Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Начная аБЛОГа 3 верасьня


Севярын Квяткоўскі, Менск Навіны беларускага сеціва

Блогер salihorsk нагадвае пра суд над моладзевым Іванам Шылам, які пачнецца ў Салігорску 4 верасьня. Школьніка судзяць па крымінальным артыкуле “за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі” “Малады Фронт”: “Калі вы надумалі ехаць у Салігорск,то прасьцей скарыстацца паслугамі прыватных фірмаў таксі”.

На сайце “Літара” разьмешчаныя вершы Насты Азаркі – маладафронтаўкі, якую будуць судзіць у адзін час з Іванам Шылам, але не ў Салігорску, а ў Нясьвіжы. Вершы “Не замінайце”:

“Вы – баязьліўцы. Вянуць ўжо вушы Ад вашых скавытаньняў, спадары, На чэзлы сьвет зімовае задухі У гэтай навальнічнае пары. Вы плюнулі на Адраджэньне -- Усё заглушыла вашых целаў сквапнасьць -- Зь ідэі вырабілі сьметнік, Дык не крычыце пра шаленства ўлады!..

Вас напужала ноччу навальніца, Вы выдахліся ў балазе прыгнёту… Не замінайце ж крокам Севярынца! Не замінайце Маладому Фронту!

Камэнтары:

“Магу памыляцца, але вышэйапублікаваныя вершы больш належаць грамадзка-палітычнай сфэры жыцьця, чым уласна літаратуры”;

“Гэта не палітыка, у вершах так складна чалавек можа пісаць толькі тое, што сапраўды закранае душу.А тое, што каханьне да Беларусі стала палітычнай справай—не паэты вінаватыя…”

У блогу Войшы Мілавіда абмяркоўваюць навіну пра тое, што палітыкі Анатоль Лябедзька і Сяргей Калякін “ледзь не загінулі ў аўтакатастрофе”. Палітыкі падкрэсьлілі, што ў аўтамабіля, на якімі яны вярталіся з Берасьця, аказалася незамацаванае кола, а выехалі яны на цалкам праверанай машыне без пашкоджаньняў. Блогер піша: “Нешта прыгадаў, як Лукашэнка й Шэйман былі расстраляныя пад Лёзнам у 94-ым...” Камэнтар: “Ня думаю, выбары далёка-далёка. Ніхто не страляў, дый , ведаючы асабіста абодвух, ня думаю, што яны маглі палічыць гэта вартым...”

czyk у сваім дзёньніку цытуе артыкул Паўла Севярынца, дзе палітык распавядае, як прасіў у краме “гарбату”, а яго не разумелі, і Павал Севярынец патрабаваў кнігу скаргаў. Блогер камэнтуе: “Такое размаўляньне нічым ня лепшае, чым беганіна з нацштандарам па Панікоўцы: карысьці нуль, сэнсу нуль, толькі пот ды понт. А што б здарылася, калі б у першай жа краме патлумачыць, што за гарбата такая, калі б проста усьміхнуцца прадавачцы й адкрыць таямніцу”. Водгукі:

“Так. Але, мы ж ня ведаем зь якой інтанацыяй сказала цётка Севярынцу. Калі ўсё, як мы думаем, то Паша моцна памыляецца. Ён павінен менавіта ўсьміхацца й тлумачыць”;

“Мяне бянтэжыць колькасьць спробаў: 4”;

“Каму, што трэба: каму -- гарбаты папіць, а каму -- упэўніцца, як усе кепска”.

Дасылайце свае ідэі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце смс-паведамленьні на нумар 391-22-24.
XS
SM
MD
LG