Лінкі ўнівэрсальнага доступу

М.Статкевіч: “Рэпрэсіі супраць маладафронтаўцаў ініцыюе прарасейскае лобі ў спэцслужбах”</b<


Віталь Цыганкоў, Менск Сёньня пачнуцца суды над двума маладафронтаўцамі — Настай Азаркай зь Нясьвіжу й Іванам Шылам з Салігорску. А 10 верасьня будуць судзіць Яраслава Грышчэню ў Баранавічах. Іх усіх абвінавачваюць ва ўдзеле ў незарэгістраванай арганізацыі. Навошта ўладам гэты працэс, якія групоўкі яго ініцыююць? Пра гэтую галоўную падзею дня наш аглядальнік Віталь Цыганкоў размаўляе з палітыкам, былым палітычным вязьнем Міколам Статкевічам

Цыганкоў: “Якія мэты ставяць перад сабой улады, ідучы на гэты працэс? Відавочна, што гэтыя маладафронтаўцы ў сваіх гарадах не ўяўляюць непасрэднай пагрозы існуючага палітычнаму рэжыму? Што ўлады хочуць паказаць грамадзтву?”

Статкевіч: “На мой погляд, тут улада не выступае маналітам, як нешта цэласнае. Розныя ўладныя мэханізмы працуюць па-свойму, і гэта вызначаецца ўнутранай матывацыяй. Створаны вялізарны мэханізм падаўленьня, і ён павінен даваць нейкія вынікі – кагосьці трэба караць. Пры гэтым цэнтар прыняцьця рэпрэсіўных рашэньняў зьмяшчаецца ўсё ніжэй, а цэнтар прыняцьця адваротных рашэньняў, аб адмене рэпрэсіяў падняўся ўжо да ўзроўню самога Лукашэнкі.

Ёсьць яшчэ іншы чыньнік. На мой погляд, у справе “Маладога Фронту” існуе і зьнешні ўплыў, расейскі ўплыў. Не сакрэт, што ў беларускіх спэцслужбах існуе вялікае прарасейскае лобі. Хто ўваходзіць у гэтае лобі, можна зразумець па геаграфіі рэпрэсій супраць Маладога Фронту”.

Цыганкоў: “Ці можна сказаць, што на нейкіх этапах гэта рэпрэсіўная машына, якая часам жыве ўжо сама па сабе, можа ўступаць у супярэчнасьць з інтарэсамі самой улады, непасрэдна Аляксандра Лукашэнкі. Яму, напрыклад, трэба наладжваць дачыненьні з Эўропай, а яна сваімі рэпрэсіўнымі дзеяньнямі не дае?”

Статкевіч: “Безумоўна, і тут усплывае другая “машынка” (не “машына”, а “машынка”) – гэта Міністэрства замежных справаў. Калі ўжо вельмі прыціскае, яны ідуць “наверх” і просяцца – “трэба адпусьціць Севярынца, Статкевіча, вынесьці мяккі прысуд” і гэтак далей.

Таму я вельмі спадзяюся, што, калі ўжо ёсьць ранейшы прыклад з першым судом над маладафронтаўцамі, то і цяпер у гэтых дзяцей усё скончыцца хаця б штрафам. Я не спадзяюся на апраўдальны прысуд, бо фармальна ёсьць закон. А гэтыя дзеці не адмаўляюцца ад сваёй дзейнасьці, значыць “злачынца прызнаўся ў садзеянным” – прысуд мусіць быць пакаральным. Адзінае, спадзяюся, што ціск з боку тых сілаў, пра якія я казаў, ня будзе такім вялікім, і ўсё абыдзецца штрафам”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG