Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прынамсі 9 маладых актывістаў засталіся да суду ў Салігорскім пастарунку


Севярын Квяткоўскі, Салігорск Прынамсі дзевяць моладзевых актывістаў засталіся ў Салігорскім пастарунку, куды іх сёньня ранкам даставілі за “несанкцыянаваны пікет” перад будынкам суду, дзе праходзіў працэс над маладафронтаўцам Іванам Шылам паводле абвінавачаньня ва ўдзеле ў незарэгістраванай арганізацыі. Сярод затрыманых сёньня ў Салігорску – Маўлюда Атакулава, Тацяна Буланава, Франак Вячорка, Кася Галіцкая, Віктар Дзянісевіч, Алесь Каліта, Дзяніс Карноў, Зьміцер Хведарук і Зьміцер Ясевіч.

Прысуд Івану Шылу – папярэджаньне –быў вынесены каля 18-й гадзіны. Такая форма прысуду прымяняецца да непаўналетніх. Гэта значыць, што ў Івана Шылы цяпер ёсьць судзімасьць. Судзьдзя таксама паведаміла, што ў Івана Шылы канфіскаваны жорсткі дыск кампутара, будуць зьнішчаныя значкі і іншая агітацыйная прадукцыя, якая таксама была ў яго канфіскаваная.

Таксама застаецца ў сіле падпіска аб нявыезьдзе – да моманту, пакуль рашэньне суду ўступіць у законную сілу. Гэта значыць, што на працягу пяці дзён Іван яшчэ мае атрымаць пісьмовае абгрунтаваньне прысуду. На працягу 10 дзён пасьля гэтага ён мае права на абскарджаньне.

Адразу пасьля суду больш за дваццаць чалавек з тых, што прысутнічалі на судзе, у тым ліку і Іван Шыла, накіраваліся ў бок салігорскага райаддзелу міліцыі. Яны перадалі затрыманым перадачы.
XS
SM
MD
LG