім раённым судзе Берасьця чакаецца працяг разгляду справаў паплечнікаў Паўла Севярынца. Іх затрымалі 19 жніўня ў часе прэзэнтацыі кнігі “Лісты зь лесу”. Рашэньня чакаюць яшчэ 12 чалавек.

“Людзі абсалютна бяспраўныя – ні за што схапілі, ні за што пасадзілі, ні за што асудзілі. Прычым справы гэтыя шытыя белымі ніткамі, і выглядае гэта як замова зьверху, але замова на аднаго чалавека – Паўла Севярынца”, – кажа праваабаронца Ўладзімер Вялічкін.

***

Сёньня ў Кастрычніцкім раённым судзе Менску працягнецца разгляд справы студэнта Юрася Алейніка, якога напярэдадні летняй сэсіі выключылі з Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце па палітычных матывах. Спадар Алейнік дамагаецца аднаўленьня ў Акадэміі.

Алейнік: “Усё павінна быць празрыста: мяне ўзнаўляюць на тую кропку, зь якой адлічылі – гэта тыдзень да сэсіі. Мне дадуць пэўны тэрмін, каб даздаць тую сэсію. Калі я вырашу працягнуць навучаньне там далей – а хутчэй за ўсё так і будзе – то я скончу і пяты курс”.

***

Сёньня ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы адкрываецца новы сэзон. Традыцыйна ён пачынаецца спэктаклем “Паўлінка”. Сёлета чакаецца шэраг новых пастановак.

“Да пастаноўкі тэатар рыхтуе камэдыю Гальдоні “Лёкай двух гаспадароў”, драму “Дзеці Ванюшына” Найдзёнава, сярэднявечны дэтэктыў зь першапачатковай назвай “Гэта было 500 гадоў таму” па матывах дакумэнтальнай аповесьці Кастуся Тарасава “Чорны шлях”, камэдыю “Пінская шляхта” Дуніна-Марцінкевіча”, – расказвае вядучы рэдактар літаратурна-драматургічнай часткі тэатру Лавінія Шарыпкіна.
XS
SM
MD
LG