Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяцей перавучваюць казаць “До свидания!” замест “Да пабачэньня!”


Радыё Свабода Агляд недзяржаўных СМІ 5 верасьня

Сёньня газэта “Наша слова” зьмяшчае фотарэпартаж аб усталяваньні ў Полацку помніка Ўсяславу Чарадзею.

Таксама “Наша слова” паведамляе пра новую кнігу “У пошуках ісьціны” знаўцы беларускай мовы прафэсара Івана Лепешава. Газэта перадрукавала артыкул пра чарнавікі купалаўскай “Паўлінкі”.

Сярод аўтараў тыднёвіка “Наша слова” – старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў. Ён дасьледуе гісторыю заснаваньня Вялікага княства Смаленскага на чале з князем Станіславам – сынам Уладзімера Хрысьціцеля.

Сёньня недзяржаўны тыднёвік “Вольнае Глыбокае” працягвае дасьледаваць тэму зьяўленьня рускамоўнай клясы ў адзінай на ўвесь горад беларускай школе. Паведамляе журналіст Уладзімер Скрабатун:

“Два дзіцячыя садкі былі арыентаваныя на гэту школу. Менавіта беларускамоўныя садкі. Да нядаўняга часу там увесь працэс выхаваньня быў на беларускай мове: “Смачна есьці!”, “Да пабачэньня!”. А вось цяпер жанчына забірала з садка дзіця сваё і сказала ўсім: “Да пабачэньня!”. Ёй тут запярэчылі: “Нет, уже нужно говорить: «До свидания!».

Рэгіянальная газэта “Бобруйский кур’ер” сёньня піша пра будаўніцтва ў горадзе лядовага палацу і пра закрыты на рамонт радзільны дом. Журналіст Віктар Качан:

“Радзільны дом пабудаваны на месцы былых могілак. Вельмі шмат чутак аб ім ходзіць. Тут то адна хвароба, то іншая здараюцца. Даводзіцца часта чуць ад маладых жыхарак Бабруйску: “Я ў Бабруйску ніколі не буду нараджаць, а толькі ў Менску, напрыклад”.
XS
SM
MD
LG