Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наста Азарка: “Якім бы ні быў прысуд, я працягну сваю дзейнасьць”


Алег Грузьдзіловіч, Нясьвіж Суд аштрафаваў на 1 мільён 240 тысяч рублёў актывістку “Маладога фронту” Насту Азарку. Доказам яе віны палічылі галадоўку салідарнасьці і ўлёткі “Я люблю Беларусь!”. Пасьля суду актывістка заявіла, што ня спыніць сваёй дзейнасьці.

Спакой старажытняга Нясьвіжу, ветлівыя людзі на вуліцах, упрыгожаных кветкамі... Усё гэта кантраставала з атмасфэрай вакол Нясьвіскага суду, які сёньня вартавалі дзясяткі міліцыянтаў і мужчынаў у цывільным. А ў суседнім будынку мясцовай міліцыі былі яшчэ некалькі дзясяткаў спэцназаўцаў.

Гэтак раніцай пачаўся суд над актывісткай “Маладога фронту” Настай Азаркай. Дзяўчыну абвінавачвалі ва ўдзеле ў незарэгістраванай арганізацыі, ёй пагражала да 2 гадоў зьняволеньня.

Праўда, прадстаўнік пракуратуры Ігар Пахольчык вырашыў абмежавацца штрафам — папрасіў для Насты Азаркі штраф на 500 базавых велічыняў, гэта болей за 7 тысяч даляраў.

Дзяўчыну гэткая пэрспэктыва не спужала, як і верагоднасьць трапіць у турму. Ва ўсялякім разе так казала Наста журналістам. Яе калегі з “Маладога фронту” ў гэты момант выказвалі ёй сваю падтрымку. Відаць было, што вельмі перажывалі за дзяўчыну.

У перапынку перад агалошаньнем прысуду я заўважыў, што нават сьведкі-міліцыянты з павагай ставяцца да Насты Азаркі. Чаму ж распачаўся гэты працэс, спытаў я ў актывісткі?

“Камусьці зьверху трэба, каб мяне таксама асудзілі. А тут у Нясьвіжы ўсе ведаюць, што я гэтым займалася і буду гэтым займацца. Тут маленькі горад, усе ведаюць адзін аднаго, няма варожасьці паміж апазыцыяй і міліцыяй. Проста кожны робіць сваю справу”.

Адвакат актывісткі Аляксандар Галіеў у сваёй прамове выказаў меркаваньне, што артыкул аб адказнасьці за ўдзел ў незарэгістраванай арганізацыі ў Крымінальным кодэксе супярэчыць Канстытуцыі і міжнародным забавязаньням, якія ўзяла на сябе Беларусь.

Адвакат крытычна прааналізаваў доказы, якія падало сьледзтва. “У дзеяньнях Насты Азаркі, хаця яна часткова прызнала сябе вінаватай, не было складу злачынства. Таму яе трэба цалкам апраўдаць”, — заявіў адвакат Аляксандар Галіеў.

Аднак судзьдзя Марына Дунаева прызнала актывістку “Маладога фронту” Насту Азарку вінаватай і аштрафавала. Зазначу, што раней судзьдзя зачытала сьпіс матэрыялаў, якія былі сканфіскаваныя з кватэры Насты Азаркі. Судзьдзі давялося прачытаць і такі радок: “Брашура: “Якім судом вы судзіце, такім і вас судзіць будуць”.

Сярод сканфіскаваных у актывісткі матэрыялаў былі ўлёткі “Я люблю Беларусь” і плякат “Свабоду Зьмітру Дашкевічу”.

Падтрымаць Насту Азарку прыехалі Павал Севярынец, праваабронцы, актывісты дэмакратычнага руху рознага веку. Калі Наста з кветкамі ў руках выйшла з суду, яе сустрэлі авацыяй.

Наста Азарка паведаміла радыё Свабода:

“Я пляную працягваць і надалей тое, што раблю цяпер”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG