Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Польшчы: візыт беларускага чыноўніка ў Брусэль – гэта добры знак


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Эўразьвяз хоча прыручыць Лукашэнку – такі загаловак артыкулу ў сёньняшнім нумары папулярнай польскай штодзённай газэты “Dziennik”. У матэрыяле гаворыцца, што запрашэньне на канфэрэнцыю ў Брусэль намесьніка міністра замежных спраў Беларусі Валера Варанецкага нават у якасьці назіральніка – “гэта разварот на 180 градусаў у замежнай палітыцы Эўразьвязу”.

“Мы дамовіліся, што беларускі чыноўнік ня будзе выступаць, ня будзе сустракацца зь міністрамі замежных справаў краінаў Эўразьвязу. Беларусь парушае правы чалавека і ня можа браць удзел эўразьвязаўскай палітыцы суседзтва”, - цытуе газэта словы прадстаўніка Эўразьвязу ў справах замежнай палітыкі Крысьціяны Хохман і падкрэсьлівае, што “нягледзчы на такія тлумачэньні, запрашэньне ў Брусэль Валера Варанецкага – “гэта разварот на 180 градусаў у замежнай палітыцы Эўразьвязу”.

Чаму Брусэль вырашыў пайсьці на такія зьмены?

“Dziennik” падае меркаваньне Томаса Гомарта з францускага Інстытуту замежных спраў, які лічыць, што “Францыя, Нямеччына і Вялікабрытанія зразумелі, што Беларусь – гэта не расейская губэрня і што патрэбна іншая стратэгія ў дачыненьнях зь Менскам: больш кантактаў і паступовае “размываньне” рэжыму, бо ранейшая палітыка што да Беларусі скончылася поўнай паразай”.

Паводле газэты, запрашэньне ў Брусэль высокапастаўленага беларускага чыноўніка – гэта асабістая ідэя камісара ў справах замежнай палітыкі Эўразьвязу Бэніты Фэрэры-Вальднэр, якая нават “не кансультавалася ў гэтай справе з эўрапейскімі сталіцамі”.

“Новы курс Эўразьвязу добра ўспрымаюць краіны аб’яднанай Эўропы, а перадусім Польшча. У Менск пасьля працяглага перапынку хутка вернецца польскі амбасадар, а ад 10 сьнежня ў Польшчы пачне працу тэлеканал для Беларусі. Мы павінны мець магчымасьць сувязі зь беларусамі, бо жадаем суседняму народу ўсяго найлепшага. Візыт Варанецкага ў Брусэль – гэта добры знак”, - заявіў газэце прэсавы сакратар МЗС Польшчы Робэрт Шаняўскі.

• В.Варанецкі: “Запрашаем эўрапейскіх інвэстараў у стратэгічныя сфэры нашай эканомікі, 3.09.2007
XS
SM
MD
LG