Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Наташа Аліева зь Менску ведае, як выйсьці замуж за прынца


Алесь Дашчынскі, Менск У Менску знаходзіцца член кіруючай ў эміраце Дубай сям’і шэйх Саід бен Мактум Аль Мактум. Ён прыехаў на пачатку жніўня паўдзельнічаць у спаборніцтвах па стэндавай стральбе. За гэты час ён пасьпеў ажаніцца з 19 - гадовай Натальляй Аліевай, якая працавала афіцыянткай у рэстаране гатэлю “Менск”.

“Ня ўся нават сьвіта ведае, што ён ажаніўся”

Як пазнаёміўся арабскі прынц з афіцыянткай зь Беларусі, пакуль застаецца таямніцай. Аднак шэйх Саід так закахаўся, што адмовіўся ехаць на спаборніцтвы ў Расею і працягнуў сваё знаходжаньне ў Менску. Мэнэджэр гатэлю “Менск” Павал Навакоўскі апавёў:

“Для мяне і для іншых не зразумела як гэта адбылося, бо ўся прадукцыя, ежа, тое, што прыносіцца прынцу пад вялікім кантролем. Там сэк’юрыці і свае кухары і людзі, якія дастаўляюць ежу ў нумар. Проста на падлогу, дзе ён есьць. Там ніхто не прыходзіць, акрамя нашых пакаёвак, калі прынц ідзе на трэніроўку. Немагчыма гэта ўсё даведацца. Усё моцна хаваецца. Ня ўся нават сьвіта ведае, што ён ажаніўся”.

“Яму толькі 30 гадоў і ў яго толькі пяць дзяцей”

Шэйх Саід ужо жанаты і мае пяцёх дзяцей. З Беларусі ў Дубаі ён прывязе яшчэ адну жонку.

“Ну жаніўся-жаніўся. Для яго гэта толькі пачатак. Яму толькі 30 гадоў і ў яго толькі пяць дзяцей. Для яго гэта толькі пачатак”.

Сёньня ў шэйха Саіда была трэніроўка. А заўтра ён зьбіраецца ляцець на спаборніцтвы на Кіпр, а адтуль у Дубай. А ці забірае ён з сабой Натальлю? На гэта Павал Навакоўскі сказаў:

“Не магу сказаць, бо там праблемы з візамі. Яна жыве ў іншым гатэлі. Тое, што ён ляціць, гэта дакладна”.

“Жанчыны ня могуць быць на яго малітве”

Павал Навакоўскі кажа, што прынц адчувае сябе ў гатэлі “Менск” як дома. У ягоным нумары абсталяваны пакой для малітвы, сталовая і пакой, дзе ён размаўляе са сьвітай. Але шэйх Саід моліцца без жонкі?

“Так, жанчыны ня могуць быць на яго малітве. Толькі мужчынскі пол”.

Карэспандэнт: Дык калі яны тады сустракаюцца?

“Сустракаюцца яны вечарам. Пасьля трэніроўкі ён прыяжджае да яе ў гатэль у нумар. Яна сказала, што яна ў казцы. Насамрэч так яно і ёсьць. Я магу паверыць”.

“Натальля мала з кім размаўляе”

Натальля Аліева жыве ў менскім гатэлі “Эўропа”. На жаль, зьвязацца з ёй ці з яе маці не ўдалося: Натальлі забаронена размаўляць з прэсай. Адміністратарка гатэлю спрабавала зьвязаць мяне па тэлефоне з Натальляй:

“На жаль, яна ня хоча размаўляць з вамі. Зараз зьняла слухаўку. Яна вельмі выбарачна размаўляе. Вельмі мала з кім. Таму мы вымушаны паведамляць кожны раз, хто тэлефануе.”
XS
SM
MD
LG