Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў: на барацьбу з апазыцыяй кінутыя пажарнікі


Радыё Свабода Камісія магілёўскай управы Міністэрства надзвычайных сытуацыяў пакарала грамадзкага актывіста Зьмітра Салаўёва штрафам на пяць базавых велічыняў — гэта 155 тысяч рублёў. Фармальная падстава — парушэньне правілаў пажарнай бясьпекі ў лесе. Тыдзень таму Зьмітра Салаўёва ды іншых апазыцыйных актывістаў падчас сходу ў лесе затрымала міліцыя.

Паводле інспэктара ўправы Сяргея Падабаева, Зьміцер Салаўёў расклаў вогнішча ў пажаранебясьпечны пэрыяд. Як высьветлілася, існуе распараджэньне аблвыканкаму, якое раіць грамадзянам не наведваць лес у гэты час.

У мінулы чацьвер Зьмітра ды іншых актывістаў затрымаў узмоцнены нарад міліцыі ў лесе непадалёк ад Магілёва. Іх гвалтам заштурхнулі ў службовую машыну і даставілі ў Магілёўскі раённы аддзел міліцыі. Пратрымалі больш за тры гадзіны.

На волю яны выйшлі пасьля таго, як інспэктар магілёўскай управы Міністэрства надзвычайных сытуацыяў, якога выклікалі міліцыянты, ня склаў пратаколу на Зьмітра Салаўёва.

Зьміцер Салаўёў кажа, што ў лесе яны зьбіраліся абмеркаваць стан моладзевага руху ў Магілёве.

“Гэта затрыманьне было палітычным. На затрыманьне прыехала зводная рота хуткага рэагаваньня, якая створаная менавіта дзеля барацьбы зь іншадумствам. На працягу амаль трох гадзінаў у РАЎСе нас не маглі падвесьці ні пад адзін артыкул, бо мы не парушалі ніякага заканадаўства. На словах нас абвінавачвалі ў адным — то бок, у раскладаньні вогнішча, а пакаралі за забароненае наведваньне лесу”, — зазначыў “Свабодзе” Зьміцер Салаўёў.

Падчас затрыманьня маёр Сяргей Андрэенка некалькі разоў ударыў у шыю і сьпіну незалежную журналістку Ганну Ільіну. Яна патрабавала патлумачыць, за што яе затрымліваюць. Судмэдэкспэрты зафіксавалі на целе журналісткі некалі гематомаў.

У пятніцу сьледчы магілёўскай раённай пракуратуры Ўладзімер Заенчык пачаў праверку фактаў са скаргі Ганны Ільіной. Яна вінаваціць міліцыянта ў перавышэньні службовых паўнамоцтваў.

“Перш за ўсё мяне ўразіла, як сьледчы ня мог знайсьці ўвогуле канцоў гэтай справы. Яму спатрэбілася зрабіць, можа, дзясятак званкоў, каб адшукаць пратакол, які склаў гэты пажарнік. Сьледчы, канечне ж, паабяцаў распачаць справу супраць міліцыянта. Я спадзяюся, што ён будзе пакараны, хаця і ня веру ў справядлівасьць нашага суду”, — зазначае Ганна Ільіна.

• Магілёў: сямёра актывістаў на волі, 30.08.2007 • Магілёў: журналістка спрабуе прыцягнуць да адказнасьці міліцыянта, 31.08.2007
XS
SM
MD
LG