Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Начная аБЛОГа 4 верасьня


Зьміцер Падбярэскі, Менск Агляд беларускага сеціва

Сёньня ў Салігорску і Нясьвіжы прайшлі суды над актывістамі незарэгістраванай арганізацыі "Малады Фронт" Іванам Шылам і Настай Азаркай. Іх абвінавачвалі паводле крымінальнага артыкулу "Удзел у дзейнасьці незарэгістраванай арганізацыі". Суд аштрафаваў Насту Азарку на на 1 мільён 240 тысяч рублёў, Івану Шылу вынесьлі папярэджаньне.

Вось як адгукаюцца на гэта наведнікі газэты “Наша Ніва”:

Ліс: «Ганьба краіне, якая судзіць моладзь за яе погляды... Дзякаваць Богу, што гэта адбываецца не пад бел-чырвона-белым сьцягам».

Liusterka: “Часы паўтараюцца! Пераемнасьць пакаленьняў палітычных вязьняў і іх катаў: Эрнэст Сабіла сустрэўся ў Нясьвіжы з маладафронтаўкай Настай Азаркай, унучкай вязьняў ГУЛАГу Аляксандра і Марыі Азаркаў, якую судзяць за працяг справы сваіх дзядоў».

XXXX: “Пры чым тут Божа? Што за енкі? Едзьце туды і падтрымайце моладзь! Блін, пацаны сам-насам з АМОНам, а рэха гэтых падзей толькі па сайтах перакотваецца».

Вярхоўны суд Беларусі пачаў разгляд справы аб так званых «польскіх шпіёнах». Чатырох грамадзянаў Беларусі абвінавачваюць у здрадзе Радзіме, ім пагражае пазбаўленьне волі ад 7 да 15 гадоў. Яшчэ аднаго падсуднага апроч гэтага вінавацяць у шпіянажы. Паводле абвінавачаньня гэтыя грамадзяне займаліся агентурнай выведкай на карысьць польскіх спэцслужбаў. Пра затрыманьне групы «польскіх шпіёнаў» КДБ паведаміў у ліпені.

Навіна выклікала жывыя камэнтары на форуме парталу . bad2t іранізуе: “Чакаем далейшых шпіёнскіх скандалаў... Шпіёны з «Брыджстоўна» і «Мішлена» схоплены на прахадной «Белшыны» ў Бабруйску...» exe_BEAST: “Чарговы раз проста пудраць мазгі, каб адцягнуць грамадзкасьць ад надзённых праблем. А потым, калі пачнецца чарговы раўнд перамоваў наконт коштаў на энэрганосьбіты, зноў пойдуць канцэрты, сэнсацыі і выкрываньні!» AutoKoch: “Мне было сьмешна чытаць, што схоплены кіраўнік рэзыдэнтуры Польшчы пры амбасадзе ў момант перадачы інфармацыі ад агента. Агент, які вэрбуе, а тым больш рэзыдэнт ніколі не зносіцца з завэрбаванымі агентамі. Для гэтага маецца група забесьпячэньня... Гэта азы. І альбо ўся гісторыя ліпа, альбо вайсковы аташэ Польшчы ніколі ня быў рэзыдэнтам».

Сайт піша пра новую ініцыятыву вядомага сьвятара айца Юозаса Булькі з вёскі Мосар Глыбоцкага раёну, які плянуе запрасіць ананімных алькаголікаў зь Беларусі, Літвы і Латвіі, каб закласьці ў вёсцы алею цьвярозасьці. 7 кастрычніка на алеі працягласьцю сто мэтраў і шырынёй каля пяці мэтраў пасадзяць туі. Прыехаўшы ў Мосар каля 20 гадоў таму, сьвятар пачаў барацьбу зь п''янствам, у прыватнасьці перастаў пускаць у касьцёл тых, хто спажывае сьпіртное. Колькі гадоў таму ксёндз Булька стварыў першы ў Беларусі антыалькагольны музэй, у які мясцовыя самагоншчыкі здалі свае самагонныя апараты. У музэі таксама зьберагаюцца завераныя ў сельсавеце і падмацаваныя пячаткай расьпіскі жыхароў вёскі аб тым, што яны адмовіліся ад сьпіртнога.

Ва ўласным карыстальнік shtolik зьмясьціў фота бутэлькі гарэлкі, якую ён пабачыў у краме. Называецца гарэлка “Кастусь”, а на этыкетцы пазначана: “Бадзёры напой для усіх, хто ведае гісторыю. У няспыннай плыні дзён не забывай продкаў. Любі сваё!” “Ззаду так і напісана. "Target group”: электарат Мілінкевіча-Пазьняка", — адзначае shtolik.

Блогер belnetmon ва ўласным расказаў пра тое, якімі сродкамі дасягаюцца ў Беларусі незвычайныя эканамічныя паказьнікі: “На прыпынках стаяць шапікі індывідуальных прадпрымальнікаў. І вось, як звычайна, зь іх дапамогай дадумаліся вырашыць фінансавыя цяжкасьці менскага гадзіньнікавага заводу "Прамень", а менавіта: далі ім гвалтам (зразумела, прымусілі набыць) партыі гадзіньнікаў гэтага цуда-прадпрыемства».

Дасылайце свае ідэі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце смс-паведамленьні на нумар 391-22-24.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG