Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Каб сеяць разумнае і добрае, трэба даць добрыя заробкі настаўнікам”


Міхал Карневіч, Горадня Якую праблему беларускай сыстэмы адукацыі вы лічыце самай важнай? З такім пытаньнем да мінакоў наш карэспандэнт зьвяртаўся сёньня на вуліцах Горадні.

Спадарыня: “Як на мой погляд, галоўнае, што ўвялі дванаццацігадовую адукацыю, а праграмы ніхто з настаўнікаў так і ня бачыў, ня ведае, як яна выглядае. І вось мы былі ў сёмай клясе, а настаўнікі так і ня ведалі, ці ў нас адзінаццацігадовая, ці дванаццацігадовая адукацыя. Міністэрства само нешта ўводзіць, але ня ведае — што. Вось захацелі і ўвялі, ні з кім ніхто ня раіўся, нічога не абмяркоўвалі. І што далей?”

Спадар: “Даводзіцца дзіцяці наймаць рэпэтытара, бо таго, што даюць у школе, недастаткова, каб дзіця магло потым паступіць у ВНУ”.

Спадар: “Мне здаецца, каб сеяць разумнае, добрае, вечнае, трэба даць добрыя заробкі настаўнікам”.

Хлопец: “Вось я скончыў дзьве вышэйшыя навучальныя ўстановы й нікому не патрэбны”.

Карэспандэнт: “А ўсё ж у самой сыстэме адукацыі якая праблема самая важная?”

Хлопец: “Сыстэма такая, што выкладаюць шмат непатрэбнага. Я калі б быў выкладчыкам, праводзіў бы заняткі па-іншаму. Нас вучылі таму, што потым у жыцьці не спатрэбіцца”.

Карэспандэнт: “І як вы б выкладалі?”

Хлопец: “Выкладчыку трэба быць бліжэй да жыцьця, да тае спэцыяльнасьці, якой ён нас навучае. Я вывучаў пад’ёмныя краны, а мне пра іх амаль нічога не казалі”.

Студэнт: “Самая важная праблема ў тым, што цяжка знайсьці неабходную інфармацыю пры падрыхтоўцы да заняткаў, не стае падручнікаў і дадатковай літаратуры. У нас бедныя бібліятэкі”.

Спадарыня: “Раней мы вучыліся ў школе, а потым гэта замацоўвалі ў хаце. А цяпер наадварот: вучымся ў хаце, а замацоўваем у школе”.

Карэспандэнт: “Патлумачце, калі ласка, вашыя словы”.

Спадарыня: “Сёньня ў хаце ўсе займаюцца з рэпэтытарамі, з бацькамі, а мы раней вучыліся ў школе й выконвалі хатняе заданьне без бацькоўскай дапамогі, бо бацькі працавалі. А цяпер дзеці нават не разумеюць, што напісана ў падручніках. Зрэшты, ня кожны дарослы чалавек зможа ў іх разабрацца”.

Дзяўчына: “На мой погляд, сучасная моладзь практычна не цікавіцца навукай, не цікавіцца роднай мовай. Яны імкнуцца пагуляць, пасядзець за кампутарам, паслухаць музыку, а на вучобу ў майго пакаленьня не стае часу”.

Дзяўчына: “Мне здаецца, усё залежыць ад асобы настаўніка: наколькі цікава ён выкладае, настолькі зацікаўленыя будуць дзеці”.

Ейная сяброўка: “Недахоп у тым, што нам выкладаюць спэцпрадметы й тыя, якія можна назваць другаснымі, — напрыклад, ідэалёгія. Дык вось, часам выкладчыкі больш патрабуюць ведаў па тых другасных прадметах, а галоўныя застаюцца па-за ўвагай”.
XS
SM
MD
LG