Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парэчча: “Цяпер ніхто нікому не падпарадкоўваецца. Можна і паслаць на тры літары”


Зьміцер Бартосік, Парэчча, Докшыцкі раён (эфір 4 верасьня)

У красавіку 1944 году, калі фронт імкліва каціўся на Захад, ля вёскі Парэчча група савецкіх партызан заклала міну. На ёй падарваўся нямецкі патруль. Ніводзін гітлеравец не пацярпеў. Загінулі толькі коні. Фашысты вырашылі пакараць жыхароў Парэчча.

Паслухаем найстарэйшую жыхарку вёскі.



Старая: “Разарвала міна двух коней. І за гэтых двух коней расстралялі восем чалавек. За іхных конскіх восем ног нашых парэцкіх восем чалавек расстралялі. Расстралялі 29 красавіка, а 1 мая акружылі нашу вёску і спалілі. Нас на машыны — і ў Сітцы адвезьлі. Там быў лягер вялікі. Для ваеннапалонных.

Мы там чатыры тыдні сядзелі. І немцы маладых людзей нашых хацелі адвезьці ў Нямеччыну, а старых і дзяцей расстраляць. Ужо сказалі яму капаць. Але з нашай вёскі быў чалавек, у немцаў у паліцыі. Тады нас не расстралялі. Адпусьцілі нас.

Вось якая была ў нас трагедыя вялікая. Ня дай Бог, як мы пагаравалі. Во як было. Надта цяжка ўспамінаць... Плакаць хачу”.



Парэчча — вёска ня проста прыгожая. Яна нагадвае пастаральны пэйзаж. Дзьве вузенькія вулачкі зь ярка расфарбаванымі дамкамі. Ледзь ня кожны падворак патанае ў кветках.

Ва ўсім адчуваецца прага жыцьця і працы, хаця ў Парэччы ўжо не засталося людзей працоўнага веку. Тут жыве пара дзясяткаў пэнсіянэраў. І амаль усе яны ў дзяцінстве рыхтаваліся да сьмерці.

Вось, напрыклад, прыгожая сямейная пара завіхаецца каля сваёй пасекі. Часлаў, дабрадушны румяны стары, і ягоная жонка Ганна, невысокая жвавая старая.



Часлаў: “Першага мая прыехалі, вёску абкружылі. Хто коней запрагаў сваіх — а хто ня меў коні, машыну давалі. І ў Сітцы, у лягер. А вёску ўсю спалілі. Ушчэнт”.

Карэспандэнт: “Дык вас выратаваў афіцэр Беларускай краёвай абароны? А прозьвішча ягонае? Імя?”

Часлаў: “Рачыцкі. Мечык”.

Ганна: “Ён сказаў, што “Я тады са сваім войскам пайду на вас, калі вы маіх братоў, сёстраў пастраляеце”.

Карэспандэнт: “Гэта ён казаў немцам?”

Ганна: “Так. З гэтым афіцэрам як гаварыў? Казалі, пісталеты навёўшы адзін на другога”.

Стараста вёскі Антон Стычнеўскі, стары прыгажун і весялун, таксама быў у тым лягеры.



Антон: “Плян быў такі. Мы ўжо яму выкапалі. Старых расстраляць, а моладзь у Нямеччыну. Але адзін зь вёскі працаваў у самаахове. Армія такая была, самаахова. Беларуская нацыянальная армія, каторая за немца ішла. Ён пры Польшчы гімназію скончыў, пісьменны, капітана званьне меў. Рачыцкі”.

Імя Мечыслава Рачыцкага, не паліцая, а кіраўніка акруговага Саюзу беларускай моладзі, у Парэччы памятаюць і шануюць. Інакш не складалі б легендаў пра тое, як ён бараніў сваю вёску. У спадара Антона свая вэрсія:

Антон: “Ён зайшоў, у яго карабін быў нямецкі. А перакладчык быў украінец. І гэты перакладчык стаў хлусіць. На нас цень накладваў. І ён яму чыста па-нямецку секануў: “Чаму нямецкі афіцэр, камэндант трымае такога здрадніка?” Дык ён пісталет узяў, па галаве даў, і яго ўвязьлі. Перакладчыка”.

Да гэтае пары спадар Антон ня можа забыцца на нямецкі парадак.

Антон: “У нас была гуся, сядзела на лаўках. Яна выседжвала гусянят. Дык мы кінулі. Абразы вынесьлі, што маглі. А гэтую гусю мы кінулі. Дык немец прывез нам у лягер. Настолькі быў гаспадарны, што прывез нам гусю: “Пан, забяры гэтую гусю”.

Карэспандэнт: “Гэта такі быў парадак?”

Антон: “Мы хадзілі на работу, хадзілі хлеб атрымліваць, дык немец курэй гадаваў. Нас вадзіў паказваць. Салдат. Яны ж тут стаялі...”

Карэспандэнт: “Ну, малайцы, канечне. Восем чалавек расстралялі, а гусь прынесьлі”.

Антон: “А пры чым “расстралялі”? Гэта ж верх. Такі закон”.

Парэчча стаіць на востраве. Як у Мележавым рамане. З аднаго боку да вёскі падыходзіць рака Сэрвач, за якой пачынаецца густы лес, дзе ў вайну гаспадарылі партызаны. З другога боку вёскі балота, празь якое пракладзеная грэбля.

У пераломным для Віленшчыны 1939-м Парэччу пашанцавала. Адсюль ня вывезьлі, са словаў старасты, ніводнага чалавека. Засталіся толькі анэкдоты.

Антон: “Як прыйшлі ў 1939 годзе нашыя асвабадзіцелі, ну і зрабілі сход. Ну і хто выступіць? Дык адзін быў, многа дзяцей меў, парабкам у пана працаваў. Ён выйшаў на трыбуну і ня ведае, што казаць. Дык кажа: “Нас паны білі бізунамі”. Дык усе як зарагаталі, уся публіка. Ніколі пан не падняў рукі на людзей. А гэта ж палітыка была, што “паны бізунамі білі”.

Пачуўшы, як мы гутарым пра пана, да размовы далучылася Антонава жонка — мажная, галасістая і жыцьцярадасная.



Жонка: “Мой татка ў яго служыў. І ён яму плаціў у месяц сем пудоў дабра, на карову даваў кармоў, дровы забясьпечваў тату. І мама хадзіла падзённа. Хацелі зямлі купіць. Пяць гектараў — гэта мала. Хацелі яшчэ купіць. Перад вайной перад самай зямлю купілі. А так ішлі людзі на падзённае, аплачваў. Ня гэта, што кажуць — “біў бізунамі”. Як я гэта чую... Нават маме падарункі даваў і тату. Ён такі быў працавіты”.

Антон: “Яшчэ раскажу адзін анэкдот. “Хто выступіць, хто выступіць?” Шапка круглая, энкавэдыст нейкі. Ну і там бедны, у сярмяжцы стаяў мужык. Гаворыць: “Сонца з Усходу ўзышло. Але штосьці яго туманом зацягвае”. Дык гэты энкавэдыст яго за падол: “Таварышы, ён не таго!” За сярмяжку пацягнуў: “Ён не таго, ненармальны”.



Панскі двор знаходзіўся ў недалёкай адсюль вёсцы Кіякі. Колішнія панскія кароўнікі, чырвонай цэглы помнікі прамысловай архітэктуры, да гэтае пары стаяць, як толькі пабудаваныя. Адрозна ад калгасных каровіных баракаў.

Аб прыгнёце панскім згадвае колішняя панская батрачка, а пасьля савецкая калгасьніца, 84-гадовая згорбленая, амаль глухая, але зь вельмі жывымі вачыма, спадарыня Леанарда.



Леанарда: “Неблагі быў наш пан. Ня можна было сказаць, што ён быў благі. Якія ў яго служылі, горшыя былі. Як ты адпачываеш — сядзіш. Устаеш, як ён ідзець. “Спачывай, спачывай”, — і пайшоў. А тады гэтага пана забралі, у Полацак павезьлі, там яго кароста сьціснула, і памёр”.

Карэспандэнт: “А калі было лепш? За панам ці за саветамі?”

Леанарда: “За панам трэба было ў час, сэкунда ў сэкунду выйсьці на работу. Не пайшоў, ён табе ўжо ў новым годзе адмовіць месца. А цяпер самаўпраўе. Цяпер ніхто нікому надта і не падпарадкоўваецца. Можна і паслаць на тры літары. Цяпер добра жывецца. Няма што казаць”.

Самае цікавае, што ня ўсім у Парэччы жывецца так добра і вясёла, як спадарыні Леанардзе. Завітаўшы ізноў да Часлава і Ганны, каб купіць мёду, я засьпеў іх за праслухоўваньнем нашага радыё. Вось сапраўды ня ведаеш, дзе знойдзеш удзячных слухачоў.



Ганна: “Большасьць у нас любяць Лукашэнку”.

Карэспандэнт: “А за што?”

Ганна: “І цяпер яго любяць. А мы ня ведаем, за што. Няма за што. За цемнату, вось за што. Што цёмныя людзі. А мы ні разу не галасавалі, але ж нічога не паправім. Беларусы — людзі такія мяккія. Рускія і тое, больш упартыя такія”.

Часлаў: “У нас жа многа рускіх засталося пасьля вайны”.

Ганна: “Яны абрусілі гэту Беларусь, і ўсё”.

Часлаў: “Дык куды ж мы дзенемся тады? І прэзыдэнт рускі, і асноўныя рускія. Вазьміце Прыбалтыку. На Захад вярнулася. А ў нас зусім іншае. Гняздо камуністаў, і ўсё. Усе зьехаліся сюды”.

Карэспандэнт: “А ёсьць любімыя перадачы ў вас на “Свабодзе”?

Часлаў: “Як маем час, дык слухаем”.

Ганна: “Слухаем мы ўсё”.

Часлаў: “Звычайна а шостай гадзіне мы падвячорак робім і ўключаем радыё. Навіны пачынаюцца”.

Ганна: “Толькі ж са “Свабоды” ўсё і ведаем. А з гэтага нічога. Толькі хваляць самі сябе і ўсё. А там мы толькі праўду даведваемся, дзе што робіцца. За тое мы яе і слухаем, што чуем праўду. І дзякуй гэтым людзям, што працуюць”.

Карэспандэнт: “А вы не спрачаецеся са сваімі аднавяскоўцамі на палітычныя тэмы?”

Часлаў: “Бывае, калі паспрачаесься, але...”

Ганна: “Бывае. Да мяне ж тут падруга прыходзіць. Маўчыць. Як я стану гаварыць на парадак наш, маўчыць. А пасьля будзе казаць: “Мы ніколі гэтак ня жылі”. А пасьля ляціць грошы пазычаць. Няма грошай. А што гэта за прычына, што маладыя людзі ня могуць зарабіць сабе грошай, каб мець на пражытак? Вось цемната гэткая, і ўсё”.

Вёска Парэчча рана ці позна зьнікне. Бо працягваць род тут няма каму. Але нават паміраць Парэчча будзе з дасьціпным жартам. Слова Антону Стычнеўскаму.

Антон: “Хочуць сьцерці грань паміж вёскай і горадам. Дык вёску сьцерлі. Таму што цяпер аграгарадкі ўзяліся будаваць, а вёскі сьцерлі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG