Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мартыралёг Свабоды: БАБАРЭКА Адам Антонавіч


Радыё Свабода Ад 1 верасьня на сайце “Мартыралёг Беларусі” --> http://www.martyraloh.org будуць друкавацца біяграмы ахвяраў камуністычных рэпрэсіяў - усяго каля 60 тысячаў імёнаў людзей, якія былі расстраляныя, зьняволеныя ў канцлягерах, высланыя зь Беларусі ў гады савецкага тэрору. Штодня ад 1 верасьня да 10 сьнежня - Усясьветнага дня правоў чалавека - у эфіры “Свабоды” мы будзем узгадваць адно імя, успамінаць пра адно жыцьцё, расказваць пра адзін лёс з сотняў тысячаў, абарваных камуністычным рэжымам. Сьпісы ахвяраў - на сайце martyraloh.org --> http://www.martyraloh.org - будуць даступныя праз сайт svaboda.org --> http://www.svaboda.org .

БАБАРЭКА Адам Антонавіч. (2(14).10.1899, в. Слабада-Кучынка Слуцкага пав., цяпер Капыльскі р-н -- 10.10.1938, Паўночлаг), празаік, літаратуразнавец. Вучыўся ў Слуцкай школе і Менскай духоўнай сэмінарыі (скончыў у 1918). Настаўнічаў на Случчыне. Удзельнік антыпольскага падпольля і партызанскага руху. У 1920 арыштаваны польскімі ўладамі. У 1922-27 вучыўся ў БДУ на этноляга-лінгвістычным аддзяленьні. Адначасова працаваў у рэдакцыі газ. «Савецкая Беларусь». Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў літаратурных аб‘яднаньняў «Маладняк» (1923) і «Ўзвышша» (1926). Публікаваўся з 1918. У 1925 выдаў кнігу «Апавяданьні». Распрацоўваў метадалагічныя прынцыпы літаратуразнаўства і эстэтыкі. Арыштаваны ГПУ БССР 25.7.1930 у справе «Саюзу вызваленьня Беларусі». 10.4.1931 асуджаны на 5 гадоў ссылкі, якую адбываў у Слабадзкім Кіраўскай вобл. і ў Кіраве (Вятка). Працаваў бухгалтарам. Тэрмін ссылкі быў падоўжаны на 2 гады ў адміністрацыйным парадку. Паўторна арыштаваны 24.7.1937 у рамках сфабрыкаванай маштабнай акцыі рэпрэсіяў супраць беларусаў, сасланых ОГПУ ў пачатку 1930-х г. Паводле пастановы «тройкі» па Кіраўскай вобл. ад 15.2.1938 атрымаў 10 гадоў зьняволеньня ў лягерах. Пакараньне адбываў у пас. Княж-Пагост Комі АССР. Памёр у Паўночным чыгуначным лягеры НКВД. Рэабілітаваны 4.7.1959. У Маскве жыве дачка Алеся. Літ.: Конан У. Адам Бабарэка: Крытычна-біяграфічны нарыс. -- Менск, 1976; Бабарэка Алеся. Слова пра бацьку // Скарыніч. -- Менск, 1999. Вып. 4.; Илькевич Н.Н. Адам Бабарека: арест -- лагерь -- смерть. Расправа со ссыльными белорусами в Кирове в 1937-1938 г.: Документальный очерк. -- Смоленск, 1999; Угасание. Письма Адама Бабареки из ссылки, тюрем и лагеря. Материалы к биографии /Сост. и вступ. ст. Н.Н.Илькевич. -- Смоленск, 2001; БП, т. 1; ЭГБ, т. 1; Саламевіч Я. Слоўнік псэўданімаў; Возвращенные имена.
XS
SM
MD
LG