Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Сацыяльны марш” пройдзе 4 лістапада


Уладзімер Глод, Менск Масавыя пікеты супраць адмены сацыяльных ільготаў, перадача дэпутатам Палаты прадстаўнікоў подпісаў за захаваньне сацыяльных гарантыяў і масавы мітынг — вось тры галоўныя задачы “Сацыяльнага маршу”, які ладзяць дэмакратычныя сілы Беларусі. Пра гэтыя ды іншыя мерапрыемствы ў рамках “Сацыяльнага маршу” сёньня апавялі ягоныя арганізатары.

Валеры Ўхналёў, старшыня арганізацыйнага камітэту “Сацыяльнага маршу”, абвясьціў дакладныя даты галоўных акцыяў.

30 верасьня заплянавана больш як трыста пікетаў па ўсёй Беларусі. 2 кастрычніка дэпутатам тых выбарчых акругаў, дзе зьбяруць значную колькасьць подпісаў, перададуць патрабаваньне выбарцаў захаваць сацыяльныя гарантыі. А 4 лістапада ў Менску плянуюцца дэманстрацыя і мітынг.

Актыўна ўдзельнічаць ва ўсіх акцыях зьбіраюцца многія прадпрымальнікі, паведаміў бізнэсовец з Барысава Віктар Гарбачоў. Настрой калегаў ён тлумачыць так:

“Няма сэнсу цяпер аддзяляць прадпрымальнікаў ад іншых катэгорыяў нашых грамадзянаў. У мяне маці — пэнсіянэрка, дачка — студэнтка. І пазбаўляючы іх ільготаў, дзяржава закранае і мае інтарэсы.

Акрамя таго, мы не забываемся, што існуюць два ўказы, якія закранаюць нашы сацыяльныя правы. Гэта таксама вельмі важная праблема. І вось гэта вымушае прадпрымальнікаў падцягвацца да іншых катэгорыяў насельніцтва. Прадпрымальнікі ня змогуць адстаяць сваіх інтарэсаў, калі яны ня будуць кансалідавацца з палітычнымі партыямі, грамадзкімі аб’яднаньнямі”.

Удзельнік ліквідацыі аварыі на Чарнобыльскай АЭС Аляксандар Ваўчанін гаворыць, што да актыўных дзеяньняў ягоных сяброў штурхае нежаданьне ўладаў весьці дыялёг:

“Нас ня хочуць пачуць у нашай дзяржаве. І калі я зьвярнуўся да Натальлі Пяткевіч, намесьніцы кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі, з прапановай сесьці за стол перамоваў (мы ж не чужыя для сваёй дзяржавы), з намі размаўляць адмовіліся.

У нас былі канкрэтныя прапановы, якія дзяржава, зыходзячы з эканамічнага стану, мусіла прыняць. Але ўлады зрабіць гэтага не захацелі. Дык, што, яны хочуць, каб на “Сацыяльны марш” прыйшлі чарнобыльцы ды паклалі свае пасьведчаньні ды мэдалі?! Гэтага дамагаецца дзяржава?”

Валеры Ўхналёў падкрэсьліў: “Сацыяльны марш” ня скончыцца 4 лістапада. Гэта толькі пачатак вялікай акцыі дзеля зьмены сацыяльнай палітыкі ў Беларусі.

• Ці змогуць маршы апазыцыі паўплываць на грамадзка-палітычную сытуацыю ў краіне?, 16.08.2007
XS
SM
MD
LG