Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі ж нарадзілася Горадня?


Сяргей Астраўцоў, Горадня Сёньня адбыліся “Гарадзенскія чытаньні” з нагоды 880-х угодкаў Горадні. Яны пачаліся дакладам прафэсара Гарадзенскага ўнівэрсытэту Вячаслава Швэда. Выступ называўся “Горадня нарадзілася ў 1127 годзе”, хаця мясцовыя ўлады лічаць датай узьнікненьня паселішча 1128 год і зьбіраюцца адзначаць угодкі налета. Даклад Вячаслава Швэда выклікаў дыскусію, за якой сачыў наш карэспандэнт

“Гарадзенскія чытаньні” адбыліся ў Новым каралеўскім замку ў памяшканьні абласной бібліятэкі імя акадэміка Яўхіма Карскага. Як зазначыў адзін з прамоўцаў, горад узьнік якраз побач — на суседнім пагорку, дзе існуе частка Старога каралеўскага замку.

Першыя згадкі пра Горадню захаваліся ў Іпацьеўскім, а таксама ў Лаўрэнцьеўскім і Радзівілаўскім летапісах. Але паводле першага, датай заснаваньня трэба лічыць 1128 год, хаця два другія падаюць іншую дату — 1127.

Швэд: “Але чамусьці да сёньняшняга дня ў нас на рэклямнай прадукцыі, на плякатах, у некаторых публікацыях, у меркаваньнях гарадзенскай улады зьяўляецца памылковая дата — 1128 год”.

Гэтая дата была прынятая ў савецкі час, у 60-я гады. Як жа магла ўзьнікнуць памылка?

Швэд: “Праўда, дасьледчыкі часам заўважалі, як заўважылі і вы, што ў летапісах — Іпацьеўскім — 6636 год, у Радзівілаўскім — 6635 і такі ж год у Лаўрэнцьеўскім летапісе. Розьніца ёсьць. Гісторыкі вырашалі проста: розьніца таму, што летапісец памыліўся. Насамрэч летапісец ня мог памыліцца, за гэта ён мог і галаву страціць. Памылка атрымалася па-іншаму”.

Прафэсар Швэд мяркуе, што прычына памылкі ў тым, што летапісцы карысталіся розным летазьлічэньнем. Гісторык зазначыў, што 1127 год, як год узьнікненьня гораду, называюць беларускія энцыкляпэдыі і навуковыя выданьні. Навукоўцы зьвярталіся да мясцовай улады з прапановай зацьвердзіць годам заснаваньня Горадні менавіта 1127-ы, але ўлады вырашылі пакінуць усё па-ранейшаму і спалучыць у наступным годзе Дзень гораду з фэстам нацыянальных культураў.



На здымках: прафэсар Вячаслаў Швэд ля кніжнай выставы “Эўрапейскі горад над Нёманам”, якую прымеркавалі да “Гарадзенскіх чытаньняў”; гербам старажытнай Горадні зьяўляецца “Алень сьвятога Губэрта”, які сёньня можна ўбачыць у горадзе.
XS
SM
MD
LG