Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Апытаньне “Свабоды”: ці справядлівая ў Беларусі пэнсійная сыстэма?


Іна Студзінская, Менск Ці лічаць пажылыя людзі справядлівай пэнсійную сыстэму Беларусі? Чаму? Гэтыя пытаньні наша карэспандэнтка задавала сталічным пэнсіянэрам

Спадарыня: “З аднаго боку, справядлівая, а зь іншага — не. Хтосьці зусім не працаваў, хтосьці ўсё жыцьцё працаваў, а пэнсія аднолькавая. Вось ў мяне муж кандыдат навук, я — не, і ён атрымлівае такую ж пэнсію, як і я”.

Спадар: “Ніколі. Таму што пэнсія мізэрная, ходзім, бутэлькі зьбіраем. Днём і ноччу”.

Карэспандэнтка: “А колькі ў вас гадоў стажу?”

Спадар: “Трыццаць гадоў прапрацаваў на шкоднай вытворчасьці, на трактарным заводзе — сталяварам, мулярам. І хаджу па бункерах, зьбіраю бутэлькі. Бабулі, дзядулі таксама зьбіраюць”.

Дзядок: “У некаторай ступені справядлівая”.

Спадар: “Не, таму што цяпер да пажылых людзей Лукашэнка стаў адмоўна ставіцца”.

Спадарыня: “Я атрымліваю нібыта добрую пэнсію. Але дазволіць сабе паездку куды-небудзь, якаснае лячэньне я не магу”.

Бабуля: “Лічу несправядлівай. Атрымліваю 140 тысяч пэнсіі, таму што ў свой час была звольненая з-за хваробы. Ці ж гэта справядліва?”

Спадар: “Я вэтэран працы і лічу, што трэба было дадаць не 7%, а хаця б 15%. Я заслужыў пэнсію большую”.

Карэспандэнтка: “Ці лічыце вы пэнсійную сыстэму Беларусі справядлівай?”

Спадарыня: “Канечне, не. Сорак гадоў аддаць дзяржаве і атрымліваць капейкі — па-мойму, гэта нікому не падабаецца”.

Спадар: “Я зарабіў пэнсію падвышаную за шкодныя ўмовы працы. І Лукашэнка пазбавіў мяне гэтага дадатку. За што?”

Спадарыня: “Дзе ж яна справядлівая? Усё жыцьцё прайшло на вытворчасьці. Я прапрацавала сорак адзін год, атрымліваю 316 тысяч пэнсіі. За кватэру трэба 120 тысяч заплаціць. А потым як жыць?”

Спадар: “Не, канечне. Слаба дапамагаюць пэнсіянэрам. Ледзь канцы з канцамі сточваем”.

Спадарыня: “Я думаю, што не зусім справядлівая сыстэма. Але калі ўзяць краіны СНД — Малдову, Украіну, дык у нас яшчэ больш-менш, можна пражыць. А там наагул катастрофа”.

Бабуля: “Не, пэнсійная сыстэма няправільная, пакуль несправядлівая”.

Спадарыня: “Не, гэта вельмі несправядліва. Ён наагул забыўся пра пэнсіянэраў. Нельга так”.

Спадар: “Не, таму што пэнсія мізэрная. Я заслужаны трэнэр Рэспублікі Беларусь. Атрымліваю такую ж самую пэнсію, як і прыбіральшчыца. Справядлівасьці няма”.
XS
SM
MD
LG