Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці пагражае дзікай прыродзе 150-тысячная армія беларускіх паляўнічых?


Ігар Карней, Менск У Беларусі абвешчаны сэзон паляваньня на капытных зьвяроў. Да 30 верасьня можна паляваць на дарослага лося і аленя, а з кастрычніка – на дзікоў і казуляў. За права паляваць трэба плаціць і кожны абраны для адстрэлу экзэмпляр мае свае расцэнкі.

Да 1998 года паляўнічым аўтаматычна станавіўся кожны, хто ўступаў у адно з паляўнічых таварыстваў. Аднак ужо амаль 10 гадоў сытуацыя прынцыпова іншая: паляваць можна толькі з дзяржаўным пасьведчаньнем на права паляваньня. Выдае такі дазвол прадпрыемства «Белдзяржпаляваньне». Як кажа вядучы інжынэр аддзелу дзяржаўных пасьведчаньняў на права паляваньня Аляксандар Тарабей, чымсьці пасьведчаньне падобна на талён кіроўцы -- плястыкавая картка з улікам парушэнняў і ўплаты дзяржаўнай пошліны. Каго можна лічыць сапраўдным паляўнічым?

“Чалавек, які мае пасьведчаньне на права паляваньня. Справа ў тым, што ў старыя добрыя часы, у асобных месцах нават яшчэ гадоў пяць таму, паляўнічы білет даваў магчымасьць быць любому паляўнічым. А зараз – пасьведчаньне на права паляваньня, плюс паляўнічы білет. У 1998-1999 гадах была масавая выдача пасьведчаньняў на права паляваньня. То бок, усе сябры таварыства паляўнічых, якія былі ў нас у краіне, атрымлівалі гэтыя пасьведчаньні. Таму наступны год і 2009-ы ў нас будуць дакладныя дадзеныя па колькасьці паляўнічых у Беларусі. А цяпер колькасьць паляўнічых, паводле апошніх дадзеных на другі квартал, 148 169 чалавек”. Спадар Тарабей удакладніў, што ўсе замежнікі, якія прыяжджаюць у Беларусь на камэрцыйныя паляваньні, гэтаксама знаходзяцца на кантролі «Белдзяржпаляваньня». І могуць паляваць толькі па кантракце з фірмай, якая мае ліцэнзію Міністэрства спорту: “Так, мы арганізуем ім туры. У нас працуе аддзел замежнага турызму. Таму, натуральна, усе дамовы заключаюцца праз нас”. Папоўніць армію паляўнічых ня так і проста. Прэтэндаваць на дзяржаўнае пасьведчаньне можа любы дзеяздольны грамадзянін Беларусі, дасягнуўшы 18 гадоў. «Абітурыенты» могуць здаць іспыты ў лясгасах раёнаў ці ў вытворчых лесагаспадарчых аб''яднаньнях. Іспыты складаюцца з 12 пытаньняў, правільна трэба адказаць як мінімум на 10. Але яшчэ больш складанасьцяў з набыцьцём і афармленьнем паляўнічай стрэльбы: на легалізацыю запатрабуецца не адзін дзень хаджэньняў па самых розных інстанцыях.

Жыхар Менска Арцём Калдун паляваньне лічыць найвялікшым хобі. Не падзяляе шчымлівасьці наконт жаласьці да “ні ў чым не вінаватых зьвяроў”, паколькі, кажа, на трафэі ідуць пераважна хворыя і старыя жывёлы. Да таго ж, заробленыя ляснымі гаспадаркамі грошы ад продажу ліцэнзій ёсьць ці не асноўнай крыніцай фінансаваньня. Проста адстрэлам цяпер ніхто не займаецца, кажа Калдун: “Не, так не бывае, трэба купляць ліцэнзію. Прычым, гэта ўсё калектыўнае паляваньне, ты ня можаш быць адзін. Ты павінен быць са спэцыялістам у гэтай галіне, зь егерам. А яшчэ лепей з сябрамі, каб ужо гарантавана ўсё перакрыць, усе ўваходы-выхады. Канкрэтна ў кожнай гаспадарцы (а ёсьць лесапаляўнічыя гаспадаркі, ёсьць гаспадаркі Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў, а таксама “ваенпаляваньне”. То бок, у залежнасьці ад таго, у чыіх ўладаньнях ты палюеш, там ліцэнзію і набываеш. Але, як правіла, рэспубліканскія стаўкі аднолькавыя, могуць розьніцца хіба што ў некалькі тысяч рублёў. На аднаго чалавека, канешне, прасьцей на гэтую суму пайсьці на рынак ды купіць мяса. А калі гэта калектыўнае паляваньне, то, натуральна, сума ліцэнзіі раскідваецца на колькасьць паляўнічых. Гэта не так дорага і ў той жа час ты атрымліваеш рэальнае задавальненьні кавалак мяса свой. А таксама зносіны і адрэналін”. Сёлетнія расцэнкі на паляваньне такія: права на трафэйны адстрэл дзіка – 230 тысяч рублёў за галаву, высакароднага аленя – 450 тысяч рублёў, лася – 530 тысяч. Для замежнікаў кошты шматразова большыя і вымяраюцца тысячамі даляраў. Дарэчы, бальшыня скандалаў з несанкцыянаваным адстрэлам прыходзяцца таксама на іншаземцаў. Летась у Белавескай пушчы два швайцарцы забілі зубрыху з бычком, маючы ліцэнзію толькі на дзіка і аленя. На турыстаў была заведзеная крымінальная справа. Але ў выніку штраф у 27 тысяч эўра заплаціла нямецкая турфірма, а на радзіме іх пажыцьцёва пазбавілі права на паляваньне. У паляўнічага Арцёма Калдуна запытваю – якія месцы ў Беларусі лічацца найбольш багатымі на дзічыну? “Самы казырны па дзіковых справах – гэта, канешне, Браслаўскі раён. Там проста перанасяленьне дзіка. Тэма гэта мусіруецца ўжо колькі гадоў запар за кошт разьвіцьця ціхіх зонаў, забароненых да адстрэлу ад 3 да 5 гадоў. У выніку зьвер так моцна распладзіўся, што людзям не дае бульбу не пасадзіць, ні потым яе выкапаць. Разрывае і зьядае. Лагойскі раён – алень, вельмі нядрэнна там усё. Берасьцейскі раён – ласіныя месцы, то бок, шмат лася. А ўвогуле са зьверам у нас цяпер усё ў парадку. Зьвер аднавіўся за кошт пісьменнай палітыкі вось гэтых ціхіх зонаў, пачаў міграваць, нядрэнна рассяляцца. Мядзьведзі вярнуліся, рысі. У Магілёўскай вобласьці ад рысяў ужо проста плачуць егеры. А біць нельга – яны ў Чырвонай кнізе. А рысь вельмі адчувальна зьнішчае маладняк: маладых сьвіней, маладых казуль. І па вялікаму рахунку яна пачынае ўжо шкодзіць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG